Заключэнне

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Заключэнне

ХV – ХVІ стст. былі ў Вялікім княстве Літоўскім перыядам росквіту т.зв. “рыцарскай культуры”, якая была характэрна для ўсёй сярэднявечнай Еўропы, але ў найбольш развітых еўрапейскіх краінах перажывала тады свае апошнія “Залатыя часы”. У адрозненне ад зямель, дзе рыцарства як з?ява фарміравалася стагоддзямі, традыцыйна абрастаючы спецыфічнымі традыцыямі і рытуаламі, Літва і землі т.зв. “літоўскай Русі”, якія, дзякуючы свайму статусу паганскай ці “не зусім хрысціянскай” дзяржавы, разглядаліся рыцарамі Еўропы пераважна як аб?ект крыжацкага націску, заставаліся трохі ўбаку ад гэтага працэса.

Крэўская унія 1385 г. і дынастычная унія з Польшчай, а ў далейшым і з шэрагам іншых еўрапейскіх дзяржаў (Чэхія, Венгрыя), зрабіў магчымым для феадалаў Вялікага княства Літоўскага рэзкае і імклівае далучэнне да шматвекавых рыцарскіх традыцый сваіх заходніх суседзяў. Гэта ў больш ці менш поўнай меры адбылося на працягу жыцця некалькіх пакаленняў феадалаў. Цалкам характэрна гэта і ў плане іх далучэння да еўрапейскай турнірнай практыкі.

Даследчыкі, якія звяртаюць увагу на распаўсюджанне сярод пануючага саслоўя Вялікага княства Літоўскага навінак заходняй культуры, адзначаюць вялікую ролю ў гэтым працэсе вялікакняскага двару, які служыў аб?ектам падражання для магнатаў, а ў далейшым і для шляхты. Узрастанне моды на баявыя гульні не было ў гэтым сэнсе якімсьці выключэннем. Да самага канца ХVІ ст. кракаўскі і віленскі двары Ягелонаў і іх бліжэйшых пераемнікаў з?яўляліся галоўнейшымі цэнтрамі турнірнага жыцця Польшчы і Вялікага Княства, прычым роля гэтых цэнтраў знаходзілася ў самай непасрэднай сувязі з тым, у якім з іх знаходзіўся ў той ці іншы час манарх са сваім бліжэйшым атачэннем. Варта, аднак, прызнаць, што прыярытэт Кракава ў гэтым сэнсе быў відавочны.

Застаецца адкрытым пытанне аб тым, наколькі шырокім было ў Вялікім княстве Літоўскім кола ўдзельнікаў турніраў. Уяўляецца найбольш верагодным, што яно пераважна абмяжоўвалася асобамі, якія стала знаходзіліся пры вялікакняскім двары і складалі бліжэйшае атачэнне манархаў альбо буйнейшых магнатаў.