Далучэнне да еўрапейскіх турнірных традыцый Вялікага княства Літоўскага

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Далучэнне да еўрапейскіх турнірных традыцый

Вялікага княства Літоўскага

Далучэнне Вялікага княства Літоўскага да еўрапейскіх турнірных традыцый адбылося, як можна меркаваць, досыць позна – не раней за канец ХІV ст. Гэты працэс быў звязаны з хрышчэннем Літвы па каталіцкаму ўзору, што абумовіла вестэрнізацыю самых розных бакоў жыцця тагачаснага грамадства. Гэта не азначае, канешне, што на землях гэтай дзяржавы дагэтуль не існавала практыкі трэніровачных баёў і вайсковых практыкаванняў, якія з?яўляліся, як ужо адзначалася, правобразам рыцарскіх турніраў. У гэтым сэнсе прыцягвае ўвагу падзея, якая адбылася яшчэ ў 1253 г., у часы барацьбы Міндоўга за ўладу ў Літве. Не жадаючы ўступаць у адкрыты бой з жамойтамі і яцвягамі сваіх палітычных праціўнікаў Таўцівіла і Выкінта, якім аказаў таксама дапамогу галіцкі князь Данііл, Міндоўг замкнуўся ў градзе Варута. Назаўтра з града выехалі нанятыя Міндоўгам “немцы з самастрэламі і наехалі на іх русь з полаўцамі са стрэламі і яцвягі з суліцамі і ганяліся па полі падобна гульні (игре), адтуль жа вярнуліся ў Жамойць”.40 Вядомы беларускі пісьменнік Кастусь Тарасаў, разглядаючы гэтую падзею, трактаваў яе як трэніровачныя практыкаванні амаль турнірнага характару: “было праведзена спаборніцтва паміж саюзнымі атрадамі, вучэбны бой, дзе апранутыя ў даспехі немцы супрацьстаялі рускаму і яцвяжскаму узбраенню і іншай тактыцы”.41 Пры ўсёй спрэчнасці гэтага выказвання (летапісец толькі параўноўвае згаданае сутыкненне з гульёй, напэўна каб падкрэсліць не зацяты характар змагання), яно сведчыць, што ў той час вайсковыя гульні былі не навінкай на усходнееўрапейскіх землях.

Вайсковыя практыкаванні стралкоў, напэўна нечым падобныя на падзеі 1253 г., маляўніча апісаў паэт-лацініст пачатку ХVІ ст. Мікола Гусоўскі, аднак прымяняльна да перыяду панавання вялікага князя літоўскага Вітаўта (1392—1430), які славіўся сваёй ваяўнічасцю далёка за межамі дзяржавы:

“Кожны дзядзінец пры замках, груды між балотаў –

Гэта пляцы і пляцы для вайсковых заняткаў.

Мірны перыяд між войнамі быў перадышкай

Каб адпачыць, падвучыцца і, страты пакрыўшы,

Рушыць у новы паход. На такіх табарышчах

Толькі і чуеш, як стрэлы спяваюць, а лукі

Суха на згібах скрыпяць, нібы хваляцца ўголас:

Бачыш, якія нястомныя рукі, якая ў іх сіла!

Выган пры вёсцы, і там ад відна да сутоння

Носяцца коннікі з гіканнем цугам па кругу,

Шабляй і стрэламі цэляць у вешкі. Часамі

Хтосьці падкіне свой зношаны брыль ці кучомку –

Некалькі стрэл упіваецца ў шапку на ўзлёце.

Падае ўніз, і – пад ахі і рогат прысутных –

Борзды наезнік падловіць падранка на піку”.42

Акрамя таго, паводле слоў Гусоўскага, баявая падрыхтоўка ўключала конныя гонкі, у тым ліку начныя, фарсіраванне рэк і г.д. Пераможцы ўзнагароджваліся прызамі, а няспрытных чакалі насмешкі і пагарда. Разам з тым, гэта не былі турніры ў сціслым разуменні гэтага слова, бо, па першае, яны не прадугледжвалі непасрэднага сутыкнення ўдзельнікаў паміж сабой, што імітавала б рэальны бой, а па другое – кола ўдзельнікаў у іх было практычна неабмежаванае, што надавала згаданым гульням амаль плебейскі характар.43

Заангажаванасць заходняга рыцарства ва ўсходнееўрапейскіх справах у ХІІІ ст. прыводзіла да таго, што прадстаўнікі зямель, якія ў далейшым увайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага, бывалі спарадычна далучаны да заходняй турнірнай традыцыі, якая міжволі знаходзіла тут сваё ўвасабленне. Так, у 1349 г. чарнігаўскі князь Расціслаў, якому дапамагаў польскі атрад ваяводы Ворша, аблажыў валынскі горад Яраслаў. У чаканні вынікаў аблогі, Расціслаў “стварыў гульню перад градам”, у якой, апроч палякаў і венграў, удзельнічалі і русічы. Сам князь Расціслаў таксама сутыкаўся на коп?ях з Воршам, але яму не пашанцавала. Пам ім зваліўся конь, а сам князь выляцеў з сядла і вывіхнуў сабе плячо.44

Цікавы факт, які можа служыць сведчаннем удзелу прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў вайсковых гульнях, праўда праводзімях па-за межамі гэтай дзяржавы, а менавіта ў Маскоўскім княстве, прыносіць Троіцкі летапіс пад 1390 г. У ім гаворыцца: “...той жа зімой пасля Раства Хрыстова на трэці дзень Асей (Осей) кармілічыч князя вялікага паколаты быў у Каламне ў ігрышчы (игрушке)”. Расійскі даследчык Пётр Васін лічыць, што “ігрышча” (игрушка) ў дадзеным выпадку азначае турнірную сутычку на коп?ях. У той жа час асобу Асея, загінуўшага падчас згаданай падзеі, ён атаесамляе з Аляксандрам Андрэевічам Асцеем, намеснікам маладога маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча ў Каламне. Згаданы Асцей з?яўляўся сынам Андрэя Альгердавіча Полацкага, разам з якім ён паступіў на службу да маскоўскага князя ў канцы 1370-х гг. Будучы адным з найбольш вопытных воінаў княскага атачэння (гэтага вымагаў статус “кармілічыча”, г.зн. выхавацеля маладога княжыча), Асцей дэманстраваў сваё майстэрства на вайсковых гульнях, адна з якіх скончылася для яго трагічна.45

Выдатныя якасці байцоў-“паядыншчыкаў” засведчылі прадстаўнікі Вялікага княства Літоўскага і на судовых паядынках, якія, як ужо адзначалася, былі добра вядомыя ў Маскоўскай дзяржаве яшчэ ў першай палове ХVІ ст. Сігізмунд Герберштэйн, які ў гэты час двойчы наведаў Маскву, адзначаў, што “Шмат годоў у паядынках з іншаземцамі: немцамі, палякамі, літвінамі – маскавіты часцей за ўсё цярпелі паражэнні. А зусім нядаўна адзін літвін дваццаці шасці гадоў ад нараджэння ўступіў у бой з нейкім маскавітам, які выйшаў пераможцам больш чым у дваццаці паядынках, і забіў яго. Гасудар раз?юшыўся ад гэтага і загадаў зараз жа паклікаць да сябе пераможцу, каб зірнуць на яго. Убачыўшы яго, ён плюнуў на зямлю і загадаў, каб у далейшым ніводнаму іншаземцу не вызначалі паядынка з ягонымі падданымі. Мноствам разнастайнай зброі маскавіты хутчэй абцяжарваюць сябе, чым узбройваюцца, іншаземцы ж уступаюць у бой, спадзяючыся больш на спрытнасць, чым на зброю. Яны перш за ўсё апасаюцца ўступаць у рукапашны бой, ведаючы, што маскавіты вельмі моцныя рукамі і (наогул) цялесна, і звычайна перамагаюць іх, стаміўшы ў рэшце рэшт толькі сваім мастацтвам і спрытнасцю.46

Адпраўным пунктам далучэння Вялікага княства Літоўскага да еўрапейскай турнірнай практыкі ў класічным разуменні гэтага слова можа лічыцца 1385 г., калі ў замку ў Крэве была падпісана унія паміж гэтай дзяржавай і Польшчай. Паводле яе ўмоў, вялікі князь літоўскі Ягайла прыняў у наступным, 1386 годзе хрост па каталіцкаму ўзору пад імем Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай і стаў каралём Польшчы, абавязаўшыся далучыць да яе свае спадчынныя уладанні. Заключэнне Крэўскай уніі азнаменавала для Вялікага княства Літоўскага новы этап у плане знаёмства з рыцарскай культурай Захаду. У рамках знаходжання абедзьвюх дзяржаў – суб?ектаў уніі – пад уладай аднаго манарха ішло далучэнне ліцвінскай шляхты да рыцарскай культуры Польшчы, дзе турнірныя традыцыі мелі ўжо трывалыя карані. З гэтага часу і надалей на рыцарскіх забавах можна было стала сустрэць прадстаўнікоў Вялікага Княства, якія калі не бралі ў іх удзел, то хаця б выступалі ў якасці ганаровых гасцей.

Як сведчыць хроніка Яна Длугаша, пры двары Ягайлы турніры карысталіся вялікай папулярнасцю. Няма падстаў звязваць гэтую з?яву менавіта з роллю гэтага манарха ў развіцці рыцарскіх гульняў, тым больш што ён сам, асабліва на пачатку свайго каралявання, так сама як і літвіны пры ягоным двары, толькі далучаўся да традыцый еўрапейскага этыкету. Разам з тым “ліцвінскасць” новага польскага караля, як падаецца, спрыяла азнаямленню палітычнай эліты Вялікага княства Літоўскага з нюансамі забаў такога кшталту. Ужо ў 1386 г., калі адбываліся ўзвядзенне Ягайлы на польскі трон і ягоны шлюб з юнай каралевай Ядвігай, новаабраны кароль-ліцвін, “вярнуўшыся ж на замак Кракаўскі, на трэці дзень наладзіў урачыстыя святы вясельныя, якія трывалі некалькі дзён, на працягу якіх адбываліся пад апладысменты турніры капійнікаў і фехтавальшчыкаў, а таксама танцы”.47 Варта адзначыць, што на вясельных урачыстасцях прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі знаці Вялікага княства Літоўскага.

У 1401 г. у Кракаве мела месца вартая ўвагі падзея з удзелам князя Вітаўта (насіўшага таксама хрысціянскае імя Аляксандр), а менавіта зашлюбіны аўдавелага да таго часу Ягайлы з Ганнай, унучкай былога караля польскага Казіміра. Святкаванні былі “удастоеныя прысутнасцю вялікага князя літоўскага Аляксандра і яго жонкі Ганны, а таксама многіх князёў і графаў з розных краёў, якія з?ехаліся па запрашэнню. Калі ж абвясцілі на двары каралеўскім турніры, князі, графы і рыцары на працягу многіх дзён змагаліся паміж сабой на коп?ях і забаўляліся. Па заканчэнні ж вясельных урачыстасцяў як вялікаму князю літоўскаму Аляксандру і яго жонцы Ганне, так і астатнім князям, графам і гасцям кароль польскі Уладыслаў аказаў гонар цудоўнейшымі падарункамі”.48

На жаль, ў тэксце хронікі няма непасрэднага апісання змагання Вітаўта на рысталішчы, аднак яно выглядае цалкам праўдападобным. Пра тое, што змаганне асоб самага высокага рангу на турнірах і іх выкліканне на бой прадстаўнікамі менш тытулаванага рыцарства практыкавалася на польскім каралеўскім двары, сведчыць эпізод, які адбыўся за тры гады перад гэтым, у 1398 г., калі у Кракаў без запрашэння прыбыў венгерскі кароль Жыгімонт Люксембургскі. “З мэтай аказання яму найвялікшай пашаны кароль Уладыслаў абвясціў урачыстыя турніры, вызначыўшы ўзнагароды для пераможцы. Кароль венгерскі Жыгімонт, па прычыне каралеўскай годнасці і цудоўнага даспеху вызываны ўсімі рыцарамі, якія змагаліся ў шранках (так у польскай і літвінскай традыцыі называлі рысталішча – Ю.Б.), сутыкаўся [з імі] на коп?ях. Пасля атрымання ад караля польскага Уладыслава каралеўскіх дароў і пасылання наўзаем годнага рэверансу, [Жыгімонт] вярнуўся вясёлы ў Венгрыю”.49 Такім чынам, у абодвух выпадках мела месца ўзнагароджанне і Вітаўта, і Жыгімонта “дарамі”, прычым прынамсі ў другім выпадку яны напэўна мусілі выступаць як узнагарода за ўдзел у турніры.

З абсалютнай упэўненасцю можна гаварыць пра ўдзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў турнірных забавах, якія мелі месца ў 1412 г. у Венгрыі, калі Жыгімонт Люксембургскі з?ехаўся ў Будзе з Ягайлам і з вялікай колькасцю іншых тытулаваных асоб, у тым ліку каралёў. “Назаўтра па свяце Божага Цела былі прызначаны спаборніцтвы рыцарам князёў Эрнеста і Альберта, Людвіка брэсцкага, Конрада Алясніцкага, Януша раціборскага, Яна любіньскага і Санды з Босніі. Сто рыцараў, якія змагаліся ў шранках на працягу двух дзен з раніцы да вечара, ушанавалі шматлікіх гледачоў. Было справай вядомай, што на тыя ігрышчы з?ехаліся рыцары наступных народнасцяў: грэкі, італьянцы, галы, палякі, чэхі, венгры, аўстрыйцы, рыцары з Мейсена і Надрэйніі (Рэйна), французы, ліцвіны, русіны, баснійцы, балгары, валохі, албанцы і рыцары з Рашкі (Сербіі)”. Хто менавіта і ў якой колькасці прадстаўляў на гэтай імпрэзе Вялікае княства Літоўскае, Длугаш не паведамляе, але з уласцівым яму патрыятызмам ён усхваляе ратныя учынкі паіменна пералічаных чатырнаццаці польскіх рыцараў, “якія першыя [ішлі] да атакі, апошнія пакідалі поле бою, а калі іншыя адпачывалі пасля бою, яны самі з сабой распачыналі спаборніцтва і бітву”.50

Згаданы турнір уяўляецца досыць паказальным не толькі таму, што на удзел у ім прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага недвусэнсоўна ўказвае хроніка, але і па прычыне аддаленасці месца яго правядзення ад межаў гэтай дзяржавы. Пералічаныя Длугашам ліцвіны і русіны апынуліся на рыцарскіх гульнях не як выпадковыя сведкі, а прыехалі сюды спецыяльна, пераадолеўшы значную адлегласць, што нейкім чынам указвае на рост сярод феадалаў Вялікага Княства цікавасці да рыцарскіх забаў і адпаведныя традыцыі, якія прынамсі знаходзіліся тут у стадыі фарміравання.

У ХV ст. правядзенне турнірных забаў пры двары Ягайлы фіксуецца на старонках хронік досыць рэгулярна, прычым абсалютна ўпэўнена можна сцвярджаць, што ўвагі храністаў удастойваліся толькі значнейшыя з такіх мерапрыемстваў. Нагодай для арганізацыі рыцарскіх гульняў маглі быць здарэнні самага рознага характару – каранацыі, шлюбы, нараджэнне і хрост дзяцей, прыём тытулаваных гасцей. Так, у 1410 г., калі Ягайла знаходзіўся ў Едльні (Радомскае ваяводства), да яго прыехаў стрыечны брат каралевы Ганны, цылейскі граф Герман. “У час ягонай прысутнасці кароль Уладыслаў, у адпаведнасці з годнасцю сваёй і каралеўства, загадаў наладзіць на двары рыцарскія ганітвы, вясёлыя забавы і танцы”.51

У 1423 г. “кароль польскі Уладыслаў пасля таго, як правёў у Кракаве ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай панны Марыі і наступныя дні, падчас якіх з нагоды прысутнасці князя цешынскага Баляслава адбываліся ўрачыстыя турніры і рыцарскія спаборніцтвы на коп?ях, скіраваўся да Новага Места”.52

У сярэдзіне дваццатых гадоў ХV ст. “віноўніцай” правядзення рыцарскіх гульняў у Кракаве неаднаразова рабілася чарговая жонка і зямлячка Ягайлы – Зоф’я Гальшанская. Падчас яе каранацыі ў 1424 г. узельнікі гэтай урачыстасці, па словах храніста Яна Длугаша, “панядзелак, аўторак, сераду, чацвер і пятніцу праводзілі на турнірах, а ночы на танцах”.53

У 1426 г. каранаваная літвінка зноў спрычынілася да правядзення турнірных гульняў, нарадзіўшы Ягайлу сына Казіміра. Пасля звыклых для такога моманту ўрачыстасцяў, кароль, “усцешаны народзінамі другога сына, наладзіў звыш таго ігрышчы, вызначыў узнагароды для рыцараў, якія прымалі ўдзел у змаганні, і падзяліў іх паміж удзельнікамі”.54

Не спынялася турнірная практыка і пры пераемніках Ягайлы – Уладзіславе і Казіміры Ягелонах. Так, на каранацыі Казіміра ў Кракаве ў 1447 г., на якой прысутнічалі літвіны, русіны і жамойты, “цэлы дзень прайшоў на піры ў замку і на рыцарскіх ганітвах”.55 Пры нараджэнні ў 1464 г. у згаданага манарха дачкі Зоф?і таксама “на ўшанаванне гэтай урачыстасці былі дадзены ігрышчы і вызначаныя ўзнагароды пераможцам параздаваныя былі”.56

Узгадкі пра правядзенне турніраў пры двары першах Ягелонаў у крыніцах ХV ст. з’яўляюцца, на жаль, надзвычай скупымі не не даюць поўнага ўяўлення пра віды рыцарскіх гульняў, якія практыкавалўся тут, а таксама асаблівасці іх арганізацыі. Тым не менш, нават на падставе гэтых урыўкавых звестак можна меркаваць, што тут праводзіліся турніры (групавыя баі рыцараў), конныя сутыкненні на коп’ях і пешыя баі, фіксуемыя ў крыніцах як “турніры фехтавальшчыкаў”. Рыцарскія гульні, як тое было прынята ў тагачаснай Еўропе, суправаджаліся танцамі, пірамі і іншымі “вясёлымі забавамі”. Таксама можна сцвярджаць, што далучэнне феадалаў Вялікага княства Літоўскага да польскай (і не толькі) турнірнай традыцыі мела месца ўжо ў канцы ХІV – першай палове ХV ст., хоць, напэўна і было абмежавана вузкім колам асоб, меўшых доступ да манаршых двароў, дзе гэтая традыцыя праяўлялася найбольш яскрава.

Сярод найбольш даступных літвінам цэнтраў правядзення турніраў першае месца займаў, несумненна, Кракаў. Аднак не трэба забывацца і пра тое, што з канца ХІV ст. выхадцы з Вялікага княства Літоўскага ўсё часцей сустракаюцца і ў іншых краях “лацінскай” Еўропы, у тым ліку ў такіх значных асяродках рыцарскай культуры, як Мальбарк, Рыга ці Прага. З’явіўшыся тут у якасці палітычных эмігрантаў, наёмнікаў-авантурыстаў ці афіцыйных прадстаўнікоў вялікага князя, яны несумненна мусілі сутыкацца і з такой праявай мясцовых традыцый, як турнірная практыка.

З сярэдзіны ХV ст. магчымасць выезду феадалаў Вялікага Княства Літоўскага для сталага азнаямлення з рыцарскай культурай Еўропы замацоўвалася юрыдычна. У 1457 г. кароль і вялікі князь Казімір у жалаванай грамаце літоўскаму, рускаму і жамойцкаму духавенству, дваранству, рыцарству, шляхце, баярам і месцічам абвяшчаў: “Таксама дазваляем, каб княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры дабраахвотна мелі б моц выехаць з нашых зямель княства вялікага, для лепшага шчасця набыцця, альбо ўчынкаў рыцарскіх, да кожных зямель, старон, толькі выключаючы староны непрыяцельскія”.57

Нельга сказаць, што рыцарства Вялікага Княства не скарыстала гэтую магчымасць. Скласці поўную карціну прысутнасці ўраджэнцаў гэтай дзяржавы пры дварах еўрапейскіх манархаў і можнаўладцаў немагчыма па прычыне крайней беднасці інфармацыі. Але можна сцвярджаць, што некаторыя феадалы не толькі здолелі наведаць замежныя краіны, але і дабіліся там пэўнага прызнання. Так, у 1467–1469 гг. вялікі поспех пры дварах еўрапейскіх манархаў меў Аляксандр Солтан, які, паводле асобных сведчанняў (на жаль, да канца не правераных) быў узнагароджаны каралём Англіі залатым ланцугом, а бургундскім герцагам Карлам Смелым – надзвычай прэстыжным ордэнам Залатога Руна.58 Пры бургундскім двары Солтан нават нібыта займаў пасаду шамбэляна, а значыць меў самае непасрэднае дачыненне да прыдворнага этыкета.

У канцы ХV ст. добра праявіў сябе на службе заходніх манархаў вядомы пераможца татараў у бітве пад Клецкам у 1506 г. Міхал Глінскі. Вядомы дыпламат пры двары германскага імператара Максімільяна І, падарожнік і аўтар нататкаў барон Сігізмунд Герберштэйн так характарызаваў ягоны побыт за мяжой: “Яшчэ юнаком накіраваўся ў Германію, праявіў храбрасць на службе ў Альбрэхта, герцага саксонскага, які вёў у той час вайну ў Фрыстландыі... Там ён засвоіў вытанчаныя манеры і рыцарскія звычаі, быў спрытны ў вайсковых практыкаваннях: турнирных сутычках на вострых и тупых коп?ях (rennen, stechen), барацьбе (ringen), скачках, а таксама і ў забавах, накшталт танцаў і ўсялякай куртуазіі, чым здабыў сабе асаблівую, больш чым у іншых, вядомасць”.59

Выдатнае здарэнне, якое ў значнай ступені спрычынілася да набыцця Мікалаем Радзівілам тытула князя Святой Рымскай імперыі, мела месца ў 1515 г. у Вене. Там быў наладжаны ўрачысты з?езд Максімільяна І Габсбурга, караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, венгерскага караля Уладыслава і чэшскага караля Людвіка. Пры ўездзе ў горад усеагульную ўвагу прыцягнулі Мікалай Радзівіл і Станіслаў Гаштаўт, якія “з вялікім коштам з Польшчы мелі больш за сотню спрактыкаваных ў музыцы юнакоў, па-маскоўску і па-татарску прыбраных, якія, з рознымі музычнымі інструментамі, з шаблямі і сагайдакамі, на крывых ботах перад імператарам у касцёле figura заўжды імшу і nieszpory спявалі, да вялікага здзіўлення іншаземных народаў, і немцаў, і італьянцаў, якія перад тым уважалі народ ў гэтых краях літоўскіх за грубы”.60 Не маглі не спадабацца такія касцюмаваныя забавы і самому Максімільяну І, які быў аматарам і тонкім знаўцам забаўных маскарадаў і манерыстычных відовішчаў.

Не абышлося на згаданым з?ездзе, вядома ж, і без турніраў. “Зрэшты падчас таго з?езду шмат было паміж тымі рознымі народамі выклікаў, сутычак, ганітваў на вастрыё і г.д.”61 Прымалі ў іх, напэўна, і прадстаўнікі Вялікага княства Літоўскага.

Новы ўсплеск турнірнай практыкі назіраўся ў ХVІ ст. пры кракаўскім і віленскім дварах апошніх Ягелонаў. Як і раней, нагодай для правядзення падобных мерапрыемстваў служылі любыя больш-менш вартыя ўвагі здарэнні – каранацыі, прыём высокапастаўленых асоб, хрэсьбіны, шлюбы, прычым не толькі каранаваных асоб, але і іх дваран. У такіх выпадках удзел у турнірах абавязкова браў жаніх ці яго прадстаўнікі. Сярод такіх асоб крыніцы неаднаразова згадваюць літвінаў, аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што безыменных прадстаўнікоў Вялікага Княства, не названых па тых ці іншых прычынах персанальна, таксама было на турнірах нямала. “Турніры і попісы рыцарскія” суправаджалі ў 1512 г. вясельныя ўрачыстасці Жыгімонта І Старога (1467-1548, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 1506) з Барбарай Заполяй. Калі ж гэты самы манарх у 1518 г. браў шлюб з прадстаўніцай славутага італьянскага рода Сфорца Бонай, часткай вясельных мерапрыемстваў таксама з?яўляўся турнір.62

Вялікай схільнасцю да турніраў вызначаўся сын Жыгімонта І Старога, Жыгімонт Аўгуст (1520-1572, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 1548), якому было наканавана стаць апошнім манархам з дынастыі Ягелонаў. Ён ахвотна наладжваў турніры і сам прымаў у іх удзел. У 1539 г. у Кракаве адбылося святкаванне шлюбу Іллі Астрожскага, сына славутага гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна, з Беатай Касцельскай, на якім прысутнічаў каралевіч Жыгімонт. “На гэтым вяселлі каралевч з княжычам Іллёй ганіў на вастрыё ў гончай зброі. Потым ганілі венгры за тарчамі і досыць мужна па некалькі пар, а з іх адзін, апусціўшы кап?ё, таварыскага каня ў лоб трапіў і забіў”.63

Цікавы від турнірных забаў быў наладжаны ў 1552 г. для Жыгімонта Аўгуста, калі ён наведаў Гданьск разам са сваім дваром (быў там, у тым ліку, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны, а таксама, верагодна, і іншыя літвіны). Гэтыя гульні ўяўлялі сабой “кіданне з коней глінянымі мячамі, выяджаючы адзін супраць аднаго з пуклерамі (від шчыта. – Ю.Б.)”. Тым самым дэманстравалася не тольки спрытнасць вершнікаў, але і хуткасць их коней.64

Вялікія святкаванні былі наладжаны ў Кракаве ў 1553 г. з нагоды шлюбу Жыгімонта Аўгуста з Кацярынай Аўстрыйскай, якія таксама суправаджаліся турнірамі. “Ганіў Жыгімонт Вольскі, мечнік, з Кежгайлам зацным шляхціцам літоўскім, у гончых на вастрыё і мужна сутыкаліся паміж сабой; ганіў Касмоўскі з канюшым князя прускага. Быў турнір конны, у якім было пар дванаццаць і чатыры за тарчамі і з пярсцёнкамі гроты ў коп?яў. Пасля гэтых на замку ганітваў былі зноў у месце на рынку ганітвы ў кольчых зброях у двор, дзе было кожнаму вольна (абы толькі захаваліся паводле артыкулаў, якія на варотах у замку прыбітыя былі) прыехаць і ганіць з тым, хто хто б сябе на пляцы ставіў так, што і другому з двума і з трыма ўдарыць прышлося раз за разам, чым на другі бок дабег. А так як у закрытых шлемах ганілі, меў кожны на шлеме знак нейкі. А кароль з каралевай і ўсімі гасцямі з ганку высокага, каторы для таго быў зроблены, глядзеў, маючы пры сабе тыя клейноты, якія ўдзельнікам выстаўлены былі. Паміж усімі, што ганіў, найвышэйшы dank атрымаў і першы клейнот узяў канюшы князя прускага, ... які на шлеме насіў чаравік жаночы. Другі клейнот узяў Касмоўскі, дваранін, асаблівы гоньца, які ў ганітве на замку, гонячы на вастрыё з тым жа канюшым, dank атрымаў. Іншыя ж госці, то нашыя палякі, но немцы, то прусакі, іншыя клейноты атрымалі: то есць вянкі з пярсцёнкамі, каторым(я) зараз з ганку кароль сам, як суддзя мужнасці кожнага, пасылаў з пахвалой”.65

Больш падрабязнае апісанне гэтых урачыстасцяў прыводзіць С.Арахоўскі. “Пасля прамоў і адказаў быў наладжаны абед, пад час якога – канцэрт, далей – ваенныя турніры; тыя на працягу некалькіх дзён трывалі, такое стаяла надвор?е, што ніколі дождж не перапыняў забаў. У турнірах Якуб Касмоўскі атрымаў над немцамі перамогу...

... Перанесліся турніры да замку, дзе выбраныя рыцары, дасведчаныя, пышныя каштоўнымі даспехамі і багатымі шатамі, змагаліся. Там ужо не постаць бітвы, але саму бітву бачылі. З апушчанымі прылбіцамі, у гончых зброях ляцелі адны насустрач другім, на небяспечнасці і раны ўзаемныя. А паколькі з-за апушчаных прылбіц я не мог гэтых рыцараў пазнаць, з пытання толькі я даведаўся, што Мікалай Мацэёўскі змагаўся са Станіславам Астрарогам Львоўчыкам, Альберт Чарнкоўскі са Станіславам Мышкоўскім, Кіліян Лукоўскі са Станіславам Ліпніцкім, Ян Тарло з Мікалаем Лігензам, Станіслаў Гарныш з Барталамеем Сікорскім, Марцін Машкоўскі са Станіславам Влодэкам, Мікалай Вільга з літвінам Янам Юрковічам, Крыштоф Алендзкі з Пятром Фрыкачам, Станіслаў Менжык з Мікалаем Патоцкім, Зыгмунт Зэбжыдоўскі з Мікалаем Ацескім. Гэтыя ўсе парамі крушылі коп?і, потым, сабраўшыся ў гуфы, ударылі паміж сабой з тарчамі і мячамі.

Тут храбрыя і бліскучыя рыцары няхай мне даруюць, калі іх усіх па імёнах не называю, бо як жа чалавек, далёкі ад двару, мог я ведаць усіх дваран. Няхай хвала, якая адтуль на іх агульную айчыну сыйшла, суцяшае ў гэтым абмінанні. Паказалі яны перад каралём і каралевай, перад эрцгерцагам аўстрыйскім, перад такой колькасцю розных народаў, напаўняўшых у той час цэлы Кракаў, князёў, правадыроў і паноў, якая была ў рыцарстве польскім адвага, спрыт і пышнасць.

Зрэшты ва ўсіх ганітвах такая была ў рыцарах нашых сціпласць, што хоць амаль ўсе дасведчаныя, спрытныя, спрактыкаваныя ў ганітвах, паказвалі цуды, разам згадзіліся, што dank турніраў належаў Мікалаю Мацеёўскаму; але ён адмовіўся ад гэтага гонару, сцвярджаючы, што быў толькі таваоышам той бітвы, але не пераможцам.

Назаўтра Зыгмунт Вольскі і літвін Станіслаў Кісгала, у прысутнасці караля і напаўняўшых замак гасцей, у цяжкой зброі распачалі бой, у якой палякі прызналі першынства за Вольскім, таму што Кісгалу разам з канём абваліў; наадварот, літвіны ўзносілі Кісгалу за тое, што ён магутным ударам кап?ё да рукаяці скрышыў і сам праз галаву конскую саскочыў, але абодвум няхай будзе хвала за тое, што кожны паводле сваіх сілаў учыніў.

Пасля розных спаборніцтваў на дзядзінцы замкавым у прысутнасці манархаў, кароль дзесятага дня па вяселлі, разам з каралевамі і сям?ёй сваёй на кані на рынак выехаў. Прыгатаваныя ўжо там былі сядзенні для манархаў і амфітэатр для гледачоў. Пачалі з ігрышчаў капійнікаў у гончых зброях, спосабам італьянскім. У гуфцах тых апынуліся: Станіслаў Мышкоўскі, Станіслаў Астрарог Львоўчык, Ян Костка, Мікалай Мялецкі, ваяводы Падольскага сын, нарэшце Ян Ляшчынскі. Магутныя тут былі сутычкі, якія зайшлі так далёка, што Станіслаў Астрарог, кап?ём праз зброю прашыты, цяжкую з таго атрымаў рану. Суддзі лагеру прысудзілі ўзнагароду Станіславу Мышкоўскаму; атрымаў ён у выніку каштоўны ланцуг залаты; іншыя атрымалі пярсцёнкі і вянкі. Бітва гэтая працягвалася б даўжэй, каб не князь прускі, які тры пары прусакаў са свайго двару вывеў. Яны на агромных коп?ях змагаліся паміж сабой з такім напорам, што часта мужы і коні падалі разам на зямлю амаль без душы. Бой гэты быў успрыняты з усеагульнымі апладысментамі. Князь прускі заслужыў прыхільнасць усіх, бо якая ж у яго пашана да караля, пана свайго, якая да ўсіх палякаў пачцівасць і гжэчнасць. Вечарам вярнуліся на замак для адпачынку пасля такой працы”.66

Прыведзеныя апісанні належаць да найбольш падрабязных і дакладных крыніц па гісторыі турнірнай практыкі пры ягелонским двары. З іх можна зразумець, што праграма мерапрыемстваў уключала конныя сутыкненні рэнэн, у тым ліку італьянскі, праводзімы праз бар?ер, гештэх, а таксама ўласна турнір – групавую сучычку, якая прадугледжвала дзве фазы – змаганне на коп?ях і на мячах. Абедзве крыніцы трохі разыходзяцца ў дэталях, аднак з апісання Гурніцкага, менш падрабязнага, але больш выверанага тэрміналагічна, выншкае, што спачатку праводзіліся сутыкненні на вострых коп?ях, за імі адбываліся турніры, а завяршалася праграма сутыкненнямі на тупых коп?ях. Калі турнірныя мерапрыемствы праходзілі менавіта ў такой паслядоўнасці, то тут мела месца пэўнае парушэнне еўрапейскай традыцыі, паводле якой турніры павінны былі адбывацца пасля парных сутыкненняў капійнікаў.

Крыніцы ХVІ ст. прыносяць звесткі пра ўдзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага пераважна ў турнірах, праводзімых на тэрыторыі Польшчы. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо менавіта ў Кракаве праводзілі асноўны час вялікія князі літоўскія, яны ж каралі польскія. Там жа найчасцей знаходзіліся і асобы манаршага двару, найбольш набліжаныя да рыцарскага этыкету, там жа наладжваліся і найбольш пышныя ўрачыстасці. Праўда, калі па нейкіх прычынах ягелонскі двор пераязджаў у Вільню, то сюды ж перамяшчаўся і цэнтр культурнага жыцця.

Трэба, аднак, зазначыць, што ёсць падставы гаварыць аб практыцы правядзення турнірных забаў пры дварах не толькі манархаў, але і буйных феадалаў Вялікага Княства, якія практычна не апісваюцца ў тагачасных хроніках. На гэта ўскосна ўказваюць значныя запасы турнірнага ўзбраення ў рэзідэнцыях асобных магнатаў, у прыватнасці Радзівілаў. Больш таго, часам такое ўзбраенне высылалася з асноўнай рэзідэнцыі ў іншыя маёнткі. Напрошваецца думка, што пыхлівыя рыцары не жадалі адмаўляць сабе ў задавальненні папрактыкавацца ў баявых гульнях і ў сваіх другарадных сядзібах. Так, напрыклад два даспехі “штэхцойг” для сутыкненняў на тупых коп?ях былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц.67

Калі больш падрабязна спыніцца на практыцы правядзення турніраў пры віленскім вялікакняскім двары, то ці не лепшыя свае часы яна зазнала падчас знаходжання тут Жыгімонта Аўгуста, які, як ужо адзначалася, вызначаўся надзвычайнай схільнасцю да рыцарскіх забаў і арганізоўваў іх пры любой нагодзе. Так, у сакавіку 1546 г. быў наладжаны турнір з нагоды побыту ў Вільні князя прускага. Шыкоўнае відовішча было арганізавана 22 лютага 1547 г. Яго турнірная праграма складалася з трох частак – турнір, гусарскія спаборніцтвы і, нарэшце, напэўна самы відовішчны пункт – здабыванне ўмацаваннага замку. Па сваёй завядзёнцы, прыняў у ім непасрэдны ўдзел і сам Жыгімонт, які сутыкаўся са сваім падчашым, панам Лігензам і дваранінам Фрыкачам. Пікантным момантам праграмы быў удзел у спаборніцтвах прастытуткі – нейкай Зоф?і Длугай (Доўгай). За шчодрую ўзнагароду з гаспадарскага скарбу яна дала сябе ўзброіць і сышлася ў “паядынках”, відавочна імітацыйных, з панамі Гербутам і Лашчам. Эратычная атмасфера, дамагчыся стварэння якой прагнуў Жыгімонт, была цалкам зразумелай на фоне яго рамана з князёўнай Барбарай Радзівіл, якая ўражвала сучаснікаў не толькі прыгажосцю, але і лёгкасцю сваіх паводзін..68 Такім чынам, праявы Рэнесансу, з яго куртуазнасцю, любоўю да жыцця, якая межавала з бессаромнасцю, з характэрнай для той эпохі насмешкай над традыцыямі, знайшла сваё адлюстраванне і ў турнірнай практыцы.

Акрамя турніраў, росквит пры віленскім двары перажывалі і іншыя свецкія забавы – піры, касцюмаваныя балі, фейерверкі, паляванні. Так, у лютым 1546 г. на вяселлі ў наваградскага ваяводы Кежгайлы быў наладжаны маскарад, на якім быў сам вялікі князь і восем ягоных дваран у масках. Яшчэ адзін падобны маскарад быі арганізаваны ў ліпені таго ж года віленскім ваяводам Глябовічам.

Наладжваў багатыя прыёмы і сам Жыгімонт. Так, у маі і жніўні 1546 г. ў новым палацы за Віліяй былі арганізаваны абеды, якія суправаджаліся спевамі і музыкай. Значная роля тут адводзілася прыдворнай капэле, якая складалася з пятнаццаці чалавек, пераважна італьянцаў, і ўзначальвалася Мацеям Чэмюркам. У 1547 г. у капэлу ўваходзіла 5 лютністаў, столькі ж трубачоў, 2 барабаншчыка і арфіст. Па прыкладу манарха сталі арганізоўвацца капэлы і пры дварах магнатаў Вялікага княства Літоўскага. З усёй краіны сцякаліся тады ў Вільню канатаходцы, фокуснікі, жанглёры, вандроўныя музыкі і камедыянты, блазны.

Подзвігі Жыгімонта на турнірах і паляванні закліканы былі ўвекавечыць мастакі, з якіх вялікі князь асабліва шанаваў Антонія Ведэ. У 1545 г. за карціну палявання на зуброў ён атрымаў 105 польскіх злотых, а ў 1546 г. за карціну, дзе быў адлюстраваны турнір – 16 коп літоўскіх грошаў.69

У 1562 г. у Вільні адбыўся шлюб фінляндскага княжыча Яна з каралеўнай польскай Катажынай Ягелонкай, на якім прысутнічаў кароль польскі і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. “Былі прадстаўлены гасподы (пастаялыя двары) князю Яго М[іласці], якія найсумленнейшым чынам паводле патрэбы ў віленскім месце маглі быць дадзены; усё ж, калі ўжо шлюб быў, тады княжычу Яго М[іласці] пакоі што найлепшыя на замку і з каралеўнай Яе М[іласці] прызначаны [былі]. Тыдзень цэлы тое вяселле трывала. Сутычкі на тупых и вострых коп?ях, турніры нямецкія і гусарскія, музыкі там жа і ўсялякія забавы і пачцівасці адбываліся, пры каторых турнірах такія лютыя сутыкненні бывалі, што [удзельнікі] самі сябе жорстка пакалечылі і коней пад самой пазабівалі; так сама і іншыя справы на вяселлі значылі нешта трывожнае і смутнае, як і на самой справе потым хутка выявілася”.70

Прыцягвае ўвагу надзвычай трагічныя вынікі згаданага турніра, якія настолькі ўразілі аўтара, што ён убычыў у іх нядобрыя знаменні. Аднак самі па сабе няшчасныя выпадкі, якія прыводзілі да калецтва і нават смерці ўдзельнікаў, былі звычайнай справай на турнірах нават у ХVІ ст. Гэта супярэчыць распаўсюджанаму меркаванню аб тым, што ў гэты час рыцарскія баявыя гульні канчаткова ператварыліся ў цалкам бяспечныя тэатралізаваныя відовішчы. Так, напрыклад, Ілля Канстанцінавіч Астрожскі, выбіты з сядла Жыгімонтам Аўгустам на турніры, арганізаваным у 1539 г. з нагоды ўласнага вяселля, атрымаў такія сур?ёзныя пашкоджанні, што неўзабаве ад іх памёр.71 Цяжкую рану атрымаў адзін з удзельнікаў турніра 1553 г., пра які таксама ўжо ішла гаворка.

Трагічна скончыіся турнір, арганізаваны ў Кракаве ў 1574 г. з нагоды каранацыі Генрыха Валуа. Аднак спецыфіка гэтага здарэння заключалася ў тым, што тут меў месца не няшчасны выпадак, а свядомая помста, выкліканая парушэннем прынцыпа роўнасці ўдзельнікаў, якому пры правядзенні турніраў надавалася вялікае значэнне. “У той жа дзень французы непамернае дрэва з харугвай вынеслі на сярэдзіну замка на знак прысутнасці караля, на ўвесь жа дзядзінец навезлі шмат пяску, а тое каб рыцарства, маючы спраўляць там свае ганітвы, нават у выпадку падзення не калечылася. Уваткнулі кругам 24 кап?і; столькі ж, колькі рыцараў мелі сутыкацца; паміж тымі коп?ямі было адно Самуэля Збароўскага, на якім была тарча з надпісам, што калі б каторы небудзь (хто быў роўны з нараджэння і годнасці) жадаў сутыкнуцца з ім, то ён гатовы, і за здароўе караля скрышыць з тым кап?ё”.72 Нейкі Януш Харват, слуга графа Яна Тэнчынскага, кашталяна Вайніцкага, ужо напрыцемку ідучы там, вырваў кап?ё Самуэля і ўзяў з сабой, гаворачы, што сутыкнецца з Самуэлем. Самуэль абурыўся і, не лічачы Харвата роўным, выставіў замест сябе шляхціца Машчынскага, а сам выклікаў Тэнчынскага, нягледзячы на прабачэнні і апраўданні апошняга. Такім чынам, турнір набываў выразнае адценне дуэлі, таму не дзіўна, што Тэнчынскі згадзіўся на яго толькі ў прысутнасці секунданта. А тым часам адбылося сутыкненне Харвата з Машчынскім, які здолеў прабіць шчыт свайго праціўніка, але самога яго не закрануў. Харват жа, змерыўшыся ніжэй, прабіў сядло і параніў Машчынскага ў паясніцу, а пасля дабыў з-пад калена палаш, прымяніць які яму не далі венгры, якія ўмяшліся ў канфлікт і спынілі бойку.

Прымаючы пад увагу тую рызыку, з якой сутыкаліся ўдзельнікі рыцарскіх ігрышчаў, становіцца зразумелым сэнс цікавага рытуала, згаданага А.Гваньіні падчас апісання турнірных забаў з нагоды вяселля гетмана Яна Замойскага з Грызельдай, дачкой семіградскага ваяводы Крыштафа, якія адбываліся у 1583 г. у Кракаве: “Сядаючы на коней, усе адзін другога перапрашалі, дадаючы і тое, што калі б каторы ў выпадку няшчасця быў пакалечаны (альбо захавай Божа) і забіты, тады гэтыя грахі сабе сваечасова адпускалі”. Як паказалі вынікі турніра, падобные ўзаемныя рэверансы ягоных удзельнікаў былі не толькі данінай ветлівасці: “Было параненых некалькі ў тым ігрышчы, як Ян Груздзіцкі, катораму кап?ё праз руку прабегла, Казімерскі таксама ў плячо шкадліва быў паранены, пад Мілкоўскім каня паранілі, каня забілі пад Добкам, катораму зараз жа гетман каня свайго, добра прыбранага, на якім сам сядзеў, аддаць казаў”.73

Згаданы турнір можа лічыцца адным з найбольш цікавых відовішчаў такога кшталту і па шэрагу іншых аспектаў. Так, напрыклад, распавядаючы пра яго, Гваньіні прыводзіць адзінае апісанне пешага турніра на землях Рэчы Паспалітай у ХVІ ст.: “Прыйшлі наперад дзве роты пешыя, па старасвецку, у зупольныя, ясна лядраваныя кірысы прыбраныя, каторыя паміж сабой пеша дрэўцы крышылі, некаторыя тэж паміж сабой са зброяй у рукапашнай сыходзіліся, на што кароль з каралевай, і ўсе госці ў ноч шчасліва глядзелі”.74

На другі дзень адбываліся абед, вячэра, потым маскарадныя відовішчы, танцы. “На трэці дзень на рынку былі розныя ігрышчы і ганітвы: усе камяніцы каля касцёла П.Марыі ў рынку, для паноў і паняў зарэзерваваны былі, асабліва адна ў Яна Шпіглера, мешчаніна і райцы, у каторай кароль з каралевай сядзеў. Гэты, цешачыся з таго, што кароль дом ягоны наведаў, упамінак падараваў, які кароль узяць загадаўшы, годна ласкай сваёй узнагародзіў.

Былі два spectaculo на рынку, на адным было шмат паняў і паненак, на другім – суддзі і сам гетман. Там наперад сем пар з коп?ямі ўз?ехаўшы, за тарчамі на вастрыё досыць выбітна і мужна ганілі: а асабліва людзі гетмана з некаторымі дваранамі каралеўскімі: як наперад Вацлаў Падгарэцкі, Павел Рацка, Анджэй Груздзецкі, Якуб Янкоўскі, Стэфан Казімерскі, Станіслаў Горскі, Павел Пястоўскі, Мікалай Рагазінскі, Браніслаў Архоўскі, Марцін Берманскі, Якуб Мілкоўскі, Кшыштаф Праненскі, Ян Добэк, Станіслаў Цінінскі: гэтыя ўсе перад тым па жаўнерску служачы да Масквы, шмат і мужна з непрыяцелем чынілі, а потым прысталі да гетмана і мелі харугвы...75

Пасля завяршэння спаборніцтваў, пачаўся касцюмаваны парад, відавочна арганізаваны як манерыстычнае падражанне старажытнарымскім трыумфам. Гэтае маштабнае відовішча, цалкам лагічнае ў святле пераможнага завяршэння Лівонскай вайны, у якой выдатна зарэкамендаваў сябе сам віноўнік урачыстасцяў Ян Замойскі, было важнай часткай турнірнай праграмы. Персанажамі шэсця з?яўляліся героі антычнай міфалогіі, прадстаўнікі чатырох кантынентаў, экзатычных народнасцяў, алегарычныя постаці і г.д. Не была абдзелена ўвагай і тэма вайны з Масквой: “Князі Слуцкія з сукеніц выехалі разам, [...] на возе ўсю вікторыю маскоўскую паказалі. Ехалі трубачы, за імі, у пазалочаных даспехах, сто рыцараў на конях, потым вазы, на адным быў Полацк, потым Сокал, Веліж, Вялікія Лукі, на чатырох вазах везлі скарбы, тры скрыні [...]”. Такім чынам, урачыстасці 1583 г. уяўляюць выдатны прыклад ператварэння турнірных ігрышчаў у прыдворныя касцюмаваныя “карусельныя” спектаклі.76

Карціна рыцарскіх забаў, у якіх прымалі ўдзел феадалы Вялікага княства Літоўскага, была б няпоўнай без узгадкі пра т.зв. “скачкі за колцам”, вельмі папулярныя ў Еўропе ў другой палове ХVІ ст. Адна з такіх гульняў была праведзена 6 студзеня 1578 г. пад Варшавай, падчас вясельных урачыстасцяў падканцлера кароннага Яна Замойскага з Крыстынай Радзівіл. Захаваліся правілы гэтых практыкаванняў (“Артыкулы”), якія складаліся з чатырнаццаці пунктаў:

“1. Кожны, хто хацеў бы скакаць [за колцам], павінен быць у адпаведным для гэтага ўборы; зброяй, якая б магла б быць прычынай сваркі, ... [ён] не павінен быць забяспечаны.

Прыехаўшы на пляц, на вызначанае для скачак месца, [толькі адзін] раз яго аб?ехаўшы, павінен спакойна стаць на тым канцы, з каторага павінен пачаць скакаць.

Ніхто не павінен скакаць да таго, пакуль яму суддзі не загадаюць.

Хто колца возьме, за кожны раз напішуць яму 6 балаў.

Што ў верхні край колца ўдарыць – 3 балы.

Хто ў ніжні край трапіць – 2 балы.

Хто ў бок колца – левы ці правы – 1 бал.

Хто кап?ём пасуне шнур, на якім колца будзе вісець, губляе ўсе балы, калі б іх перад такой памылкай зарабіў.

А калі б іх не меў, а потым зарабіў роўную з кім-небудзь колькасць балаў, ужо будзе бліжэй да перамогі той, хто такой памылкі не зрабіў.

Калі б у каго выпала нага са стрэмені на скаку, губляе ўсе балы.

У каго адкрыецца галава, губляе ўсе балы.

У каго б кап?ё выпала з рук, альбо ў каго яно зламалася аб зямлю, ці дакранулася [да яе], губляе ўсё балы і потым нічога зусім да скачак не мае (напэўна, не мае права далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах – Ю.Б.)..

Калі б хто-небудзь, напалову перасекшы лінію, спыніў каня з-за няўдалага ўтрымання кап?я, у другі раз [ён] паправіцца не можа, і наогул, той раз ідзе яму на страту [добрага] імя.

Можна будзе таксама кожнаму скакаць з тым кап?ём, якое ён з сабой на пляц прынясе”.77

Напрыканцы разгляду турнірнай традыцыі ў Вялікім княстве Літоўскім можна ўзгадаць пра такі спецыфічны від вайсковых практыкаванняў, спалучаны з практычнымі патрэбамі, як паляванне на буйнога звера. Нездарма Мікола Гусоўскі, апісваючы сістэму падрыхтоўкі да вайны насельніцтва Вялікага Княства ў часы княжання Вітаўта, важнае месца ў гэтай сістэме адводзіць паляванню на зубра. Арганізаванае адпаведным чынам, яно давала магчымасць удасканаліць навыкі валодання усімі відамі зброі. Бягучая жывёла служыла кавалерыстам мішэнню для стральбы з лука і для кідання коп?яў, прычым стрэлы і коп?і пазначаліся спецыяльнымі меткамі з тым, каб у далейшым вызначыць трапнасць і сілу кідка таго ці іншага ўдзельніка палявання. З параненым і аслабленым зверам распраўляліся пры дапамозе зброі блізкага бою, прынцып валодання якой заключаецца ў тым, каб “трапіць і не быць патрапленым”.78 Дзеля гэтага, паводле апісання Гусоўскага, пешы фехтавальшчык хаваўся за дрэва, якое служыла аховай ад тараннага ўдару жывёлы, і выкарыстоўваў разнастайныя ўхіленні ад рагоў і шурпатага языка зубра, якім той мог падхапіць праціўніка і падцягнуць да сябе, адначасова імкнучыся нанесці клінком трапны і моцны ўдар.79

Падобную ж манеру развіцця навыкаў фехтавання ваярамі Вялікага княства Літоўскага апісвае і Герберштэйн: “[Жадаючым папаляваць на бізонаў трэба валодаць вялікай сілай, спрытам і хітрасцю.] Выбіраецца зручнае для палявання месца, дзе дрэвы [былі б аддзелены адно ад аднаго патрэбнымі прамежкамі і] мелі б ствалы не надта тоўстыя [каб іх можна было абысці кругом, але] і не маленькія [так каб за імі мог схавацца чалавек]. Ля гэтых дрэў па аднаму размяшчаюцца паляўнічыя, і калі падняты сабакамі, якія пераследуюць яго, бізон выганяецца на гэтае месца, то шмкліва кідаецца на таго з паляўнічых, які выступіць (з-за дрэва) першым. Хаваючыся за дрэвам, ён коле звера, як толькі можа, рагацінай, але бізон не падае нават і ад шматлікіх удараў, а ўсё больш і больш разпаляецца лютасцю, трасучы не толькі рагамі, але і языком, які ў яго настолькі шурпаты і цвёрды, што, ледзь зачапіўшы вопратку паляўнічага, ён ужо (можа) затрымаць і падцягнуць яго – і тады звер пакідае чалавека не раней, чым заб?е яго. Калі ж паляўнічы жадае адпачыць [стаміўшыся бегаць вакол дрэва і калоць звера], то кідае яму чырвоную шапку, на якую той з лютасцю накідваецца [з капытамі і рагамі]. Калі звер не дабіты і іншаму (паляўнічаму) трэба будзе ўступіць у такое змаганне [што бывае неабходным, калі яны хочуць вярнуцца цэлымі], то ён лёгка можа выклікаць на сябе звера, пракрычаўшы хоць раз гучным голасам: лю-лю-лю”.80

Паляванне на буйную жывёлу было вельмі папулярным сярод феадальнай арыстакратыі, у тым ліку сярод вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, прычым апошнія з гэтай мэтай спецыяльна выязджалі на землі Вялікага Княства. Так, напрыклад, паляванне з?яўлялася, разам з гульнёй у шахматы, любімай формай адпачынку Вітаўта.81 Ягайла, літвін па паходжанню, таксама надаваў шмат увагі “улюблёным забавам паляўнічым”, прычым нават будучы ўжо ў сталым веку. Хроніка Длугаша фіксуе падобныя забавы караля практычна падчас кожнага яго прыезда ў Літву – у 1411, 1415, 1417, 1418, 1423-1424, 1426 гг. і г.д.

У шэрагу выпадкаў падчас палявання назапашваліся вялікія запасы мяса для забеспячэння шматлюдных урачыстасцяў і нават для правядзення буйных ваенных кампаній. Так, Ягайла, палюючы на працягу васьмі дзён 1409 г. каля Белавежа, “здабыў шмат лясных звяроў і, засаліўшы іх у бочках, пераслаў іх па Нараву і Вісле ў Плоцк”. У далейшым гэтае мяса спажывалася літвінскім і польскім войскам падчас вайны з Тэўтонскім ордэнам 1410 г. У 1423 г. Ягайла выехаў на Літву, “дзе цэлую зіму правёў, забаўляючыся толькі ловамі і назапашваннем дзічыны ў такой колькасці, каб на прызначаную ўрачыстасць каранацыі [яго жонкі Зоф?і Гальшанскай] для запрошаных гасцей і прыбываючых асоб хапіла”. Мяса, здабытае Ягайлам у ходзе палявання у 1426 г., было засолена і разаслана каралеве Зоф?і, арцыбіскупам, біскупам, ваяводам і панам польскім, сілезскім князям, кракаўскай капітуле, магістрам і дактарам кракаўскай школы, райцам кракаўскага магістрата.82

Вялікую схільнасць да палявання выказваў Жыгімонт Аўгуст, які падчас свайго побыту ў Літве шмат часу аддаваў гэтай забаве. Так, у 1546 г. ён правёў на ловах ажно 223 дні! У студзені гэтага года ў Белавежскай пушчы была наладжана вялікая аблава на зуброў. У выніку яе толькі ў Кракаў было выслана 35 бочак дзічыны, а больш за дзесяць бочак атрымаў познаньскі кашталян.

Паляванне на буйнога звера, асабліва на зубра, не толькі дазваляла атрымаць навыкі абыходжання са зброяй і запасы мяса. Яно з?яўлялася і выдатным відовішчам, якое, раз-пораз, абстаўлялася з такой жа пышнасцю, як і турнірныя гульні. Для гледачоў узводзіліся спецыяльныя трыбуны, на якіх засядалі і асобы самага высокага рангу. Мікола Гусоўскі апісвае выпадак, калі спецыяльны памост, на якім сядзелі прадстаўнікі вялікакняжацкага двару, ледзь не быў знесены раз?юшаным зубрам, што магло б скончыцца калецтвам і нават смерцю членаў вялікакняскай сям?і.

У цэлым можна адзначыць, што баявыя практыкаванні, набліжаныя да еўрапейскіх турніраў, узніклі на землях, якія ўваходзілі ў розныя часы ў склад Вялікага княства Літоўскага, даволі рана. Аднак свайго піка турнірная практыка ў класічным разуменні гэтага слова дасягнула тут у ХV і асабліва ХVІ ст. Гэты працэс адбываўся ў рамках станаўлення прыдворнай традыцыі, агульнай з суседняй і саюзнай Польшчай, з якой Вялікае Княства знаходзілася ў дынастычнай і персанальнай уніі. Росквіт турніраў пры каралеўскім і вялікакняскім дварах Ягелонаў і іх бліжэйшых пераемніках праявіўся не толькі ў рэгулярнасці правядзенні тут рыцарскіх забаў, але і ў іх асартыменце, які, прынамсі ў ХVІ ст., быў такі ж самы, як у краінах Заходняй Еўропы.