Гутаркі пасля спектакляў
Дырэктар тэатра Мікалай Лішык: “Будынак тэатра ўпрыгожыць наш горад”
— Мікалай Васільевіч, БЕЛТА нядаўна паведаміла, што ў наступным 2009 годзе калектыў нашага тэатра справіць наваселле. Ці праўда?
— Хочацца ў гэта верыць. Але нам ужо 18 гадоў абяцаюць пачаць будаваць у Слоніме тэатр, а справа пакуль не рухаецца з месца, таму я цяпер нават і не ведаю, як гэта ўсё пракаментаваць. Бо калі на самай справе пачнецца будаўніцтва, то не хочацца гэтую справу сурочыць. Скажу толькі, што жыць і працаваць калектыву тэатра ў такіх умовах, у якіх мы працуем цяпер, надалей немагчыма. Калектыў туліцца на 320 квадратных метрах у будынку РДК. Слонімскі драматычны тэатр — адзіны ў рэспубліцы, які не мае ўласнага памяшкання.
— Тым не менш, ці пачнецца ўсё ж сёлета будаўніцтва тэатра?
— Будзем спадзявацца, што пачнецца. Пакуль вырашаецца праблема з фінансаваннем будаўніцтва. Нядаўна я размаўляў наконт гэтага са старшынёю райвыканкама Мечыславам Браніслававічам Касцюком, які сказаў, што, магчыма, падрадчыкам будаўніцтва будзе адзін з гродзенскіх трэстаў.
— Ці падрыхтавана праектная дакументацыя на будаўніцтва тэатра?
— Усё ўжо падрыхтавана і прайшло экспертызу, а таксама аплачана, застаецца толькі пачаць будаўніцтва.
— Што сабой будзе ўяўляць новабудоўля?
— Гэта будзе арыгінальны двухпавярховы будынак з падвальным памяшканнем. Будынак тэатра ўпрыгожыць цэнтр нашага горада. Глядзельная зала плануецца на 220 месцаў. Таксама ў тэатры будзе вялікая мастацкая майстэрня, 6 грымёрак, некалькі душавых пакояў, сталярная майстэрня, рэпетыцыйная і харэаграфічная залы і г.д.
— Мікалай Васільевіч, якім для тэатра быў мінулы год? Я маю на ўвазе творчыя планы.
— Наш тэатр дзяржаўны. Таму даведзеныя да тэатральнага калектыву эканамічныя і творчыя паказчыкі мы ў 2007 годзе поўнасцю выканалі. Пры плане 50 млн. рублёў пазабюджэтных даходаў мы зарабілі 51,4 млн. рублёў, пры запланаваных 235 спектаклях — тэатр паказаў 263 пастаноўкі. Было пастаўлена 5 новых спектакляў: два — для дарослых, 3 — для дзяцей. І цяпер у нашым рэпертуары налічваецца 10 дарослых пастановак і 12 дзіцячых. У мінулым годзе тэатр гастраляваў па Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях.
2008 г.
Артыст Уладзімір Навумік: “Я люблю свой тэатр”
— Уладзімір Аляксандравіч, час бяжыць хутка. Глядзіш ужо і Слонімскаму беларускаму драматычнаму тэатру 15 гадоў. Столькі гадоў на яго сцэне працуеце і Вы. Што даў Вам тэатр і чаму навучыў?
— Акцёрскаму майстэрству мяне навучыў рэжысёр Мікалай Варвашэвіч. Ён таксама навучыў мяне па-сапраўднаму моцна любіць наш тэатр.
— Значыць для акцёра Уладзіміра Навуміка тэатр пачынаецца і пачаўся не з вешалкі, як кажуць у народзе, а з Мікалая Варвашэвіча. Так?
— Сапраўды так. Я скончыў вучылішча мастацтваў у Гродне, Беларускую акадэмію мастацтваў, дзе працуе шмат выдатных педагогаў, але сваім сцэнічным настаўнікам быў і застаўся для мяне менавіта Мікалай Варвашэвіч.
— А што для Вас значыць сёння тэатр?
— Найперш — гэта праца. Які б у мяне настрой не быў, але да сваёй прафесіі стараюся адносіцца заўсёды сур’ёзна.
— Вы сыгралі на слонімскай сцэне дзесяткі роляў. Ці ёсць у Вас любімыя ролі, якія запомніліся, якія хочацца іграць і іграць?
— Вядома ёсць. Найперш гэта вобраз пісара са спектакля “Лекі ад кахання” па п’есе Уладзіслава Галубка “Пісаравы імяніны”. З вялікай радасцю я ўспамінаю гэты спектакль, дзе са мною побач ігралі цудоўныя артысты. Не магу забыць і спектакль “Сабака з залатым зубам”, дзе я выконваў ролю сяржанта Дзюбы. Даспадобы мне і вобраз Бальзамінава ў спектаклі “Жаніцьба Бальзамінава”. Усе гэтыя найвыдатнейшыя спектаклі некалі ажыццявіў на нашай сцэне ўсё той жа Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч. А сёння мне падабаецца мой герой Цярэшка Калабок у спектаклі “Трыбунал” рэжысёра Віктара Небальсіна. Я з вялікім задавальненнем іграю Цярэшку Калабка. А першым маім спектаклем на слонімскай сцэне была “Папялушка”. Спачатку я ў ім іграў блазана, а пасля — прынца. Калі толькі тэатр наш пачаў існаваць, я ў ім працаваў не толькі артыстам, але і адміністратарам. Я ездзіў у тыя ж Маладзечна, Асіповічы, Вілейку і ў іншыя гарады рэспублікі, дзе арганізоўваў спектаклі: прадаваў білеты, збіраў грошы, а пасля ў касцюме свайго героя бег на сцэну выконваць ролю.
— Нашаму тэатру — 15 гадоў. У якія пяць гадоў Вам найлепш і цікавей працавалася?
— Першыя пяць гадоў у тэатры я вучыўся сцэнічнаму мастацтву. Быў малады, не было вопыту ні тэатральнага, ні жыццёвага. А вось другая пяцёрка гадоў у тэатры была цікавай і плённай. Яна і памятаецца часцей. Яна была больш асэнсаванай, тады пачало адчувацца пачуццё прэм’еры, прафесіі, цябе сталі нават пазнаваць у горадзе. О, гэта не забываецца!
— Вы сказалі, што Вас, як артыста, нават пазнаюць у горадзе. На гэты конт які-небудзь выпадак можаце сёння прыгадаць?
— Адзін раз стаю на нашым слонімскім рынку. Падыходзіць жанчына і кажа: “Маладзец! Добрага зайца сыграў!”. Пытаюся: якога зайца? “Я была на Вашым спектаклі і бачыла, як Вы ігралі ролю зайца. Мне спадабалася”, — адказала жанчына і пайшла. Ды такіх прыкладаў можна прыгадаць шмат.
— Уладзімір Аляксандравіч, калі б так сталася, што Вы не сталі артыстам, якую прафесію для сябе выбралі б?
— Прафесію будаўніка. Для мяне сёння цяжкасцю не з’яўляецца, напрыклад, насіць цэмент, цэглу, пясок…
— Дык можа сённяшнім будаўнічым арганізацыям не хапае такога выдатнага спецыяліста, як Вы?
— Сёння ў Беларусі даволі многа выдатных спецыялістаў-будаўнікоў, а таксама цудоўных артыстаў. Галоўнае, каб для іх знаходзілася праца і плацілі добры заробак.
2005 г.
Артыстка Вікторыя Міхальчык “Тэатр – маё жыццё”
— Вікторыя Уладзіміраўна, ці памятаецца Вам першы выхад на слонімскую тэатральную сцэну і першая ваша роля ў спектаклі?
— Вядома, памятаецца. Гэта быў спектакль для дзяцей “Антосік і гармонік”, дзе я сыграла ролю бабулі. Ставіў гэты спектакль малады тады рэжысёр Сяргей Бачкоў. Першая роля — гэта хваляванне, тым больш што заўсёды хвалюешся, калі выходзіш на сцэну. Калі няма хвалявання, можа нічога не атрымацца. Але побач са мною былі выдатныя партнёры — артысты Мікалай Сцешыц, Віктар Багушэвіч, Таццяна Натарава, — і мне з імі станавілася лягчэй. Яны заўсёды дапамагалі маладым артыстам.
— Відаць, з імі было добра працаваць? А з кім сёння Вам выдатна і лёгка працуецца на сцэне?
— Мне нядрэнна працуецца з усімі артыстамі, але найлепш з Наталляй Шугай, Ірынай Яцук і Сяргеем Лішыкам. Ад партнёраў на сцэне залежыць многае, найперш поспех. Калі ёсць сцэнічны ансамбль — значыць, усё атрымаецца.
— Вікторыя Уладзіміраўна, я ведаю, што Вы нарадзіліся на Браншчыне ў горадзе Карачаў. Чаму Вы вырашылі паступіць менавіта ў вучылішча культуры?
— Спачатку я паступала ў Бранскі педінстытут на філфак, але цётка мая мяне адгаварыла і прапанавала вучыцца на артыстку, бо я мела на гэта здольнасці. Я забрала дакументы і вырашыла паступаць у вучылішча культуры на спецыяльнасць “рэжысёр самадзейных тэатральных калектываў”. Паступіла. Там былі вельмі добрыя тэатральныя выкладчыкі, шмат чаму навучылі, найперш — як любіць тэатр, разумець яго. Пасля вучылішча я з бацькамі (бацька — вайсковец) прыехала ў Слонім і трапіла ў тэатр Мікалая Варвашэвіча. Дарэчы, у тэатр мяне прывёў Мікалай Адамчык, прывёў і пакінуў тут, як аказалася, на ўсе гэтыя гады.
— Cкажыце, а ці можна сёння ў нашым тэатры дасягнуць акцёрскай вышыні і вядомасці, а таксама званняў заслужанага ці народнага артыста?
— Не. Цяпер наш тэатр перажывае нялёгкі час. Мне здаецца, дасягнуць найвышэйшага акцёрскага майстэрства ў нашым тэатры пакуль немагчыма. А гэта можна зрабіць толькі тады, калі ў тэатра будзе стабільны і сур’ёзны рэпертуар. І ўсе акцёры будуць працаваць не на план па фінансах і гледачах, а на якасць спектакляў, на асобнага адукаванага гледача, а таксама ўдасканальваць сваё майстэрства. А ў нас такога дарослага рэпертуара няма. Бо трэба выканаць месячны ці гадавы планы, мы ў асноўным працуем над дзіцячымі пастаноўкамі і гастралюем з імі па рэспубліцы. А ў дзіцячых спектаклях званне заслужанага ці народнага артыста не атрымаеш, асабліва ў правінцыі. Пачынаць акцёрскае жыццё артысту, вядома, найпрасцей са сцэнічнай казкі. Але каб паказаць акцёрскі рост, каб стварыць глыбокі сцэнічны вобраз, неабходна найвыдатнейшая драматургія і рэжысура. А нам гэтага пакуль бракуе. Ёсць і шэраг іншых праблем і нюансаў. Але, мне здаецца, што час працуе на наш тэатр. І тады са сталіцы ў Слонім будуць ехаць гледачы, каб паглядзець тую ці іншую пастаноўку. Мне ў гэта верыцца.
— Няўжо ў нашым тэатры адчуваецца творчае зацішша? Усе ж працуюць: ідуць рэпетыцыі, гастролі, рыхтуюцца новыя пастаноўкі і для дарослых, і для дзяцей. А можа, у тэатры сёння не хапае такога чалавека, якім быў Мікалай Варвашэвіч? Ці, можа, Вы ў свой час проста да яго прывыклі? Усё ж час не стаіць на месцы, час сваё нешта заўсёды мяняе. І Вам трэба ісці ў нагу з часам…
— Можа, вы і маеце рацыю. Але мы павінны аддаць гэтаму чалавеку належнае. Ён нас вучыў ТЭАТРУ. І мяне таксама вучыў. І я гэтым ганаруся, што прайшла школу Варвашэвіча. Пра яго старэйшыя акцёры нашага тэатра казалі, што першыя два курсы акадэміі мастацтваў даваў у тэатры маладым акцёрам Мікалай Варвашэвіч. Ён, сапраўды, прывіваў любоў да прафесіі акцёра, дысцыпліну ў прафесіі. Казаў, што ніколі не трэба спазняцца на рэпетыцыі, на выезд, на спектакль. Гэта святое — прыйсці своечасова, загадзя. І на рэпетыцыях акцёр павінен выкладвацца поўнасцю, інакш вынікаў не ўбачыш.
— Але акцёры павінны і самі самастойна працаваць над сваімі ролямі, над павышэннем акцёрскага майстэрства…
— Павінны. І шчыра кажучы, нам усім трэба шмат яшчэ працаваць над сабою. Ды і поспех нашага тэатра залежыць ад нас саміх, а не толькі ад рэжысёраў.
— У Вас ёсць такія ролі, якія ўспамінаюцца з радасцю, ад якіх святлее на душы?
— Ёсць шмат. Але мне найдаражэйшыя ролі Красавінай у “Жаніцьбе Бальзамінава”, Ані ў спектаклі “Мы ідзем глядзець “Чапаева” і Сафі ў “Сямейным уік-эндзе”. А з дзіцячых спектакляў успамінаецца роля пані Крывулькі ў казцы “Чарадзейныя суніцы” паводле п’есы Аляксея Якімовіча, а таксама былі цудоўныя ролі ў спектаклях “Папялушка” і “Жыла-была Сыраежка”.
— Якія ёсць спадзяванні ў артысткі Вікторыі Міхальчык?
— Надзея заўсёды памірае апошняй. Спадзяюся сыграць вялікую і сур’ёзную ролю, якую гледачы доўга памяталі б. Хочацца таксама вярнуцца да былых традыцый. Мы кожную нядзелю тады паказвалі спектакль для дарослых гледачоў. І слонімцы ведалі, што ў нашым горадзе ёсць тэатр. І ведалі тое, куды можна было схадзіць адпачыць у выхадны дзень. І ў нас тады быў свой глядач. Хочацца яшчэ спадзявацца, што ў нашым старажытным горадзе нарэшце пабудуюць тэатр, пра які мы марым ужо 15 гадоў.
— Але і пяць гадоў таму тэатр перажываў таксама нялёгкі час?
— Мы тады часцей выходзілі на сцэну і паказвалі сваё майстэрства слонімскаму даросламу гледачу, хаця зала не заўсёды была запоўненая, і мы на гэты конт спрачаліся з былым дырэктарам Клябанавым. Выхаднымі днямі паказвалі і дзіцячыя спектаклі. Я наогул люблю, калі гледачы прыходзяць у тэатр адпачыць. Яны па-святочнаму апранутыя, радасныя, садзяцца ў залу і чакаюць, калі пачнецца спектакль. І калі я на сцэне, то адчуваю гэта — і мне становіцца лёгка і прыемна прыносіць ім пэўную асалоду. А гледачы разам з нашымі героямі перажываюць, радуюцца, а таксама запамінаюць нас, артыстаў, каб пасля зноў прыйсці на новую прэм’еру.
— Тэатр для Вас — гэта праца ці захапленне?
— Тэатр для мяне — гэта жыццё.
— А Вы не саромеецеся казаць, што працуеце артысткай у тэатры?
— Мне, на жаль, не вельмі хочацца гаварыць у Слоніме, што я працую артысткай. Гэта не значыць, што я саромеюся сваёй прафесіі, не, ні ў якім разе. У нас моцна адчуваецца правінцыя і людзі — правінцыйныя. Для іх акцёры — гэта тыя, каго паказваюць у серыялах ці баевіках па тэлебачанні. А ў Слоніме для іх, якія могуць быць артысты? Таму часам з-за гэтага бывае крыўдна. Але я ганаруся, што працую артысткаю і на сцэне магу пражыць лёс і жыццё іншага чалавека.
— Вікторыя Уладзіміраўна, у якіх новых спектаклях у найбліжэйшы час Вас убачаць слонімскія і іншыя гледачы?
— У новым спектаклі “Трыбунал” паводле п’есы Андрэя Макаёнка я сыграла ролю Надзеі — нявесткі Цярэшкі Калабка. А юныя гледачы мяне ўбачаць у навагодняй казцы “Чарадзейны гадзіннік”, якую напісаў і будзе ставіць Віктар Небальсін.
2004 г.
Артыстка Наталля Шугай: “Тэатр трэба любіць так, як любім яго мы”
-- Наталля, раскажыце, калі ласка, трохі пра сябе.
-- Я нарадзілася на Украіне, скончыла Кіеўскі інстытут культуры імя Карнейчука. Выйшла замуж і з мужам у 1997 годзе прыехала ў Слонім па месцу яго службы.
-- І даведаліся, што ў Слоніме існуе прафесійны драматычны тэатр. Так?
-- Вядома. Прыйшла ў тэатр да рэжысёра Мікалая Варвашэвіча і сказала, што хачу працаваць у тэатры. Ён мяне ўважліва паслухаў і сказаў, каб выходзіла на працу. У гэты час рэжысёр якраз рэпеціраваў спектакль для дзяцей “Зайка-зазнайка”, дзе прапанаваў мне ролю зайчаняці. І я сыграла. Наогул, тады з Мікалаем Фёдаравічам Варвашэвічам было працаваць вельмі цікава, асабліва маладым акцёрам. Бо ён быў не толькі рэжысёрам-пастаноўшчыкам у тэатры, але і педагогам. Ставіў нам, маладым акцёрам, канкрэтную задачу на сцэне, паказваў кожны рух, працаваў з акцёрамі над раскрыццём псіхалогіі персанажаў. Такія людзі не забываюцца.
-- Ці ёсць у Вас любімая роля, якую Вы выканалі на сцэне нашага тэатра?
-- Усе любімыя. Але найбольш мне падабаецца роля Марты ў спектаклі “Непаразуменне”, які паставіў рэжысёр Віктар Бутакоў па п’есе Камю. Наогул, я люблю іграць ролі драматычныя і трагедыйныя, якія моцна адрозніваюцца ад майго характара. Хацела б сыграць моцную асобу, жанчыну вялікай сілы волі, напрыклад Жану Д’арк ці Федру.
-- Вас часта можна ўбачыць і ў спектаклях для дзяцей. Відаць, ёсць і там любімыя Вашы сцэнічныя героі?
-- Роляў дваццаць я ўжо сыграла ў спектаклях для самых маленькіх, але вельмі ўважлівых, дасціпных і сур’ёзных гледачоў. Найбольш люблю іграць на сцэне хлопчыкаў. Мне вельмі падабаецца роля масляняці ў спектаклі “Жыла-была Сыраежка”, роля малога ў “Малышу і Карлсане”, а таксама люблю іграць розных зайцаў. Праўда, цяпер з рэжысёрам Васілём Сяўцом, які ставіць спектакль “Чудеса на змеином болоте”, працую над роллю змяі падкалотнай. Таксама роля з характарам. Спектакль будзе на рускай мове.
-- Дарэчы, Вы прыехалі з Украіны, а тэатр наш тады быў беларускамоўным. Ці былі ў Вас праблемы з моваю?
-- Абсалютна ніякай. Тэатральныя школы Беларусі і Украіны вельмі падобныя. Падобныя і мовы. Спачатку вывучвала ролі на памяць, дапамагалі калегі па працы, а цяпер праблем з моваю не існуе. Галоўнае, каб спектаклі былі цікавыя, каб на іх ішлі гледачы, каб слонімцы ведалі, што ў нашым горадзе існуе дзяржаўны прафесійны драматычны тэатр. Бо ёсць такія, хто пра гэта зусім не ведае, ды і ні разу не быў у нашым тэатры.
-- Якая мара ў артысткі Наталлі Шугай?
-- Планаў і мараў у мяне шмат. Але ёсць адна. І не толькі ў мяне, але і ва ўсіх работнікаў тэатра, ды і ў слонімцаў наогул. Гэта мець у цэнтры горада свой будынак тэатра – свой дом. Хопіць тэатру ўжо 17 гадоў жыць на кватэры, жыць не ў сваім доме. Хочацца, каб наш тэатр быў навідавоку, каб і той, хто ні разу не быў у ім – завітаў і назаўсёды палюбіў у Слоніме чароўнае сцэнічнае мастацтва, палюбіў так, як любім яго мы.
2007 г.
Артыстка Ірына Яцук: “Я жыву на слонімскай сцэне”
-- Ірына, Вы з самага маленства марылі стаць артысткай ці гэта была нейкая выпадковасць?
-- Я родам з Віцебшчыны. Вучылася ў Белдзяржуніверсітэце. А мой зямляк і сябар Сяргей Бачкоў (цяпер артыст Гродзенскага абласнога тэатра) вучыўся тады ў Мінску ў інстытуце культуры. Вось ён мяне разам з рэжысёрам Віктарам Небальсіным аднойчы паклікаў у Слонім на “агледзіны” да Мікалая Фёдаравіча Варвашэвіча, дзякуючы якому ў Слоніме тады з’явіўся дзяржаўны драматычны тэатр. Я прыехала сюды і тут засталася, дзе працую ў тэатры ўжо 17 гадоў. Спачатку была памочнікам рэжысёра, пасля манціроўшчыцай сцэны, адміністратарам, адным словам прайшла ўсе азы тэатральнага мастацтва. І аднойчы рэжысёр Віктар Небальсін вырашыў мяне выпусціць на сцэну ў спектаклі “Крыштальная сняжынка”. З той пары я і жыву на слонімскай сцэне.
-- Якая Вам найбольш роля памятаецца, найбольш падабаецца з тых, якія Вы сыгралі на сцэне Слонімскага драмтэатра?
-- Усе. Вельмі мне падабаўся спектакль “Пярсідскі бэз” па п’есе Мікалая Каляды. Часта прыгадваюцца спектаклі рэжысёра Мікалая Варвашэвіча “Лекі ад кахання”, “Жаніцьба Бальзамінава”, “Сабака з залатым зубам”. Вельмі сумую па тых артыстах з якімі некалі разам працавала ў Слоніме. Гэта з Віктарам Багушэвічам, Мікалаем Сцешыцам, Таццянай Паўлавай, Таццянай Натаравай. Наш тэатр некалі пачынаўся не з нуля, а адразу з поспехаў, удач, сцэнічнага адкрыцця. Бяда нашага горада ў тым, што акцёраў не забяспечваюць жыллём, а маглі б у нас працаваць добрыя акцёры, калі б хоць адну кватэру райвыканкам у год выдаткоўваў для тэатра. Але пра гэта толькі можна марыць, як і пра сам новы тэатр у цэнтры горада.
-- Што думаецца Вам, Ірына, пасля таго, як Вас уганаравалі абласной прэміяй імя Аляксандра Дубко?
-- Я думаю, што гэта нейкая выпадковасць. Хаця наш дырэктар тэатра Мікалай Васільевіч Лішык кажа, што нічога выпадковага не бывае. У цэлым, гэта заслуга не мая, а ўсяго нашага калектыву. Асабліва заслуга тых, хто шчыра адданы тэатру. Проста я паехала ў Гродна, атрымала прэмію і прывязла яе ў тэатр. Дарэчы, я даведалася, што наш артыст Уладзімір Навумік узнагароджаны граматай Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Хутка ён яе, а таксама прэмію, атрымае.
-- Значыць, праца акцёраў Слонімскага драмтэатра не прападае марна, а па-сапраўднаму прыносіць карысць людзям?
-- Тэатр – вялікае мастацтва, культура. Тэатр трэба разумець, цаніць, тэатру трэба верыць, бо калі ўжо закахаешся (іншага слова я не знаходжу) у тэатр – здрадзіць яму немагчыма.
-- Вы ўжо вопытная артыстка, сыгралі на слонімскай сцэне дзесяткі роляў. А ці хвалюецеся цяпер, калі выходзіце на сцэну?
-- Цяпер, як не дзіўна, хвалююся больш, чым раней. Адказнасць адчуваю не толькі за сябе, але і за партнёраў, якія працуюць са мною на сцэне. І так было раней, і мусіць так будзе заўсёды. Калі артыст не будзе хвалявацца – не атрымаецца спектакля. Ды і не толькі трэба хвалявацца, а на сцэне неабходна жыць сваімі героямі, а не іграць іх ролі.
-- Тым не менш, якую ролю яшчэ марыць артыстка Ірына Яцук сыграць на сцэне Слонімскага драматычнага тэатра?
-- Усе. Здаецца, усіх сцэнічных герояў іграла б. І хоць заўсёды мяне палохае новая роля, але на сцэну цягне магнітам. Люблю і ў спектаклях для дзяцей удзельнічаць, і ў спектаклях для дарослых. Я амаль ва ўсіх пастаноўках іграла лісіцаў. Цяпер рэпеціруем новы спектакль для дзяцей, а там таксама ёсць ліса. Яе іншая артыстка іграе. Але там такая “смачная” ліса, такое поле дзейнасці для артысткі, што ледзь утрымліваюся ад вобразу гэтай казачнай вядомай гераіні.
-- Што Вы скажаце пра сучасны стан нашых беларускіх тэатраў.
-- Некалі Уільям Шэкспір прыйшоў да высновы, што тэатр – люстэрка свету, а людзі ў ім – акцёры. Гэтаму люстэрку сёння нялёгка. Беларускі тэатр перажывае няпросты час. Але, калі нашаму тэатру было лёгка?.. Тым не менш, наша задача – гэта радаваць гледачоў новыя сцэнічнымі пастаноўкамі і цікавымі ролямі. Тэатр у Беларусі быў, ёсць і будзе.
2008 г.
Рэжысёры і акцёры, якія працавалі ў Слонімскім драматычным тэатры
(1990 - 2008 г. г.)
Багушэвіч Віктар
Бандарук Валерый
Бачкоў Сяргей
Богдан Аляксандр
Будзілаў Аркадзь
Бутакоў Віктар
Бяленя Вольга
Варвашэвіч Мікалай
Вятошкіна Ірына
Галаванава Тамара
Гойжа Валянціна
Грасевіч Таццяна
Грасевіч Юрый
Грынчык Людміла
Дзмітрэнка Уладзімір
Дубік Таццяна
Ёрш Іна
Жук Таццяна
Залатухін Уладзімір
Казачонак Мікалай
Камінскі Аляксандр
Карташэвіч Лідзія
Літвіненка Лілія
Лішык Сяргей
Мальковіч Казімір
Мартынава Наталля
Марэцкая Ірына
Марэцкі Юрый
Мурычын Валерый
Міхалік Мікалай
Наўгародская Святлана
Натарава Таццяна
Нікалаюк Віктар
Нупрэйчык Дзяніс
Палішчук Кацярына
Паляўкова Алена
Паўлава Таццяна
Пракопіч Сяргей
Працэнка Кліменціна
Прэдка Анжэліка
Пятрашка Валянціна
Савушкін Алег
Сакалова Алена
Селіванава Настасся
Скарбеева Марына
Слабодчыкава Аксана
Случко Сяргей
Струкаў Пётр
Сурмейка Юлія
Сцешыц Мікалай
Танчук Ірына
Шалахонаў Аляксандр
Шэлепава Ганна
Чуйко Наталля