Уводзіны
Уводзіны
“Ва ўсіх народаў, у каторых добрыя звычаі і пачцівыя дворскія забавы засталіся, захоўваваўся заўжды той звычай, што на з?ездах вялікіх, а асабліва на дварах высакародных манархаў, людзі двару і моладзь разнастайныя забавы заводзілі, робячы гэта часткова для таго, каб у тых меншых справах спрактыкаванасць сваю ў рамястве рыцарскім пасля сябе паказаць, часткова каб уладарам сваім радасць нейкую учыніць цудоўнымі ўчынкамі, а таксама дворскімі inventiami ім прыйсці да спадобы. А і да гэтага часу пачцівы гэты звычай сярод усіх людзей, з пахвалай бачных пры двары, канчаткова захаваны”.1 Гэтыя словы з т.зв. “Артыкулаў скачак за колцам”, што адбываліся ў 1578 г. пад Варшавай з нагоды шлюбу Яна Замойскага з Крыстынай Радзівіл, цалкам могуць служыць эпіграфам гэтай невялічкай кніжкі. Яе задачай з?яўляецца азнаямленне айчыннага чытача з далучанасцю феадалаў Вялікага княства Літоўскага, у склад якога беларускія змемлі ўваходзілі з ХІІІ па ХVІІІ ст., да еўрапейскай турнірнай традыцыі. Пры гэтым аўтар не абмяжоўваецца разглядам выключна тых турніраў, якія адбываліся на землях Вялікага Княства. У часы сярэднявечча рыцарства складала своеасаблівую інтэрнацыянальную касту, прадстаўнікі якой свабодна перамяшчалася на Еўропе і прымалі ўдзел у важнейшых падзеях культурнага, а часам і палітычнага жыцця самых розных краін. А турніры, прынамсі буйнейшыя з іх, якраз і належалі да падзей, значэнне якіх нярэдка перарастала нацыянальныя рамкі.
У гэтым выданні чытач не знойдзе падрабязнага апісання заходнееўрапейскіх турніраў, турнірнага рытуала і ўзбраення. На сённяшні дзень маецца вялізарная колькасць самых розных публікацый, ад кароценькіх папулярных артыкулаў да грунтоўных манаграфій, дзе ўсе гэтыя аспекты разглядаюцца больш чым у дастатковай ступені і дзе можна знайсці адказы ці не на ўсе пытанні па гісторыі заходнееўрапейскай турнірнай традыцыі.
У той жа час аўтар палічыў неабходным звярнуцца да агульнага разгляду развіцця турніраў у Еўропе, у сціслай форме разгледзець віды турнірных практыкаванняў і парадак прывядзення турніраў. Гэта зроблена з мэтай паказаць, у якой ступені турнірная традыцыя ў Вялікім княстве Літоўскім супадала з агульнаеўрапейскай. Адзін з раздзелаў прысвячаецца турнірнаму рыштунку, аднак і тут звяртаецца ўвага толькі на такую амуніцыю, выкарыстанне якой прадстаўнікамі Вялікага Княства на сённяшні дзень не выклікае сумнення.
Храналагічна кніжка ахоплівае ўвесь перыяд сярэднявечча, аднак прымяняльна да Вялікага княства Літоўскага разглядаецца пераважна перыяд з канца ХІV па канец ХVІ ст., на працягу якога можна гаварыць пра існаванне тут турнірных традыцый у класічным, заходнееўрапейскім разуменні гэтага слова. Далейшыя даследаванні магчыма дазволяць пашырыць гэтыя храналагічныя рамкі.