Парадак правядзення турніраў

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Парадак правядзення турніраў

Для правядзення турніраў, як правіла, арганізоўвалася спецыяльнае месца – рысталішча (у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім яно называлася “шранкі”). Гэта магла быць плошча ў горадзе, замкавы дзядзінец ці агароджаны ўчастак прастакутнай формы ў адкрытым полі. З цягам часу бар?ер стаў рабіцца двайным, а паміж бар?ерамі змяшчаліся слугі, якія дапамагалі выбітым з сядла рыцарам і воіны, не дапускаўшыя на поле натоўп. Для змяншэння рызыкі траўматызма рысталішча пасыпалі пяском і саломай. Пры правядзенні групавых турніраў рысталішча падзялялася двума нацягнутымі канатамі, якія перасякаліся перад пачаткам спаборніцтваў.

Уздоўж аднаго з даўжэйшых бакоў рысталішча ўзводзіліся трыбуны для гледачоў. Калі турніры праводзіліся ў горадзе, гледачы маглі, за пэўную плату, назіраць за яго правядзеннем з вакон дамоў размешчаных на плошчы. Калі турніры арганізоўваліся спантанна, напрыклад падчас аблогі непрыяцельскіх замкаў і гарадоў, месца для іх магло спецыяльна не абсталёўвацца. Здараліся таксама выпадкі правядзення турнірных гульняў у вялікіх залах.

Да ўдзелу ў турнірах дапускаліся толькі асобы шляхецкага паходжання. Таму кожны ўдзельнік павшнен быў даказаць суддзям і герольду сваё высакароднае паходжанне ў двух пакаленнях па бацькоўскай і мацярынскай лініі. Сур?ёзныя патрабаванні прад?яўляліся і да маральных якасцяў прэтэндэнтаў на ўдзел у турніры.

Вялікая ўвага звярталася на тое, каб зброя ўдзельнікаў, асабліва коп?і, былі аднолькавых памераў. Нават коней стараліся падбіраць аднаго роста, бо такім чынам для праціўнікаў ствараліся аднолькавыя ўмовы і вынік спаборніцтва залежаў толькі ад якасцяў кожнага канкрэтнага рыцара.

Існаваў шэраг агульных патрабаванняў пры правядзенні турніраў – забарона знарок калечыць каня праціўніка, ужываць барцоўскія прыёмы, наносіць удары ніжэй пояса, нападаць на рыцара, у якога быў збіты шлем, атакаваць праціўніка ззаду. Наадварот, узнагароджваліся прызамі такія дзеянні ўдзельнікаў, як выбіванне праціўніка з сядла ці збіванне яго на зямлю разам з канём, неаднаразовае траплянне ў наканечнік кап?я праціўніка ці візуру ягонага шлема, максімальная колькасць зламаных коп?яў, як мага большая працягласць знаходжання ў бітве.34

Нюансы арганізацыі турнірных гульняў маглі ў розных краінах вар?іравацца. Лічыцца, што найбольш строгімі і дэталёва распрацаванымі турнірныя правілы былі ў Германіі.35 Аднак у цэлым у часы позняга Сярэднявечча яны былі падобныя ва ўсёй Еўропе.

Важныя звесткі па арганізацыі турніраў прыносіць багата ілюстраваная “Турнірная кніга” караля Рэнэ Анжуйскага (1409—1470). Яна абапіраецца на правілах, пашыраных над Рэйнам, у Фландрыі і Бургундыі.36 Кніга сведчыць, што вялікая роля ў працэдуры арганізацыі турніраў належала герольдам. Сеньёр, які вырашаў арганізаваць ігрышчы, у прысутнасці вялікай колькасці рыцараў уручаў свайму гербаваму каралю ці іншаму вядомаму герольду меч. Гербавы кароль прымаў яго, трымаючы за клінок і ўкленчыўшы. Адначасова арганізатар прапаноўваў спіс патэнцыяльных суддзяў, які ў ідэале складаўся з васьмі кандыдатур. Гэты спіс перадаваўся, разам з мячом, іншаму сеньёру, якому арганізатар пасылаў выклік. Калі выклік прымаўся, то выклікаемы ўладар прымаў меч з рук укленчанага гербавага караля, беручы яго за рукаяць. Пасля гэтага гербовы кароль прад?яўляў гербы кандыдатаў у суддзі, з якіх выклікаемы сеньёр павінен быў выбраць чатырох.

Пасля гэтага гербовы кароль, прымацаваўшы на спецыяльны кавалак тканіны на правым плячы выявы абодвух сен?ёраў на конях і ў баявым рыштунку, накіроўваўся да суддзяў і перадаваў ім запрашэнні. Калі яны прымаліся, то суддзі дамаўляліся пра месца, час і ўмовы турніра. Абвяшчэнне пра пачатак турніра рабілася пры дварах абодвух сен?ёраў, а таксама праз памочнікаў гербавага караля – персевантаў, якія рассылаліся ў розныя месцы краю.

Удзельнікі турніра павінны былі з?явіцца да месца турніра за чатыры дні да яго правядзення. Важнай часткай турнірных урачыстасцяў з?яўляўся ўрачысты ўезд у горад ці замак. Першы вечар адводзіўся звычайна святочнай вячэры і танцам. На наступны дзень разглядаліся кандыдатуры на ўдзел у турніры. Для гэтага на ўсеагульны агляд выстаўляліся іх шлемы, якім спадарожнічалі сцягі прэтэндэнтаў. Суддзі рабілі абход, прычым герольды выкрыквалі імёны ўладальнікаў кожнага шлема. Калі нехта з прысутных паведамляў пра кандыдата нешта, што кідала цень на яго добрае імя, то шлем скідваўся на зямлю, а яго ўладальнік адхіляўся ад ўдзелу ў гульнях. Адхіленне суправаджалася насмешкамі, абразамі і нават пабоямі незадачлівага рыцара, які ў выніку мог быць пасаджаны, разам з сядлом, на агароджу рысталішча, дзе ён знаходзіўся ажно да канца турніра. Пасля агляду шлемы вярталіся ўладальнікам, а вечарам наладжваліся танцы.

На наступны дзень удзеньнікі, без зброі, прыязджалі на рысталішча. Там яны прысягалі выконваць правілы турніра. Вечар трэцяга дня таксама адводзіўся танцам.

Наступны дзень пачынаўся з запаўнення трыбун і апранання рыцараў у даспехі. Спецыяльна выбраны ганаровы рыцар, які меў права ў любы момант спыніць турнір, без шлема займаў месца на рысталішча паміж нацягнутымі канатамі. Супрацілеглыя каманды рыцараў станавіліся па абодвух баках канатаў. Удзельнікам зноў нагадвалі правілы, а герольды прадстаўлялі іх гледачам і адзін аднаму. Сігналам да сутычкі служылі гучныя заклікі, пасля якіх спецыяльныя людзі перасякалі сякерамі нацягнутыя ўпоперак рысталішча канаты. Як ужо адзначалася, апроч рыцараў, на полі знаходзіліся іх слугі, конныя ці пешыя, задачай якіх было падтрымаць падаючага гаспадара, зноў пасадзіць яго на каня, ці адцягнуць яго ў больш бяспечнае месца. Калі гэта было немагчыма, то слугі абаранялі яго да канца турніра, адбіваючыся ад непрыяцеля палкамі і абломкамі коп?яў.

Бой заканчваўся, калі суддзі падавалі спецыяльны знак трубачам, пасля чаго апошнія трубілі адбой. Па знаку трубы ўдзельнікі павінны былі пакінуць рысталішча. Вечар пасля турніра праводзіўся за святочнай вячэрай, уручэннем прызоў і танцамі.37

Вячэры ў піры наогул былі важнай часткай турнірных урачыстасцяў. Тут рыцары частавалі адзін аднаго, альбо наадварот, працягвалў спаборніцтва, праўда ўжо ў форме жартаў і кпінаў. Адно такое здарэнне адбылося на Венскім кангрэсе 1515 г., дзе сабраліся прадстаўнўкі германскіх земляў, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Кангрэс суправаджаўся пышнымі турнірнымі гульнямі. Не абыйшлося на з?ездзе і без узаемных і далёка не бяскрыўдных жартаў. Так, немцы здзекліва пацяшаліся над беднасцю зброі палякаў і маларосласцю іх коней. Для большай абразы яны прывялі неяк да палякаў старога і змучанага фрыза (элітная парода цяжкіх рыцарскіх коней) і прапанавалі купіць яго за 100 залатых. Палякі, вырашыўшы адказаць жартам на жарт, купілі каня і запрасілі немцаў на абед. Яны прыгатавалі фрыза і падалі як аляніну, папрасіўшы прабачэння, што не змаглі знайсці іншага мяса. “Весела засядаюць немцы, частыя келіхі ўзмацняюць іх весялосць і добры апетыт; напрыканцы ж бяседы прыносяць ім на агромным падносе конскую галаву і ногі з капытамі. Зразумелі немцы, што з?елі ўласнага каня, але перавялі гэта ў жарт, рыхтуючыся новай штукай адказаць тым на тое.38

Працэдура ўзнагароды пераможцаў была кульмінацыйным і доўгачаканым момантам турнірных урачыстасцяў, тым больш што прыз мог часам мець вельмі вялікую матэрыяльную каштоўснасць. Як адзначалася вышэй, першапачаткова пераможца забіраў сабе каня і зброю пераможанага рыцара. У далейшым прызы вызначаліся арганізатарамі турніра, але і пасля гэтага яны маглі быць не менш, а нават больш каштоўнымі, чым проста рыштунак праціўніка. Так, у 1263 г., падчас турніру, арганізаваным у Нордхаўзене марграфам Генрыхам Дастойным, першы прыз складаў сярэбраны даспех масай 20 фунтаў, меч з залатой рукаяццю, залаты рыцарскі пас і такія самыя шпоры, а таксама баявы конь з рыштункам, інкруставаным серабром. У якасці другога прыза былі вызначаны меч, пас, шпоры і конь, у якасці трэцяга – цяжкі залаты вянец.

Існавалі і іншыя віды прызоў. Вельмі цанілася т.зв. “кольчая ўзнагарода” (Stecherdank), якая прысуджалася за перамогу ў сутыкненні гештэх. Рыцар, які найдаўжэй пратрымаўся на рысталішчы і захаваў некранутым аздобу на сваім шлеме, атрымоўваў т.зв. Zierdank. Спецыяльны прыз (Weiteldank) выдзеляўся таму з удзельнікаў, які прыбываў з нальбольш аддаленых краёў. Існавалі спецыяльныя ўзнагароды за самы трапны ўдар кап?ём, за найбольшую колькасць скрышаных коп?яў і г.д. У якасці прызоў маглі выступаць зброя, залатыя вянцы, ланцугі і пярсцёнкі, у рэшце рэшт розныя памятныя знакі – жаночыя вуалі, шалікі, стужкі і інш.

Пераможцаў вызначалі суддзі, якія прытрымліваліся пэўных крытэрыяў. Спецыяльныя балы прысуджаліся за скрышэнне коп?яў, траплянне ў шчыт праціўніка, калі гэта прымушала апошняга адкінуць яго, выбіванне суперніка з сядла. Кап?ё трэба было скіроўваць у шлем, шчыт ці нагруднік праціўніка. Штрафныя балы чакалі тых, хто наносіў удары ніжэй нагрудніка, у бар?eр, дакранаўся кап?ём зямлі, раніў непрыяцельскага каня. Пры змаганні на мячах падчас пешых турніраў перамога прысуджалася таму з удзельнікаў, хто наносіў пяць удараў і не выпускаў зброю з рук. Узнагароджанне адбывалася ў два этапы. Адразу пасля турніру, яшчэ ў шранках, уручаўся т.зв. малы dank, а пасля вячэры – галоўная ўзнагарода. Узнагарода магла ўручацца як спецыяльна выбранай т.зв. каралевай любові, так і дамамі, якія былі ганаровымі суддямі.39

Такім чынам, турніры ў Еўропе прайшлі даволі складаны эвалюцыйны шлях. Узнікшы як трэніровачна-паказальныя гульні, набліжаныя да баявой практыкі, яны паступова набывалі ўсё больш выразны элемент відовішчнасці, дзе тэатралізаваны бок і рытуалы набывалі не меншае, а часам і большае значэнне, чым дэманстраванне вайсковых навыкаў. Тым не менш, турнірныя практыкаванні да самага канца перыяду сярэднявечча захоўвалі прыкладное значэнне, пра што сведчыць узнікненне новых відаў рыцарскіх забаў, абумоўленых новымі спосабамі вядзення вайны і эвалюцыяй баявога рыштунка