УСТУП

УСТУП

Як? Чаму? Навошта?

Гэтыя пытанні ты, дарагі чытач, не раз задаваў не толькі бацькам, настаўнікам, а і самому сабе. Бо кожны, хто прыйшоў на гэтую зямлю, хоча ведаць — дзеля чаго? Намагаецца зразумець сэнс жыцця і сэнс быцця.

У гэтым пошуку сябе і сваіх каранёў важнае значэнне мае вяртанне да духоўнасці, да веры, да нашай хрысціянскай веры, якую шанавалі і абаранялі цягам больш за тысячагоддзе насельнікі зямлі беларускай. З гэтай верай ствараюць свой заўтрашні дзень і сённяшнія беларусы.

Але ж наш гістарычны шлях увабраў і тое, што было даўней — яшчэ да хрысціянства. Шмат стагоддзяў існавала язычніцтва, людзі шукалі магчымасць гарманічна жыць з прыродай і ў самой прыродзе. Пакланяліся сонцу, вадзе, зямлі, лесу, небу — усяму таму, ад чаго залежала іхняе жыццё, праца земляроба, што магло зрабіць чалавека багатым і шчаслівым. Сёння шмат з таго даўняга стала міфамі, легендамі, захоўваецца ў якасці народных звычаяў і свят.

Пярун. Ляля. Лада. Род. Купалле. Зюзя. Жыжа. Сварог. Жыцень... Не адно стагоддзе з імі жылі, на іхнім прыкладзе вучыліся быць добрымі, шанаваць бацькоў і старэйшых людзей. Дахрысціянская вера беларусаў была прасякнута культам дабра і культам продкаў. Гэтыя рысы захаваліся і пасля прыняцця хрысціянства.

Даўнія міфічныя героі нібыта клічуць зазірнуць за намітку гісторыі, за яе небакрай, каб даведацца: а што ж было там і тады, дзе і калі не было нас, сённяшніх, як і дзеля чаго жылі нашы далёкія продкі? Бо веданне сваёй гісторыі — гэта добры шанц не знікнуць у невядомасці, не растварыцца ў часам багацейшай і больш даследаванай гісторыі іншых народаў. Гэта выдатная магчымасць адчуць повязь часу, еднасць лёсу, адказнасць за тое, што было да нас, і за тое, што застанецца пасля нас.

А гэта дае выдатную магчымасць разам з іншымі будаваць наш агульны дом, у якім годна і ўтульна пачуваюцца ўсе. Дзе разам з будучымі, пакуль што невядомымі, героямі будуць жыць і тыя, хто быў да нас, хто спрыяў станаўленню беларускага народа, які з моцнай верай у свае сілы і сілу сяброўства, пад дабрадзейным покрывам хрысціянскай веры шукае і торыць сваю дарогу ў сусвеце.