ЛЯЛЯ
ЛЯЛЯ
Вядома, кожнаму з нас даводзілася бачыць лес ранняй вясной, на самым яе пачатку. Нейкая незвычайна прыязная і прыветная атмасфера пануе там. Дзівоснымі колерамі расквечаны лясныя шаты. Нават само паветра, здаецца, афарбавана незямнымі адценнямі. Як бы нейкая таямнічая палярына ахутвае дрэвы. У танюсенькія зялёныя ўборы прыбраліся бярозкі. Чароўны водар плыве ад жоўтых коцікаў вярбы. Ледзь чутным перазвонам агучваюцца кусты арэшніку, увешаныя карычняватымі прадаўгаватымі званочкамі-катышамі.
Хто ж гэта так пастараўся? Хто надаў небывалую святочнасць выстуджанаму Зюзяй і пачарнеламу ад холаду лесу? Дык гэта ж прыгажуня Ля2ля парупілася — юная багіня вясны і дзявоцтва, зіхоткая, бліскучая, светлая. Таму і кажуць людзі, што лес стаў прыгожым, як Ляля. А сама яна нябачна ходзіць між дрэў, мякка ступае па пазелянелых імхах, па востранькіх піках маладзенькай травы і радуецца таму, што зрабіла прыемнасць людзям.
Такі ўжо характар у прыгажуні Лялі — добры, памяркоўны, шчыры і адкрыты. За гэта любяць і паважаюць яе людзі. Бо, кажуць, што яна дачка багіні прыгажосці і кахання, апякункі шлюбаў і сямейнага жыцця Лады. Маці і дачку называлі багінямі прыроды, якая ажывае і якая нараджае. Шматлікія фальклорныя матэрыялы рускіх, беларусаў, палякаў і іншых даюць падставы лічыць Ладу і Лялю славянскімі парадзіхамі.
Калі вясна добра ўбярэцца ў сілу, калі мінецца першае з вясновых свят — дзень прылёту жаваранкаў (22 сакавіка), тады Ляля вырашае адкрыцца людзям. Яна з’яўляецца перад імі маладзенькай дзяўчынай. Прыгожая, прыветная, высокая і стройная, апранутая ў доўгі белы ўбор. Вочы — колеру яснага нябеснага блакіту. Радасна сустракалі самую добрую багіню зямляне. У яе гонар 5 мая спраўлялі вясёлае дзявочае свята Ляльнік. Святкаванне адбывалася за пяць дзён да свята Ярылы і напярэдадні святога Юр’я — вельмі важнага для славян дня, калі ўрачыста адзначаўся прыход вясны і ўпершыню выганялі ў поле хатнюю жывёлу. Усе вясковыя дзяўчаты збіраліся на зялёным і расквечаным рознымі краскамі лузе. Хлопцам з’яўляцца на Ляльніку, гэтым свяце першай зеляніны, забаранялася.
Удзельніцы свята выбіралі са свайго асяроддзя самую найвабную і найпрыгожую дзяўчыну. Мо гэта з’яўлялася народным папярэднікам сённяшніх шоу, звязаных з выбарам прыгажунь: розных міс горада, краіны, рэгіёна, свету? Вядома ж, абранніца павінна быць прыгожай, як Ляля. Апраналі яе ў доўгую белую кашулю. Упрыгожвалі стройны стан і рукі зялёнымі галінкамі. На галаву ўскладалі разнаколерны вянок з першых вясновых кветак. Калі дзяўчына гэткім чынам ператваралася ў сапраўдную багіню Лялю, саджалі яе на ўзвышэнне з дзірвану, каб усім была відна. З аднаго боку на гэтую своеасаблівую лаўку ставілі збанок з малаком, смятану, клалі сыр, масла, яйкі, тварог, а з другога — хлеб. Каля ног узвышалася гурбачка вянкоў.
Затым дзяўчаты браліся за рукі і вадзілі вакол Лялі карагод, славілі яе як кармі¬ліцу і даравальніцу ўраджаю, спявалі песні ў гонар вясны, ладзілі скокі. Ляля за гэта шчодра частавала іх. Дзяўчаты садзіліся каля яе і смакавалі Ляліны прыпасы. Пасля зноў уставалі і працягвалі карагод. А Ляля кідала танцоркам вянкі — хай ловяць, каб шчаслівымі быць. Вянкі захоўваліся ў хаце да наступнага свята, а ў некаторых і пасля шлюбу — як напамінак пра незваротныя гады маладосці.
І сапраўды: усе дзяўчаткі, што паспелі злавіць чароўны вянок, станавіліся яшчэ прыгажэйшымі. Ну проста Лялечкі — вачэй не адарваць. Так і казалі пра іх мамы, калі бачылі сваіх дачушак. А яшчэ гэтак жа — Лялямі, Лялечкамі — называлі мамы сваіх маленькіх дзетак, калі забаўлялі іх і цешыліся імі.
Напрыканцы свята дзяўчаты бралі Лялю пад рукі, падымалі з яе пасада і адводзілі дамоў. Пазней гэтае свята было спалучана з Тройцай — Сёмухай. Да гэтай пары захаваўся звычай упрыгожваць цэрквы, хаты, сялібы, нават вуліцы маем — так называлі даўней бярозу. Ноччу перад Тройцай упершыню вялі коней на папас. Начлежнікі палілі кастры, пяклі яечню, ладзілі скокі.
Ляля, альбо Лёля, бо і так яе называлі, — самы светлы міфічны вобраз у пантэоне дахрысціянскіх багоў. Яна не мае ніякіх цёмных іпастасяў, нікому не робіць зла, не аддаецца разгулу, характар у яе спакойны і зычлівы. Ляля не шкадуе для людзей ні багацця, ні дастатку, яна падтрымлівае ўрадлівасць, ухваляе прыгажосць.
Згодна з паданнямі і міфамі, культ Лялі звязаны з вясеннім адраджэннем прыроды, абнаўленнем свету, пачаткам работ на полі. Нездарма, відаць, Ляля з’яўлялася на зямлі амаль адначасова з Ярылам у сярэдзіне вясны і сыходзіла разам з ім у канцы вяс¬ны. На змену багіні вясны прыходзіла Цёця — багіня лета. У адрозненне ад мала¬дзенькай прыгажуні-Лялі была яна мажнай, паўнацелай кабетай, убранай у спелыя каласы. У руках трымала розныя спелыя плады.
Ды і само імя Ляля, Лёля мела шырокі сэнс, ад гэтага слова паходзіла шмат іншых. Давайце згадаем некаторыя. Ляля — немаўля, дзіця, лялька, цацка. Рускае слова «лелеять» — беражліва адносіцца, мілаваць, песціць, лашчыць. Люляць — калыхаць. Люлька — калыска.
Шмат дзе бусла, пра якога кажуць, што ён прыносіць малых дзетак, называюць лялекай. Мо таму птушкай Лялі лічыўся белы бусел. А дрэва Лялі — гэта бяроза альбо рабіна, метал — серабро.