Развіццё турнірных традыцый у Еўропе

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Развіццё турнірных традыцый у Еўропе

Вызначыць пачатак турнірнай традыцыі ў Еўропе можна толькі з пэўнай доляй умоўнасці. Можна сустрэць меркаванні, што турніры ўзніклі ў ХІ ст. ў Францыі і што да іх вынаходніцтва спрычыніўся нехта Готфрэй де Прэйі.2 Аднак больш слушным падаецца думка, што правобразы рыцарскіх турніраў можна было напаткаць яшчэ ў значна больш аддаленыя часы. Відавочна, што трэніровачныя баі, таксама як і паказальныя сутычкі, закліканыя прадэманстраваць спрыт удзельнікаў і іх уменне валодаць зброяй, маюць бадай такую самую даўнюю гісторыю, як і сама зброя. Практычна ва ўсіх народаў і цывілізацый сустракаюцца ваенныя гульні, якія сягаюць сваімі каранямі часоў родавай арганізацыі. Паядынкі і групавыя баі часам прыўрочваліся да важных падзей – выбару новых правадыроў, іх пахавання і г.д. Былі яны пашыраны і сярод германскіх плямёнаў, як правобраз уласна еўрапейскіх баявых гульняў.

У старажытным Рыме конныя сутычкі ўзброеных воінаў мелі характар ваенных спаборніцтваў. Ужо тады існавала спецыяльная “турнірная” зброя і рыштунак. Дзве каманды апранутыя ў спецыяльныя аздобленыя даспехі, кідалі адна ў адну затупленыя дроцікі. У той жа час гладыятарскія баі, нягледзячы на пэўная вонкавае падабенства, могуць быць залічаны да турнірных “забаў” толькі з вялікай нацяжкай. Перш за ўсё гэта звязана з абсалютна не ўласцівым для турніраў духу такіх баёў, задачай якіх было не столькі дэманстраванне ўмення абыходжання са зброяй і не падрыхтоўка да вайны, а само праліццё крыві, прылюднае забойства, і ў гэтым сэнсе форма, у якой гэта забойства адбывалася, мела другараднае значэнне. У разе патрэбы на ахвяр маглі нацкоўвацца дзікія звяры і тут ужо сыход “бітвы” быў прадвырашаны. У той жа час уяўляецца, што турнірныя рысы былі ўласцівыя некаторым відам чыста спартыўных спаборніцтваў, меўшых баявое практычнае прымяненне (барацьба, рукапашны бой, кіданне кап?я і г.д.)

Калі ж гаварыць пра еўрапейскае сярэднявечча, то і тут правобразы турніраў мажна напаткаць задоўга да ХІ ст. Прынамсі баі, рэгламентаваныя пэўнымі правіламі, праводзіліся ўжо ў ІХ ст. Менавіта сярэдзінай гэтага стагоддзя, а менавіта 844 г. датуюцца зафіксаваныя ў хроніцы пляменніка Карла Вялікага Нейтхарта паказальныя спаборніцтвы воінаў Людовіка Нямецкага і яго брата Карла Лысага, падзеленых на роўныя па колькасці атрады. Яны “сыходзіліся на спецыяльна выбраным з гэтай мэтай месцы і ў прысутнасці народа, які цясніўся з усіх бакоў, вялікія атрады саксаў, гасконцаў, аўстразіеў і брэтонцаў кідаліся хутка адзін на аднаго з абодвух бакоў; затым адны з іх паварочвалі сваіх коней і, прыкрыўшыся шчытамі, шукалі паратунку ва ўцёках ад напору ворага, які пераследваў уцекачоў; нарэшце, абодва каралі, акружаныя выбранай моладдзю, кідаліся адзін на аднаго, выставіўшы коп?і наперад, і, імітуючы хістанні сапраіднай бітвы, то той, то іншы бок кідаўся на ўцёкі”. Верагодна, што такія спаборніцтвы мелі працяг і ў Х ст.

Самая ранняя ўзгадка пра турніры ХI ст. датуецца 1062 г., калі падчас аблогі два рыцары змагаліся паміж сабой на вачах у варагуючых армій. Адзін з удзельнікаў загінуў. Прыз чатыры гады, у 1066 г. загінуў на турніры і згаданы Готфрэй дэ Прэйі, які ўнёс у парадак правядзення такіх мерапрыемстваў пэўную сістэму.У гэты час турніры мала чым адрозніваліся ад сапраўднага бою. На іх можна было выкарыстоўваць любую зброю, у тым ліку далёкага бою, менш, чым у пазнейшыя часы, звярталася ўвагі на сацыяльную прыналежнасць удзельнікаў, рытуал і ўрачыстую атмасферу правядзення. Мэтай такіх сутыкненняў было не знішчэнне праціўніка, а захоп яго ў палон з далейшым атрыманнем выкупа.3 Аднак выпадкі гібелі ўдзельнікаў былі на ранніх турнірах звычайнай справай. Гэтаму спрыяла адсутнасць спецыяльных ахоўных правілаў, адпаведных прыстасаванняў, а таксама выкарыстанне звычайнага баявога рыштунка і зброі. У 1175 г. у Германіі на турнірах загінула 17 рыцараў, а толькі на адным турніры, арганізаваным у 1240 г. у Нойсе каля Кёльна пазбавілася жыцця ажно 60 чалавек.4

Радзімай сярэднявечных турніраў у поўным сэнсе гэтага слова былі Германія і Францыя. Толькі пачынаючы з ХІІ ст. турніры пранікаюць у Англію, дзе турніры яшчэ ў 1194 г. называліся “французскімі баямі”, Італію і іншыя краіны Еўропы. Неўзабаве яны дасягаюць краёў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. У 1220 г. такія формы баявых практыкаванняў з?яўляюцца ў Венгрыі, у 1243 г. – на Шлёнзку (у Сілезіі), у 1250 г. – у Чэхіі і г.д.5 У Польшчы росквіт турніраў прыпаў на перыяд канца ХІV – ХVІ ст., які ў цэлым супаў з панаваннем дынастыі Ягелонаў. У гэты ж час да турнірнай практыкі далучаюцца феадалы саюзнага з Польшчай Вялікага княства Літоўскага. Яшчэ на пачатку ХV ст. на турнірах, што адбываліся пры дварах еўрапейскіх манархаў, можна было сустрэць прадстаўнікоў балканскіх народаў – баснійцаў, сербаў, балгараў, албанцаў і г.д., захопленых пазней туркамі-асманамі.6 Баявыя гульні, якія набліжаліся да заходнееўрапейскіх турніраў, былі распаўсюджаны таксама на землях Русі.7

Тым не менш, распаўсюджанне турніраў сутыкалася з сур?ёзнымі абмежаваннямі з боку як свецкіх, так і духоўных улад. Каралі і іерархі каталіцкага касцёлу небезпадстаўна разглядалі баявыя гульні не толькі як эфектыўны сродак падрыхтоўкі да вайны, але і як не менш “эфектыўны” сродак вынішчэння найбольш баяздольнага рыцарства ў мірны час. У Англіі, напрыклад, турніры былі забаронены ажно да 1194 г. і толькі Рачард І Львінае Сэрца дазволіў іх правядзенне. Прычым праводзіцца яны маглі толькі ў спецыяльна вызначаных пяці месцах, а ўдзельнікі павінны былі ўносіць у каралеўскі скарб плату, памеры якой залежала ад іх сацыяльнага статуса. Іншаземным рыцарам удзел у турнірах, праводзімых на тэрыторыі Англіі, забараняўся. Асобы, якія б прымалі ўдзел у турніры без спецыяльнага дазволу, разглядаліся як злачынцы супраць Кароны і Касцёлу з прымяненнем супраць іх адпаведных санкцый, ажно да пазбаўлення маёнткаў і праклёну. Аднак забаронныя меры не заўсёды прыносілі чаканыя вынікі. Вільям з Невоны пісаў, што англійская рыцарская моладзь, пазбаўленая магчымасці змагацца на турніры і Англіі, рабіла гэта на кантыненце.

Аднак там аматары рыцарскіх прыгод таксама не заўсёды маглі адчуваць сябе вальготна. У Францыі турніры забараняліся каралямі Людовікам ІХ Святым (1214—1270) і Філіпам ІV Прыгожым (1268—1314), якія гразілі апалай тым, хто прымаў у іх удзел пад час праводзімых сеньёрам войнаў. Гэтая апошняя пагроза тлумачылася цалкам рэальнай небяспекай, якая ўзнікала ў выпадку ад?езду рыцарства з войска для ўдзелу ў турніраў, якія маглі цягнуцца досыць доўга. Аднак нават такія меры ўяўлялўся недастатковымі. У 1312 г. Філіп Прыгожы наогул забараніў сваім васалам удзельнічаць у турнірах як у самой Францыі, так і за яе межамі. Парушальнікам пагражалі турма, канфіскацыя гадавога ўраджая, баявых коней і ўзбраення.8

Суровыя кары свецкіх уладароў знаходзілі разуменне ў прадстаўнікоў духавенства. Клермонскі сабор 1130 г. і латэранскія саборы 1139, 1179, 1193 г. пагражалі аматарам турніраў адлучэннем. Надзвычай непрымірымую пазіцыю ў дачыненні да баявых забаў займаў Св. Бернард. Гэты прызнаны духоўны аўтарытэт сярэднявечнай Еўропы смерць на турнірах лічыў самагубствам – адным з самых страшных грахоў, за якое не толькі было прыгатавана гарантаванае месца ў пекле, але і забаранялася быць пахаваным на хрысціянскіх могілках. Яскравым прыкладам кардынацыі дзейнасці духоўных і свецкіх улад можа служыць забарона ў 1175 г. турнірнай практыкі арцыбіскупам Магдэбурга Вільгельмам, які да таго ж патрабаваў выдачы аналагічнай забароны ад свецкіх князёў.

Супраць правядзення турніраў уздымалі голас і славутыя гуманісты. Так, Петрарка сцвярджаў, што нідзе не знаходзіў згадак пра тое, што ў такіх практыкаваннях бралі ўдзел Цыцэрон альбо Сцыпіён.

Аднак папулярнасць турніраў была такая вялікая, што стрымаць іх распаўсюджанне было немагчыма. Пра шматлікасць удзельнікаў такіх мерапрыемстваў сведчыць тое, што на турніры, арганізаваным у 1311 г. у Растоку, прымала ўдзел 6400 рыцараў.9 Таму папа (антыпапа) Інакентый ІІІ (1179-1180) які сам жа перад гэтым праклінаў турніры, мусіў пад націскам грамадскай думкі абмежаваць праклён трохгадовым тэрмінам. А ў 1316 г. Ян ХІІ (1316-1334), папства якога прыпала на перыяд т.зв. “авіньёнскага палону”, відавочна не без уціску з боку французаў, цалкам зняў праклён з гэтай любімай рыцарскай забавы. З гэтага часу яна стала звыклай часткай пышных урачыстасцяў, такіх як каранацыі, вяселлі, хрэсьбіны і іншыя падзеі, вартыя таго, каб застацца, на думку арганізатараў, у памяці сучаснікаў і патомкаў.10

У сярэдзіне ХІІ ст. у нямецкіх хроніках з?яўляецца тэрмін “буругт” (Buhurt), значэнне якога высветлена не да канца. Магчыма, што першапачаткова ён ужываўся для агульнага абазначэння ўсіх баявых забаў, якія ў канцы ХІІ ст. сталі абазначацца французскім словам “турнір”. З гэтага часу назва “бугурт” стала, па ўсёй верагоднасці, ужывацца ў дачыненні да спаборніцтваў у лёгкіх даспехах ці ўвогуле без іх і на якіх маглі выступаць не толькі феадалы, але і мяшчане. Наступальнай зброяй служылі тупыя мячы ці спецыяльныя турнірныя дубіны. У ХІІ-ХІІІ стст. у Францыі і Англіі для абазначэння турнірных сутычак на коп?ях, адзіночных і групавых, ужываўся яшчэ адзін тэрмін – “хейстильюд” (hastilude, ад лат. hastiludium), што перакладаецца як “гульня з кап?ём”.11

Прынцыпы правядзення турніраў у цэлым аформіліся ў ХІІ-ХІІІ стст. Асноўнай формай правядзення баявых гульняў з?яўляліся групавыя баі (“меле”). Яны пачыналіся з сутычкі на коп?ях, асноўнай мэтай якой было выбіванне праціўніка з сядла ці “пераламанне” уласнага кап?я. У першым выпадку выбіралася максімальна вялікая дыстанцыя для разгона каня, тады як у другім выпадку было дастаткова кароткай дыстанцыі і не вельмі значнага разгона.12 У абодвух выпадках дэманстравалася сіла ўдару і ўменне трымацца ў сядле. Менавіта на гэты час прыпадае шпаркае распаўсюджанне новага спосаба валодання кап?ём. Калі каней яго свабодна трымалі ў руцэ ці прыціскалі да бядра, то з ХІІ ст. дрэўка сталі заціскаць пад пахай і сіла ўдара залежала не столькі ад фізічнай сілы вершніка, колькі ад яго ўстойлівасці ў сядле і разгона каня.

Падзенне кавалерыста, часам параненага, з каня на поўным скаку магло скончыцца для яго вельмі трагічна. Таму існавала практыка, калі ўдзельнікаў турніра суправаджалі спецыяльныя слугі, якія духаліся за імі пеша ці конна і павінны былі страхаваць рыцараў ад няўдалага падзення. Такія асобы называліся “турнірнымі стражнікамі”. У той жа час на турнірах дапускаліся такія “нешляхетныя” з пункту гледжання сучаснага чалавека прыёмы, як нападзенне коннага на пешага альбо нападзенне на аднаго ўдзельніка некалькіх праціўнікаў. Таму некаторыя ўдзельнікі для суправаджэння і прыкрыцця бралі з сабой цэлыя атрады пяхоты. Тым не менш, пры жаданні, ўзельнікі турніраў мелі выдатную магчымасць цішком паквітацца тут са сваімі праціўнікамі, хоць яны і давалі клятву, што ўдзельнічаюць у турнірах выключна для ўдасканалення баявых навыкаў. Да таго ж супрацьлеглыя каманды фарміраваліся часта па тэрытарыяльнаму ці нацыянальнаму прызнаку. Тады турніры ператвараліся ў практычна сапраўдныя маленькія бітвы, дзе непрыяцелі змагаліся адзін супраць аднаго так жа зацята, як на полі бою.13

З мэтай зменшыць крывавыя наступствы рыцарскіх гульныў у сярэдзіне – канцы ХІІІ ст. былі прыняты пэўныя абмежаванні ўдзельнікаў. Уводзілася спецыяльная тупая турнірная зброя, вызначалася паслядоўнасць ужывання тых ці іншых яе відаў. Забаранялася наносіць удары ў пэўныя часткі цела – найперш у ногі і правую руку, неабароненую шчытом. Парушальнікам залічваліся штрафныя балы, а ўвыпадку ранення ў забароненыя зоны, перамога аўтаматычна прысуджалася параненаму. Не дазвалялася групе ўдзельнікаў атакаваць аднаго. Для прадухілення перарастання турнікаў у некантралюемае пабоішча гледачам і слугам супернікаў забаранялася прысутнічаць на спаборніцтвах у даспехах і са зброяй.

Далейшая рэгламентацыя турніраў назіралася ў ХІV ст. У гэты час удзельнікі сталі выстаўляць напярэдадні гульняў свае шчыты з гербамі, каб кожны жадаючы мог дакрануцца да іх і тым самым выбраць сабе праціўніка. Шчыты маглі падзяляцца на “шчыты міра” і “шчыты вайны”. Выбар таго ці іншага віда абумоіліваў зброю, -- баявую ці затупленую, -- на якой змагаліся праціўнікі. Па-ранейшаму бой пачынаўся з сутычкі на коп?ях, якія адбываліся звычайна ў тры заезды. Паслупова колькасць заездаў павялічвалася і да канца ХІV ст. магла даходзіць да пяці. Пасля гэтага змаганне працягвалася на мячах, сякерах, булавах ці кінжалах. Першапачаткова яно адбывалася пеша, але ў далейшым дапускаліся і конныя баі. Гэтая фаза турніра вялася да нанясення пэўнай колькасці ўдараў (спачатку таксама трох, у далейшым – да пяці). Маглі залічвацца як любыя нанесеныя ўдары, так і толькі тыя, якія паразілі праціўніка.

Адначасова з увядзеннем усё большай колькасці абмежаванняў узрастала патрабаванне да відовішчнасці турніраў, якія набываюць рысы тэатралізаванасці. Удзельнікі баявых спаборніцтваў усё часцей звяратюць увагу не толькі на якасць зброі і даспехаў, але таксама на іх аздабленне. Яны не толькі выкарыстоўваюць звыклыя ўпрыгожанні ў выглядзе плюмажаў з пер’я ці геральдычных фігур, але апранаюць паверх даспеха касцюмы пэўных персанажаў (манахаў, герояў папулярных рыцарскіх раманаў і г.д.) Так, напрыклад, на турніры, арганізаваным у 1343 г. каля Лондана, з’явўліся ўдзельнікі, апранутыя ў касцюмы папы рымскага і яго кардыналаў. Часам нааварот, для інтрыгавання публікі байцы з’яўляліся ў вобразе “таямнічага рыцара”, у глухім шлеме, без гербаў ці якіх небудзь іншых указанняў на асобу незнаёмца. Турніры перамяжоўваліся з танцамі, пірамі, тэатралізаванымі сцэнкамі. На турнірах выступалі вандроўныя музыканты і менестрэлі, якія праслаўлялі подзвігі рыцараў на іншых турнірах, ствараючы тым самым своеасаблівую рэкламу як арганізатарам гульняў, так і іх удзельнікам.

Яшчэ адной характэрнай рысай турніраў у гэты час з’яўляецца іх выразны куртуазны характар. Яшчэ з ХІІІ ст. дамы разглядаліся як апякункі турніраў. У сувязі з гэтым сярод рыцарства распаўсюджваецца звычай насіць колеры сваёй дамы. Апошнія, у сваю чаргу, даравалі ўдзельнікам турніраў часткі свайго гардэроба як знак прыязні. У ХІV ст. папулярнасць набыло змаганне ў гонар якой небудзь пэўнай дамы, прычым пераможца забяспечваў ёй тытул “каралевы турніра”. У сваю чаргу і да дам часам скіроўваліся просьбы выбраць пераможцу турніра. Спаборніцтва за прыязнь дам параджала рэўнасць у асяроддзі рыцараў і варожасць паміж імі.14

Важным стымулам да ўдзелу ў турнірах было, асабліва на ранніх этапах развіцця турнірнай практыкі, імкненне паправіць сваё фінансавае становішча. Да пераможцы пераходзілі конь і даспехі пераможанага суперніка. Акрамя таго, практыкаваўся захоп праціўнікаў у палон і атрыманне за іх выкупа. Некаторыя, асабліва спрактыкаваныя і ўдачлівыя рыцары рабілі на гэтым вялікія грошы. Нехта Уільям Маршал з яшчэ адным рыцарам за 10 месяцаў 1177 г. здолеў узяць у палон 103 супернікі. Аднак у далейшым узнагарода пераможцы за кошт праціўнікаў стала насіць сімвалічны характар: ён атрымоўваў толькі частку баявога рыштунка, напрыклад шпору ці ўпрыгожанне са шлема суперніка. Галоўная ж узнагарода, таксама часам вельмі каштоўная – узбраенне, баявыя коні, кубкі, паляўнічыя сокалы і інш. – прадстаўлялася арганізатарам турніра. Часам, жадаючы павесяліць публіку, апошні мог вызначыць пацешны прыз. Так, на адным з англійскіх турніраў у 1215 г. узнагародай з’яўляўся мядзведзь.15

Увогуле арганізацыя турніраў была справай надзвычай дарагой. Апроч звычайных выдаткаў – патрыхтоўка месца спаборніцтваў, узнагароды пераможцаў і г.д., маглі патрабавацца дадатковыя выдаткі. Неабходныя сродкі спаганяліся з падданых альбо, прынамсі часткова, кампенсаваліся шляхам хітрых выдумак. Так, падчас візіту ў 1390 г. французскага караля Карла VІ ва ўладанне бургундскага герцага Дзіжон, быў арганізаваны пышны турнір. Над месцам яго правядзення было расцягнута сто локцяў сукна, бараніўшага ўдзельнікаў ад сонца і атмасферных ападкаў. Пасля завяршэння турніра сукно было парэзана на кавалкі і прададзена. Акрамя таго, герцаг за свой кошт забяспечыў удзельнікаў коп’ямі, для чаго яму давялося закупіць іх у колькасці трыста дваццаці штук.16

Імкненне да відовішчнасці і тэатралізаванасці, а таксама жаданне прадставіць у турнірнай традыцыі ўсе эпізоды рэальнай баявой практыкі, прыводзіла да з’яўлення ўсё новых відаў рыцарскіх гульняў. Адным з іх стала імітацыя штурму ўмацаванага замка. Найбольш раннім сведчаннем такіх практыкаванняў з’яўляюцца куфэркі са слановай косткі, вырабленыя ў Парыжы ў 1330-1350 гг. Вечкі многіх з іх аздоблены сцэнамі т.зв. “Штурма замка Любві”, якая бярэ свой пачатак у рыцарскай куртуазнай паэзіі. Узброеныя рыцары штурмуюць замак, які бароняць паненкі, што шпурляюць у рыцараў кветкамі. У далейшым штурм спецыяльна пабудаванага замка быў вельмі папулярным, праўда і ў ролі атакуючых, і абаронцаў выступалі тут каманды рыцараў. Каласальных маштабаў дасягнулі падобныя відовішчы ў ХVІ ст. У гэты час маглі ўзводзіцца цэлыя драўляныя гарады, абнесеныя рвамі, якія штурмавалі сотні чалавек, прычым для абароны і захопу ўмацаванняў маглі выкарыстоўвацца гарматы.17

У ХV ст. заканадаўцам турнірнай моды робіцца Бургундыя. Двор бургундскіх герцагаў лічыўся ўзорам для пераймання сярод манархаў тагачаснай Еўропы. Пышнасцю і вытанчанасцю арыгінальных выдумак вызначаліся турніры ў гарадах Італіі, дзе правядзенне гэтых сярэднявечных, па-сутнасці, вўдовішчаў было абстаўлена ў духу Рэнесанса. Італьянцам належыць таксама шэраг важных новаўвядзенняў у правілах правядзення турнірных баёў. Менавіта тут каля 1420 г. быў уведзены спецыяльны бар’ер для ўдзельнікаў парных сутычак на коп’ях, спачатку ў выглядзе каната, з якога звісала тканіна, а затым драўлянага плота. Цяпер удзельнікі раздзяляліся гэтым плотам, вышынёй каля 180 см., збліжаючыся паралельна яму па абодвух баках. Бар’ер прадухіляў сутыкненне ўдзельнікаў і іх коней, што змяншала рызыку атрымання рыцарамі механічных траўм і гібелі пад конскімі капытамі.

Узрастанне патрабаванняў да павелічэння пышнасці баявых спаборніцтваў прывяла да ўзнікнення ў ХV ст. турніраў па д’арм. Яны разыгрываліся ў адпаведнасці з распрацаваным сцэнарыем, па матывах якой небудзь гісторыі, прычым сама баявая частка з’яўлялася толькі элементам больш разгорнутага відовішча, у якім вялікая роля надавалася тэатралізаваным прадстаўленням з пэўным сюжэтам. Працягласць такіх турніраў магла перавышаць якія б то ні было разумныя межы. Так, адна з такіз забаў, арганізаваная ў лістападзе 1449 г., доўжылася па кастрычнік 1450 г. – амаль цэлы год! Касцюміраванасці турніраў па д’арм надавалася не меншая роля, чым непасрэдна выніку ўзброеных сутыкненняў. Іх удзельнікам забаранялася з’яўляцца на рысталішчы двойчы ў адным касцюме. У той жа час паралельна з такімі забавамі, якія мала што захавалі ад першапачатковай ідэі турніраў, у ХV ст. зноў павышаецца інтарэс да турніраў з выкарыстаннем баявой зброі.

Пасля гібелі Карла Смелага Бургундскага ў бітве пры Нансі ў 1477 г. і заняпаду бургундскага герцагства роля заканадаўца турнірнай моды пераходзіць да Святой Рымскай імперыі нямецкай нацыі. Імператар Максімільян І Габсбург (1459-1519, імператар з 1508 г.) вызначаўся асаблівай схільнасцю да ваеннай справы і рыцарскіх забаў і праяўляў у гэтай справе надзвычайны талент. Ён унёс неацэнны ўклад у справу адраджэння ў Германіі турнірнай традыцыі, якая трохі аслабла ў папярэднія часы, і спрыяў узняццю яе на якасна новы ўзровень. Гэты, як яго называла, “апошні рыцар сярэнявечнай Еўропы” праявіў сябе не толькі як спрактыкаваны воін, які выдатна валодаў зброяй. Ён выступаў як слынны мецэнат праектыроўшчыкаў новых відаў узбраення, майстроў, кавалёў і платнераў (даспешнікаў), прэстыж якіх узняўся на небывалую вышыню. Распрацоўкай узбраення ў часы Максімільяна не грэбавалі такія славутыя мастакі, як Альбрэхт Дзюрэр ці Ганс Бургкмайер. У той жа час з ўласным імем імператара звязваюць узнікненне пэўных відаў узбраення (напрыклад т.зв. “максімільянаўскі” даспех, які стаў важнай вехай эвалюцыі пласцінавага даспеха), а таксама новіх форм турніраў. Важная роля адводзілася пры двары Максімільяна і манерыстычнаму афармленню правядзення рыцарскіх гульняў. Вядучая роля Германіі ў фарміраванні турнірнай традыцыі гэтага часу абумовіла панаванне тут нямецкай тэрміналогіі.18

Аднак ХVІ ст. стала часам апошняга узлёта турнірнай традыцыі ў Еўропе. З аднаго боку, нягледзячы на настойлівыя пошуку максімальна бяспечных форм правядзення турніраў, яны заставаліся досыць крывавым відовішчам. Гэта засведчыла смерць французскага караля Генрыха ІІ у 1559 г., смяротна параненага абломкам кап’я ў твар. Гэта сведчылі шматлікія калецтвы і смерць менш тытулаваных удзельнікаў амаль кожнага турніра па ўсёй Еўропе. Яшчэ ў 1610 г. на турніры ў Неапалі загінула чатыры рыцары, якія парамі (два на два).19 У той жа час, новыя метады вядзення вайны, калі асноўнае месца на палях бітваў заняла пяхота ці кавалерыя, узброеная агняпальнай зброяй, пазбаўляла турніры практычнага значэння, ператвараючы іх у балаганныя прадстаўленні, здольныя выклікаць у сапраўдных вайскоўцаў толькі паблажлівую ўсмешку. Таму ў ХVІІ ст. турнірная практыка практычна занепадае.