ЗЮЗЯ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ЗЮЗЯ

Мама апранае сыночку цёплае футра, хавае ручкі ў цёплыя рукавічкі і толькі тады вядзе на вуліцу, дзе пануе мароз. На сынава пытанне, чаму трэба так апранацца, адказвае, што на дварэ Зюзя, а ад яго трэба бараніцца. І ўжо сярод белых снежных гурбаў мама расказвае пра таямнічага і загадкавага Зюзю.

Даўным-даўно, калі на нашай зямлі яшчэ не было праваслаўных цэркваў, нашы прашчуры пакланяліся язычніцкім багам. І калі іншых багоў шанавалі многія славяне, то бога зімы і холаду Зюзю ведалі толькі на беларускіх землях. Як зазначае вядомы даследчык П. Шпілеўскі, імя «халоднага» бога паходзіла ад слова «зюзець», гэта значыць, мерзнуць, калець ад марозу.

Ад гэтага, відаць, пайшло яшчэ адно слова — «акалець», што значыла памерці, ахалодаць, страціць жыццёвую сілу. Лічылася, што зіма з усім сваім воінствам прыязджае на зямлю на пярэстых кабылах альбо на ваўках. Пасля яна становіцца на ногі і пачынае сваю сцюдзёную справу: скоўвае зямлю, будуе на рэчках ледзяныя масты, ажно да неба дабіраецца, дзе ад холаду дрыжаць нават зорачкі.

 Па-рознаму ўяўлялі людзі Зюзю. Але ўсе, бадай, сыходзіліся, што гэта стары тоўсты дзед. Нізенькага росту. У яго белыя, як снег, валасы і такая ж белая і доўгая барада. Паназірайце калі-небудзь, як апускаюцца з неба мяккія сняжынкі, як кружацца яны ў бясконцым танцы. Гэта бог зімы Зюзя ціхім снегавеем плыве над зямлёй. Здаецца, нябачны дзед сваёй пушыстай барадой замятае ўсе сцежкі і дарожкі, атуляе снегам дрэвы ў лесе і садзе, насыпае высокія гурбы, выраўноўвае палі і лугі.

І вось дзіва, гэты стары не зважае на мароз: чым ён мацнейшы, тым яму лепш. Ходзіць па сыпкім снезе босы, без шапкі — і радуецца. Здагадаліся чаму? Дык ён жа сам мароз і холад, каго яму баяцца? Апрануты Зюзя ў доўгае белае футра. Блукае па белым свеце з вялізнай жалезнай булавою ў руцэ. Калі нехта раззлуе яго, так стукне булавою ў пень, што несціханы гул да неба далятае, а пень на дробныя трэсачкі рассыплецца. Вось тады і пачынаюцца самыя маразы. Таксама траскучыя. Калі ў такім настроі Зюзя з’явіцца ў вёсцы, то і там наступае халадэча. Ходзіць Зюзя дзе хоча, па-груквае булавою па дрэвах, па платах, а то возьме і з усёй сілы смальне ў сцены хаты.

Асабліва любіць гэткія забавы светлымі зорнымі начамі. Бярвенне ў сценах тады пачынае трэскацца з такім гукам, як быццам нехта страляе. Калі хлапчук ці дзяўчынка спытаецца, хто гэта, бацькі адказваюць: «Гэта сам Зюзя стукае. Бог холаду ўшчувае людзей». На рэках і азёрах, на самых багністых балотах разам з ледзяным Дзедам Марозам будуе Зюзя масты. Каб праверыць іхнюю надзейнасць, у абдымку хо¬дзяць пасля па лёдзе, Зюзя стукае па ім булавою: ажно крэхча ды стогне пад імі тоўсты лёд, але вытрымлівае.

Здараецца, цэлай зграяй лютых ваўкоў рассыпаюцца па зямлі Зюзевы служкі — завея ды мяцеліца, ку2даса ды завіруха, дзікім завываннем да жаху даводзяць малых і старых, а вецер такі, што не зразумець — гэта ён у комінах падвывае ці чэрці скуголяць. Найбольш моцныя маразы нахопліваліся перад Новым годам і Калядамі. Яшчэ раз лютаваў Зюзя напрыканцы зімы. Ці не таму апошні зімовы месяц назвалі лютым: «Пытаецца люты, ці добра абуты»?

Любімым месцам побыту для Зюзі з’яўляецца лес. Утульна яму тут, весела і звыкла, паветра марознае і здаровае, ёсць з кім забавы ладзіць. Зайчыкі, якія змянілі шэрае адзенне на белае — гэткае ж, як і ў Зюзі, у хованкі з ім гуляюць. Вавёркі займальныя казкі расказваюць, а самі смакавітыя арэхі лускаюць, сухімі грыбамі ласуюцца. Загуляецца Зюзя ў лесе і забудзецца пра людзей, не даймае іх сцюжай.

Кажуць, што ў вёсцы Зюзя з’яўляўся толькі дзеля таго, каб папярэдзіць сялян пра суровую зіму. Шанаваў, выходзіць, бог холаду добрых людзей, не меў ахвоты дарма пацвельвацца ды насміхацца. Каб падвесяліць іх, возьме і ўпрыгожыць дрэвы бялюткім іскрыстым інеем, а пасля папросіць вецер, каб патрос іх. І сам радуецца, калі мірыяды яркіх блёсткаў плаваюць у паветры, ззяюць на сонцы каштоўнымі крышталікамі.

Калі ж на некага засярдуе, то можа адмарозіць палец, нос, руку ці нагу, можа выстудзіць хату. Часам да самых костачак прабярэ, усю кроў застудзіць, а тады адпусціць небараку, каб помніў пра Зюзеву дабрыню. Апамятаецца чалавек, а Зюзі ўжо і след прастыў. Калі ж сустрэне каго на добрым падпітку, можа да смерці замарозіць. Пера¬творыцца тады ў вялікага снежнага мядзведзя, нападзе на чалавека, сцісне ў абдымках, паваліць на зямлю і прыціскае, пакуль той не зледзянее.

Каб не злаваць «халоднага» бога, людзі стараліся задобрыць яго. Асабліва любіў Зюзя куццю. Цёмнымі марознымі каляднымі начамі прыходзіў у вёску, зазіраў праз шыбы ў хату, шукаў на сталах свой любімы наедак. Яму і дагэтуль пакідаюць на стале трошкі куцці. Пры гэтым прыгаворваюць: «Зюзя на дварэ — куцця на стале». Часам кідаюць першую лыжку каляднай кашы за акно і клічуць ягонага служку: «Хадзі, мароз, куццю есці». Падсілкаваўшыся, у падзяку за чалавечую шчодрасць пакідаў на ваконным шкле прыгожыя ўзоры, вымалёўваў розныя зімовыя кветкі.

Нашы землі прыйшліся Зюзю пад густ. Так спадабаліся, што вырашыў пасяліцца на іх. Выбраў самы прыгожы куточак і змайстраваў сабе рэзідэнцыю. Знаходзіцца яна каля вёскі Пруднікі, што ў Пастаўскім раёне на Беларускім Паазер’і. А таму і прозвішча сабе ўзяў адпаведнае — Зюзя Паазерскі.

Але на Грамніцы, 15 лютага, бог Сонца Ярыла разгоніць хмары, выпусціць на волю цяпло. Не вытрымае тады Зюзя, пралье першую слязу, якая дробнымі кропелькамі асядзе на ваконным шкле. Людзі ж сачылі: калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я (6 мая) вол наесца травіцы. У дзень веснавога сонцавароту — 21 сакавіка — на сваю вахту заступае «цёплы» бог Ярыла, а Зюзя пачынае змятаць з нябесных палацяў апошні снег, збірацца ў далёкую дарогу, каб да наступнай зімы сілы набрацца.