ВЯЛЕС

ВЯЛЕС

Далёка за межамі Беларусі вядомы горад Брэст. Легенда сведчыць, што заснавальнікам яго стаў адзін багаты купец. Вёз ён свой тавар праз тутэйшыя балоты. Ды збіўся з дарогі, трапіў у такую багну, што вось-вось з жыццём развітаецца. Але не разгубіўся, пачаў масціць дарогу бяростаю ды бярозамі. Так і ўратаваўся разам з таварам. А каб аддзячыць вышэйшай сіле за спагаду, заснаваў капішча ў гонар бога Вяле2са, прынёс яму ахвяры. Неўзабаве на гэтым месцы вырас старажытны горад, названы Бярэсцем.

Хто ж быў шанаваны і спагадлівы Вялес, якога называлі яшчэ Воласам? Гэта адзін з самых старажытных дахрысціянскіх багоў. Нароўні са Сварогам і Перуном належаў да вярхоўных багоў дахрысціянскага пантэона. Свята Вялеса адзначалі 5 ліпеня па старым стылі. Вялесавым нябесным палацам было сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, што на Млечным Шляху. Калі галоўны бог багоў Пярун лічыўся богам князя і ягонай дружыны, дык Вялес — усяго іншага люду.

Вялеса называлі вялікім падземным богам, апекуном багацця, валадаром мудрасці, знаўцам чараў. Як уладар падземнага гаспадарства і трыдзесятага царства, ён загадваў таемным светам памерлых, дзе горы і дрэвы былі з чысцюткага золата. Меў статус вышэйшага суддзі, пераносіў душы памерлых з рэальнага свету ў небыццё, узважваў іх на шалях і абвяшчаў свой прысуд: накіроўвацца ім у рай ці ў пекла.

Волас — значыць, валахаты, касматы. Як магутны мядзведзь альбо чалавек у мядз¬веджай скуры. Высокага росту, плячысты, як сапраўдны волат, меў доўгія валасы і бараду. Часам, аднак, яго ўяўлялі старым згорбленым дзядком, кудлатым і трохвокім. У загадках называлі лысым валом, ягоныя выявы часам былі з бычынымі рагамі і місай малака ў руцэ. Паляўнічыя, калі збіраліся на мядзведзя, пераапраналіся ў скуру гэтага звера. Верагодна, спачатку Вялес быў боствам паляўнічай здабычы — «богам мёртвага звера». Але ўжо ў бронзавым веку, калі пачаліся перасяленні пастухоў, Вялес-мядзведзь стаў апекуном і свойскай жывёлы. Ці не за гэта ў «Аповесці мінулых гадоў» Вялеса назвалі «скоцій бог»?

Галоўным багаццем тады і нават грашыма лічылася свойская жывёла. Людзі з яе дапамогай апрацоўвалі зямлю. З яе атрымлівалі воўну, скуру і футра для адзення. Дзякуючы ёй сяляне мелі малако, сыр, масла, а майстры ды ўмельцы — рогі і косці. Лічыцца, што першапачаткова нават слова «багаты» азначала «мае бога», «карыстаецца заступніцтвам бога». А вось «убогі» значыла «пазбаўлены бога». З усіх усходніх славян найбольш шанавалі Вялеса беларусы. Дрэнных гаспадароў ён караў бедным ураджаем, а дбайных заахвочваў багатым. Сяляне ахвяравалі яму апошнюю жменю нязжатых каласоў. Іх завязвалі вузлом і пакідалі на ржышчы — Вялесу «на бародку». Часам побач ставілі апошні сноп — «дзедаву бараду», пазней ён цэлы год захоўваўся на покуці ў сялянскіх хатах. Мо менавіта адтуль пайшла традыцыя спраўляць дажынкі?

Вялесавымі дрэвамі лічыліся арэх і елка. У іншых месцах свяшчэнным быў і ясень, з якога рабілі абярэгі. А яшчэ імя Вялеса звязана з культам камянёў. Яму належалі камяні-краўцы і камяні-шаўцы, вужыныя і змеевы камяні, камяні, якія называліся Вол, Валы, Быкі. Днём Вялеса лічыўся чацвер масленічнага тыдня. На Масленіцу пяклі аладкі і частавалі імі свайго апекуна.

Вялес быў для людзей такім «свойскім» богам, што ягонае апекаванне ўвесь час пашыралася. Неўзабаве ён стаў богам магіі, чараўніцтва і мудрасці. Пасля — апекуном музы2каў і паэтаў, спевакоў і ўсіх творчых людзей. Вядомы даследчык беларускай даўніны Адам Кіркор зазначае, што хадзіў Вялес з дудкай і жалейкай. У гэтым сэнсе ён адпавядае грэчаскаму богу Апалону, які таксама апекаваўся мастацтвамі. Паслугоў¬валі Вялесу чарадзейныя птушкі Гамаюн і Воран. Яго даручэнні выконваў кот Баюн. Нездарма, відаць, у «Слове пра паход Ігаравы» вешчы Баян называецца ўнукам Вялеса, які атрымаў свой талент з неба.

Аднак і гэта не ўсе іпастасі Вялеса. Лічылі, што Вялес апякуецца таксама вытокамі рэк, крыніцамі і вадой наогул, але толькі той, што ў зямлі. У гэтым наш Вялес нагадвае старажытнаіндыйскага Варуна, які панаваў над морамі і рэкамі. Мо за гэта ў яго гонар назвалі азёры, якія знаходзяцца на Браслаўшчыне, — Волас Паўднёвы і Волас Паўночны? Ля аднаго з іх у старадаўнасці было капішча Вялеса.

Вялеса называлі богам закаханых, яму адводзілі ролю спрыяльніка ў прыбаўленні сям’і. У дзень Вялеса можна было ўкрасці будучую жонку, праўда, з яе згоды. Калі праз тры дні «злодзей» вяртаўся да цешчы, каб забраць падушкі, яму дараваўся гэты грэх. Маладая сям’я атрымлівала блаславенне бацькоў і пачынала жыць у згодзе ды ладзе, пад зычлівай апекай Вялеса нараджаючы дзетак.

З тых далёкіх часоў захавалася традыцыя адзначаць свята Аўласа, альбо Уласа, Валоссе. У некаторых месцах удзельнічалі ў ім толькі жанчыны, за што і назвалі свята «бабскім Уласам». Над мужчынамі пацяшаліся, жартавалі, іх бралі ў палон. Каб вызваліцца, трэба было адкупіцца. А жанчыны ўсю ноч навылёт забаўляліся півам. Піць яго трэба было цэлымі даёнкамі — каб каровы давалі шмат малака. Дык мо гэта быў наш своеасаблівы беларускі дзень Святога Валянціна?

У гэты ж дзень жанчыны прымалі ў сваё грона нядаўніх замужніц. У іх гонар спявалі песні, частавалі прысмакамі, выказвалі спадзяванне, што неўзабаве яны стануць добрымі іхнімі супольніцамі. Жанчыны пакеплівалі з непаважлівых ды няздатных кавалераў. Халасцяку, які доўга не мог ажаніцца, завальвалі дзверы вялізнай калодай, якая лічылася сімвалам бясплоддзя.

З прыняццем хрысціянства беларусы пачалі шанаваць святога Мікалая, які лічыўся апекуном жывёлы і працягваў традыцыі Вялеса.