Турнірнае ўзбраенне і рыштунак

Турнірнае ўзбраенне і рыштунак

Першыя звесткі аб ужыванні спецыялізаванага турнірнага рыштунку ў Вялікім княстве Літоўскім досыць цмяныя і скупыя. Найбольш ранняя інфармацыя аб узбраенні, якое магчыма мела турнірнае прызначэнне, датуецца пачаткам ХV ст. Увагу ў гэтым сэнсе прыцягваюць рахункі Тэўтонскага ордэна, дзе пад 1401 г. ідзе гаворка пра выдаткаванне 15 прускіх скойцаў на “eichelin” і іншыя прылады для шлема (helm) вялікага князя літоўскага Вітаўта.83 На тое, што ў дадзеным выпадку меўся на ўвазе гаршчковы шлем, ускосна ўказвае сам тэрмін “helm”, які, на думку большасці даследчыкаў, ужываўся на землях Ордэна выключна ў дачыненні падобных нагалоўяў. Гэты тэзіс аспрэчвае, на карысть шырэйшага трактавання тэрміна “helm”, А.Навакоўскі, але затое ён трактуе “eichelin” як упрыгожанне ў выглядзе завершаных трэфамі выцягнутых плакетак, што абрамялі зрокавыя шчыліны, а часам і змяшчаліся ўздоўж вертыкальнага рабра гаршчковых шлемаў.84 Такім чынам, у любым выпадку ёсць сур’ёзныя падставы вызначаць вышэйзгаданы шлем Вітаўта як гаршчковы.

Гаршчковыя шлемы, якія атрымалі сваю назву з-за падабенства да гаршчка, перакуленага дагары дном, найбольшай папулярнасцю карысталіся ў Еўропе ў ХІІІ – ХІV ст. Аднак, насуперак вельмі распаўсюджанаму меркаванню, паводле якога такімі шлемамі заходняе рыцарства забяспечвалася ледзь не пагалоўна, яны з?яўляліся атрыбутамі толькі феалальнай знаці, эліты шляхецкага саслоўя. У выніку імкнення да ўдасканалення гаршчковых шлемаў падобныя нагалоўі зазналі шэраг мадыфікацый і да ХІV ст. быў сканструяваны т.зв. “вялікі шлем”. Верх нагалоўяў, першапачаткова пляскаты, набыў скругленую ці канічную форму. Маса шлема павялічвалася, дзякуючы чаму ён стаў празмерна цяжкі для галавы рыцара. Выйсце знайшлося ў падаўжэнні краёў звона, якімі шлем стаў апапірацца на плечы ваяра. Пярэдняя сценка, вертыкальная, ці слаба выгнутая, забяспечвалася вертыкальнай гранню.85

Аднак у другой палове XIV — пачатку XV ст. гаршчковыя шлемы паўсюль у Еўропе наогул выходзяць з баявога ўжытку і выкарыстоўваюцца толькі як турнірныя і цэрэманіяльныя. Для гэтага яны з левага боку ўзмацняліся дадатковай накладной пласцінай. Верх шлема упрыгожваўся спецыяльнымі клейнотамі – фігурамі геральдычнага і алегарычнага зместу. Трэба думаць, што менавіта такія ўпрыгожанні на шлеме Вітаўта маюцца на ўвазе пад іншымі прыладамі (ander gerethe) у згаданых рахунках Тэўтонскага ордэна.

Больш поўная і акрэсленая інфармацыя аб выкарыстанні спецыяльнага турнірнага рыштунку ў Вялікім княстве Літоўскім маецца ў дакументах ХVІ ст. Так, у т.зв. “Рэестры паспалітых рэчаў скарбных”, які датуецца 1510 г., пералічваецца, апроч іншай зброі і амуніцыі, “ташек гончих 8”, “двои хвалды тортяныя к колчим зброям”, “к двум зброям хвалды гарусовыя”, “к чотырем зброям хвалды полотняныя”, яшчэ адны “хвалды”, а таксама “две седле гончих и зброями”.86 Такім чынам, тут адлюстраваныя два віды турнірнага рыштунку – т.зв. “кольчага” і т.зв. “гончага”.

“Зброя кольчая”, ці “кольчы даспех” (ням. Stechzeug) прызначалася для коннага сутыкнення на тупых коп?ях (Gestech). Даспех складаўся з некалькіх асноўных элементаў. Найбольш характэрнай дэталлю з?яўляўся шлем, які сфармаваўся ў канцы ХV ст. (канчаткова каля 1480 г.) у выніку эвалюцыі вялікіх гаршчковых шлемаў ХІV ст. Канструкцыйна такое нагалоўе, якое з-за сваёй арыгінальнай формы атрымала назву “жабіна морда”, складалася з трох частак. Пярэдняя пласціна, таўшчынёй ад 2 да 17 мм у раёне зрокавай шчыліны, мела спераду вертыкальную грань і находзіла сваімі краямі на заднюю частку, таўшчыня якой вагалася ад 1 да 1,5 мм. Верхнія краі вертыкальна размешчаных пярэдняй і задняй пласцін плаўна адгіналіся вонкі і злучаліся з прыплюснутай верхняй пласцінай, утвараючы ў месцы злучэння рабрысты пералом. Верхняя пласціна, таўшчыня якой складала ад 1,5 да 7 мм (у раёне зрокавай шчыліны), заходзіла сваімі краямі на заднюю частку шлема, аднак на яе, у сваю чаргу, заходзілі краі пярэдняй часткі. Спераду паміж верхняй і пярэдняй пласцінамі ўтвараляся зрокавая шчыліна. Яна была сканструявана такім чынам, што падчас атакі стварала выдатную абсервацыю нахіленаму наперад рыцару. Але пасля капійнага удара цела ваяра адкідвалася назад і адагнутая пярэдняя пласціна шлема цалкам закрывала вочы ваяра і бараніла іх ад абломкаў кап?я. “Жабіны морды” характарызаваліся выключна вялікай масай, якая даходзіла да 10 кілаграм. На шлеме рабіліся спецыяльныя адтуліны, частка якіх служыла для мацавання упрыгожанняў, частка – для раменчыкаў, пры дапамозе якіх нагалоўе мацавалася да спецыяльнага тоўстага падшлемніка. Прычым паміж галавой у падшлемніку і сценкамі шлема пакідаўся вялікі зазор, што ствараля дадатковую перасцярогу пры моцным удары ці падзенні з каня.87

Нагруднік кольчага даспеха быў асіметрычны. Яго правы бок рабіўся сплошчаным, адагнутым амаль пад простым кутом, што аблягчала карыстанне кап?ём. Для гэтага ж служылі два спецыяльныя крукі, прыкручаныя пры дапамозе шурупаў на кірасе. Крукі можна было рэгуляваць па вышыні, для гэтага адтуліны пад шурупы вырабляліся на некалькіх узроўнях. Кап?ё падчас атакі ўскладалася на пярэдні крук, а тыльная яго частка фіксавалася заднім круком – т.зв. “контркруком”. Да ніжняй часткі нагрудніка прыкручвалася брушная пласціна, злучаная нітамі з шссцю-сямю фольгамі фартуха, да якіх, у сваю чаргу, мацавалася пара ташак. Таўшчыня нагрудніка даходзіла да 10 мм, фартуха і ташак – да 3 мм.

Таўшчыня наспінніка была меншай – да 2 мм. У ніжняй частцы да яго мацавалася спецыяльная падпорная пласціна, якая прывязвалася рамянямі да сядла. Да нагрудніка і наспінніка кірасы пры дапамозе вінтоў і зажымаў нерухома мацаваліся адпаведна пярэдняя і задняя пласціны “жабінай морды”, што ператварала іх практычна ў цэльны металічны футарал, у якім рыцар не рызыкаваў зламаць сабе шыю.88

Нягледзячы на салідную таўшчыню кірасы кольчага даспеха, левы бок цела дадаткова бараніўся спецыяльнай тарчай, якая прывязвалася да нагрудніка пры дапамозе канаплянага шнура. Яна мела форму чатырохкутніка з закругленым ніжнім краем, які выгінаўся наперад. Шырыня шчыта была каля 40 см, вышыня – каля 33—35 см. Тарча выраблялася з цвёрдых парод дрэва, аблямоўвалася звонку пласцінкамі з косці, напрыклад аленіх рагоў і капытоў і зверху абцягвалася скурай.

Наплечнікі кольчага даспеха вызначаліся крыллямі, маленькімі спераду і вялікімі ззаду. Падпахавыя лакуны бараніліся спецыяльнымі дыскападобнымі шчыткамі таўшчынёй 3-4 мм. Правы шчыток меў выцінку пад кап?ё ў выглядзе паўмесяца, ці адагнуты ніжні край.

Левы і правы наручы кольчага даспеха былі розныя. Адзін з іх ці абодва былі забяспечаны крылападобнымі пласцінамі, якія ў сагнутым стане баранілі лакцявы сгін рукі і прадплечча. Пласціна левага наруча была падоўжаная і мела рукавіцападобнае заканчэнне. Для правай рукі рукавіца не прадугледжвалася, а яе ахова ажыццяўлялася пры дапамозе шчытка кап?я, які меў дыяметр 34-37 мм і масу да 3 кг.

Самі коп?і, ўжываныя для турнірных сутыкненняў “гештэх”, таксама мелі спецыфічную канструкцыю. Перш за ўсё, яны характарызаваліся адмысловымі каронападобнымі наканечнікамі з 3—4 кароткімі зубцамі. Дрэўка выраблялася з мяккіх парод дрэва, пераважна хвойных парод. Яго даўжыня даходзіла да 375 см, тады як дыяметр у самай тоўстай частцы – да 9,5 см, у асобных выпадках да 15 см. Для таго, каб коп?і лягчэй ламаліся, іх дрэўкі маглі рабіць рыфлёнымі і навах пустымі ўсярэдзіне ад наканечніка да рукаяці.

Я не спыняюся на конскім рыштунку, ужываным для сутыкненняў на тупых коп?ях, бо ён быў розны ў тых ці іншых відах “гештэха”. У той жа час лічу неабходным адзначыць, што паверх кольчага даспеха звычайна апраналася спадніца з тканіны, багата аздобленая і драпіраваная глубокімі складкамі. Менавіта яна ўзгадваецца ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” як “хвалды”.89

У Еўропе бытавалі два варыянты кольчага даспеха – нямецкі і італьянскі, якія адрозніваліся ў дэталях. У дадзеным выданні разглядаецца толькі нямецкі варыянт, бо Вялікае княства Літоўскае, так сама як і суседняя Польшча, пераважна падпадалі ў ХV – ХVІ стст. пад уплыў менавіта нямецкай школы ўзбраення. У зборах польскіх музеяў захоўваецца некалькі кольчых даспехаў нямецкага тыпа, якія даюць выдатнае ўяўленне пра падобны рыштунак.90 Найбольшую ўвагу прыцягвае адзін з даспехаў, што захоўваецца ў Музеі Войска Польскага (інв. № 108х/1-7). Ён мае клеймы г.Нюрнберга і майстра Валянціна Себенбюргера. Вядомы польскі даследчык З.Жыгульскі датуе даспех прыблізна 1500 г. Аднак ягоны калега А.Сварычэўскі пераканаўча даводзіць, што ён мог быць выраблены Валянцінам Себенбюргерам (Сібенбургерам), які ў сярэдзіне ХVІ ст. працаваў у Кракаве, а ў 1560-1563 г. з?яўляўся надворным платнерам вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста ў Вільні.91 Адпаведна, згаданы даспех мог быць выраблены значна пазней за 1500 г. Прынамсі апісанні турніраў, праводзімых у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім, сведчаць, што кольчыя даспехі ўжываліся тут нават у другой палове ХVІ ст. Так, напрыклад “зброі кольчыя для ганітвы 2” былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.92

“Гончая зброя”, ці “гончы даспех” была сканструявана на базе гатычнага даспеха другой паловы ХV ст. У якасці шлема яна прадугледжвала глухую саладу без заслоны, але з лобнай накладной пласцінай. Кіраса гончага даспеха таксама мела крук і контркрук. Да нагрудніка кірасы прыкручваўся масіўны падбароднік – “барт”, які закрываў ніжнюю частку твару. Знізу да нагрудніка мацавалася спаднічка з вельмі доўгімі ташкамі, якія амаль дасягалі каленяў. Менавіта яны ўзгадваюцца ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” 1510 г. як “ташкі гончыя”. Наспіннік кірасы меў глыбокія выцінкі ля шыі і пояса, а таксама каля рук, што надавала яму падабенства з літарай Х. Знізу да наспінніка мацавалася, як і ў кольчых даспехаў, падпорная пласціна.93

Наручы ў гончага даспеха адсутнічалі зусім. Правая баранілася надзвычай вялікім шчытком кап?я, які да таго ж меў спецыфічную форму, дазваляўшую яму пакрываць усю правую палову тулава. Левая палова наздзейна ахоўвалася спецыяльнай тарчай – т.зв. “рэнтарчай”. Яна выраблялася з дрэва, абцягвалася скурай і часта акоўвалася па краях жалезам. Спецыфічная форма тарчы дазваляла ёй пакрываць рыцара ад зрокавай шчыліны шлема да пояса ці нават да сярэдзіны сцягна. Для механізаваных відаў рэнэна выкарыстоўваліся спецыяльныя тарчы з некалькіх дэталяў, а таксама адмысловыя кірасы з пружынным механізмам. У “трапным рэнэне” такога механізма не прадугледжвалася, а тарча збівалася проста ўдалым ударам кап?я.

Гончы даспех можа лічыцца рэкардсменам па сваёй масіўнасці. Яго вага магла даходзіць да 85 кг! Робіцца зразумелым, чаму на турніры, арганізаваным у 1553 г. у Кракаве, літвіны патрабавалі прысудзіць перамогу свайму земляку Станіславу Кежгайлу. Падчас змагання “ў гончых на вастрыё”, ён быў абвалены праціўнікам разам з канём, але здолеў саскочыць на зямлю праз конскую галаву.94 Гэта быў сапраўды ўчынак, варты Геркулеса!

Дадатковую ахову ног удзельнікаў рэнэна ад удара аб бар?ер стваралі спецыяльныя набедраныя шчыткі ці т.зв. “дзільжэ”. Яны перакідаліся праз сядло на рамяні і таму могуль лічыцца не столькі ўзбраеннем рыцара, колькі рыштункам каня. Гончыя сёдлы, узгаданыя ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” 1510 г., належалі да катэгорыі лёгкіх і не мелі пярэдніх і задніх лук.95

Коп?і, якія выкарыстоўваліся для сутыкненняў рэнэн, мелі вострыя, часам злёгку прытупленыя наканечнікі. Маса такіх коп?яў была меншая, чым у экземпляраў, прызначаных для гештэха – каля 14 кг, даўжыня – да 380 см. Дыяметр дрэўка ў самай тоўстай частцы даходзіў да 7 см.96

Да асобай групы турнірнага рыштунку належаць элементы т.зв. гарнітураў, якія дазваляюць ператварыць звычайныя баявыя даспехі ў турнірныя. Пад даспешным гарнітурам у сучасным зброязнаўстве разумеюць комплекс , які складаецца з пэўнай колькасці частак, выкананых і дэкараваных у адным стылі, з якіх можна скласці розныя тыпы даспехаў.97 Першыя даспешныя гарнітуры з?явіліся ў Германіі ў канцы ХV ст. Іх вынаходніцтва звязваецца з імем аўгсбургскага платнера Лорэнса Гелмшміда, які ў 1485 г. вырабіў першы такі камплект. Неўзабаве даспешныя гарнітуры былі належным чынам ацэнены і распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе, дзе паўставалі іх шматлікія мадыфікацыі.98

Ужываліся даспешныя гарнітуры і ў Вялікім княстве Літоўскім, прынамсі прадстаўнікамі феадальнай эліты дзяржавы. У арсенале раздзівілаўскага замка ў Нясвіжы часткі турнірных даспехаў захоўваліся да 20-х гг. ХХ ст.99 Са 130 пазіцый засцерагальнага ўзбарення, пазначаных у ілюстраваным каталогу 1926 г. па распрадажы зброі нясвіжскага арсенала, які праводзіла лонданская фірма Christie, 31 пазіцыя належала 44 часткам даспешных гарнітураў. Сярод іх — узмацняльныя нагруднікі, налакотнікі, падбароднікі і г.д., прызначаныя для збірання турнірных даспехаў розных тыпаў. Большасць з іх датуецца першай паловай XVI ст. і мае клеймы Аўсбурга і Нюрнберга.100

Найбольшую ўвагу сярод элементаў радзівілаўскіх гарнітураў прыцягваюць часткі трох камплектаў. Першы быў выраблены каля 1530 г. аўгсбургскім платнерам Кольманам Гелмшмітам, сынам славутага Лорэнса Гелмшміда. Ён належаў да т.зв. “поўдаспехаў з часткамі да пешага бою”. Для трансфармацыі звычайнага баявога даспеха ў турнірны да кірасы дадаваліся новыя шлем і пакрыцці рук, а таксама ахова ног. Для пешага бою выкарыстоўваўся шлем тыпа “армэ” з заслонай, а наручы мелі выгляд рукавоў з буфамі. Гэта было не торлькі данінай вельмі папулярнай у той час т.зв. “ландскнехтаўскай” модзе, згодна якой па ўсёй паверхні была таксама зроблена імітацыя характэрных разрэзаў. Такая канструкцыя “рукавоў” дазваляла засягнуць такога злучэння пласцін, якое не пакідала ніякіх шчылін і лакун, куды магла б патрапіць наступальная зброя праціўніка. Тое ж самае можна сказаць і пра ахову ног разам з тазам, якая нагадвала абціслае трыко. Дзякуючы гэтаму такія зброі атрымалі назву “трыковых”.101 Праўда такія даспехі абмяжохвалі свабоду рухаў, а сядзець у іх было зусім немагчыма, аднак гэта і не патрабавалася ў турнірнай сутычцы.102

Па ўсёй верагоднасці, згаданы даспешны гарнітур належаў вялікаму гетману літоўскаму Юрыю Радзівілу Геркулесу. Да сённяшняга дня захаваўся ўсяго адзін аналагічны даспех, выраблены тым самым майстрам для імперскага капітана Вільгельма фон Рогендорфа. Абодва гарнітуры залічваюцца даследчыкамі ўзбраення да лепшых узораў еўрапейскай платнерскай справы ХVІ ст. На сёняшні дзень наспіннік кірасы радзівілаўскага гарнітура разам з буфастымі рукавамі захоўваецца ў Музеі мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку.

Найбольш вядомым гарнітурам, які неаднаразова прыцягваў увагу еўрапейскіх гісторыкаў сярэднявечнай зброі, з?яўляецца даспешны гарнітур Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён быў выраблены знакамітым нюрнбергскім майстрам Кунцам Лохнерам каля 1555 г. Розныя яго часткі зараз захоўваюцца ў розных вядомых музеях свету. Найбольшы фрагмент – поўдаспех, разам з адкрытым штурмгабам і поўнымі аховамі рук, знаходзіцца ў Музеі ўзбраення ў Вене. Туды ён трапіў з т.зв. “пантэона славы”, заснаванага ў замку Амбраз яшчэ ў канцы ХVІ ст. эрцгерцагам Фердынандам. Апошняму гэты фрагмент быў высланы сынам Мікалая Радзівіла Чорнага – Мікалаем Радзівілам Сіроткам 23.6.1581 г.103

Венскаму даследчыку Орвіну Гамберу ўдалося рэканструяваць канструкцыю гарнітура. Пры гэтым ён абапіраўся і на іншыя захаваныя элементы. Перш за ўсё, характар даспеха, што захоўваецца ў Вене, указвае на яго прыналежнасць да цяжкіх палявых даспехаў (ням. Stechk?riss). У камплекце з імі выкарыстоўваліся не штурмгабы, а прылбіца армэ. У той жа час наяўнасць штурмгаба дазволіла О.Гамберу высветліць, што гарнітур прадугледжваў магчымасць збірання яшчэ і лёгкага палявога даспеха (ням. Feldk?riss). Для гэтага звыклыя наплечнікі з крыллямі замяняліся на больш лёгкія, з акруглымі шчыткамі, ужывалася аблегчаная ахова ног, а таксама адзін з трох шлемаў – армэ, адкрыты ці закрыты штурмгаб. Камплект мог уключаць таксама круглы шчыт.

Накладны левы наплечнік (знаходзіцца ў нью-йоркскім Музеі мастацтва Метраполітэн) сведчыць, што звычайны палявы даспех можна было прыстасаваць для вольнага турніру. Для гэтага служылі таксама незахаваныя на сёняшні дзень накладныя ўзмацняльныя кіраса, левыя налакотнік і рукавіца, заменная рукавіца для правай рукі, накладкі на лобную і падбародачную часткі шлема.

Да гарнітура належалі таксама турнірная салада спецыфічнай канструкцыі (ням. Rennhut), з моцна высунутай наперад ніжняй часткай, забяспечанай шурупам (Артылерыйскі музей у Парыжы) і асіметрычныя ташкі (нью-йоркскі Музей мастацтва Метраполітэн). Гэтыя дэталі прызначаліся для прыстасавання даспеха да т.зв. “саксонскага” турніра праз бар?ер. Апроч салады і ташак, для гэтага служылі не дайшоўшыя да нашых дзён яшчэ адна накладная кіраса, яшчэ адны ўзмацняльныя левыя налакотнік і рукавіца, масіўны падбароднік, які прыкручваўся да салады пры дапамозе шурупа, пара вузкіх наплечнікаў і грамоздкі наплечнік-тарча, што пакрываў ўсю левую палову тулава.

Акрамя чатырох відаў даспеха, гарнітур прадугледжваў поўнае пакрыцце каня, ад якога да нашых дзён захаваліся нагалоўнік (рашкоф) і адна з шыйных пласцін (нью-йоркскі Музей мастацтва Метраполітэн).

У Музеі Метраполітэн захоўваецца яшчэ адзін амаль што цалкам камплектны турнірны даспех з нясвіжскай збраёўні, прызначаны для італьянскага сутыкнення праз бар?ер. Ён складаецца з накладной кірасы, пары вузкіх наплечнікаў, асіметрычнай ташкі, накладной тарчы і левага накладнога налакотніка. З элемнтаў, неабходных для стварэння адпаведнага варыянта даспехаў, адсутнічае толькі ўзмацняльная левая рукавіца і спецыяльная прылбіца армэ, замест якой маецца ў наяўнасці армэ ад цяжкога палявога даспеха. Даспех укамплектаваны таксама поўнымі пакрыццямі рук і аблегчанымі пакрыццямі ног. На падставе гэтага можна зрабіць выснову, што згаданы даспех належаў да гарнітура і прадугледжваў стварэнне лёгкага і цяжкога палявых даспехаў, а таксама двух турнірных даспехаў – для італьянскага сутыкнення праз бар?ер і для вольнага турніра. Для апошняга прызначаўся спецыяльны накладны падбароднік, таксама захаваны ў зборах Музея Метраполітэн, накладныя левыя наплечнік і налакотнік. На думку польскага даследчыка З.Фуіньскага, гарнітур мог быць выраблены ў другой палове ХVІ ст. у Італіі.104

На сённяшні дзень сказаць, наколькі распаўсюджанымі былі спецыялізаваныя турнірныя даспехі нават сярод заможных феадалаў Вялікага княства Літоўскага, не ўяўляецца магчымым. Спарадычныя, выключна скупыя і фрагментарныя звесткі дазваляюць меркаваць, што яны трапляліся не толькі ў арсеналах вялікага князя і Радзівілаў. Так, у сярэдзіне ХVІ ст. гетман Вялікага Княства Рыгор Хадкевіч набываў турнірны рыштунак для сваіх сыноў у прускага герцага Альбрэхта Гогенцолерна, прапануючы ўзамен некалькі літоўскіх коней, якія, відаць, даволі высока цаніліся ў Еўропе.105 Аднак несумненна, што дазволіць сабе такую раскошу, як пакупку каштоўнай, але не жыццёва важнай турнірнай зброі, маглі толькі прадстаўнікі абмежаванага кола феадальнай эліты дзяржавы. Астатнія, у выпадку патрэбы, мелі магчымасць прыняць удзел у тых відах турнірных практыкаванняў, дзе дазвалялася выкарыстанне звычайнай баявой амуніцыі – палявых, гусарскіх ці пешых турнірах, скачках за колцам і г.д., альбо скарыстацца з багатых арсенальных запасаў караля і багацейшых магнатаў, якія адны толькі і маглі выдаткаваць сродкі арганізацыю падобных гульняў.