Сынтэза беларускае гісторыі (Паводле праф. М. Доўнар-Запольскага)
Сынтэза беларускае гісторыі
(Паводле праф. М. Доўнар-Запольскага)
Хто з беларусаў, хоць крыху знаёмы з досьледамі над роднай гісторыяй, не спатыкаўся з прозьвішчам праф. Доўнар Запольскага, вялікім i дарагім ня толькі для беларускага гісторыка, але наагул для кожнага беларуса! Праф. Доўнар-Запольскі — гэта запраўды нашая гордасьць. Працы яго, прысьвечаныя гісторыі Беларусі ад найдаўнейшых часоў, ведамы загранічнаму навуковаму сьвету. Няўтомны працаўнік, праф. Доўнар-Запольскі выпусьціў у сьвет шмат капітальных працаў у мове расейскай i беларускай аб сваёй бацькаўшчыне — Беларусі. Але ня толькі ў гэтым зьмяшчаецца яго заслуга ў беларускай гісторыі, як навуцы. Шмат хто з ведамых гісторыкаў пісаў аб мінуўшчыне Беларусі, аднак значэньне ix ёсьць куды меншае. Заслуга праф. Доўнар-3апольскага галоўная ў тым, што ён першы палажыў фундамэнты сынтэзы беларускай гісторыі i вывеў асновы яе будучага прыгожага будынку. Бязупынныя студыі над мінуўшчынай свайго народу дазволілі праф. Доўнар-Запольскаму дасканальна апанаваць гістарычны матарыял i зірнуць, калі так скажам, з птушынага ўзьлёту на беларускую мінуўшчыну. Белаpускім гісторыкам астаецца толькі ісьці шляхам, паказаным праф. Доўнар-Запольскім. Ясна, што гэты шлях патрабуе яшчэ ачысткі, магчыма, што ў некаторых мясцох яго трэба будзе выпраставаць, але кірунак яго ёсьць ужо азначаны. А гэта самае галоўнае.
Гэтая сынтэза нашае мінуўшчыны выражана ў працы паважанага прафесара «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», хоць думкі скондэнсаваныя ў ёй ня трудна знайсьці ўва ўсіх яго працах манаграфічных.
Пазнаёмімся із зьместам разгляданай працы. На пачатку трэба зацеміць, што праца гэта зьявілася ў пэрыяд расейскай рэвалюцыі, калі ўсе народы б. расейскай імпэрыі, а ў ix ліку i беларусы, імкнуліся да збудаваньня собскае гаспадарственнасьці, калі паўставалі Польшча, Латвія, Літва, Чэхаславаччына i іншыя новыя дзяржавы. Вось-жа праф. Доўнар-Запольскі падаў гістарычныя асновы да будаванай тады ў Менску беларускае гаспадарственнасьці i адначасна выказаў i свой пагляд на беларускую гісторыю, даючы яе кароткі сынтэтычны агляд.
Спыніўшыся над этнографічным абшарам, займаным беларускім народам, праф. Доўнар-Запольскі кажа: «Беларуская нацыянальнасьць шчыльна жыве на гэтым абшары, a ў яе асяродзьдзі як кроплі спатыкаюцца іншыя нацыянальнасьці, згрупаваныя пераважна ў гарадах і мястэчках, і прадстаўляючыя сабой наплыўшы элемэнт».
Гаворачы як бы аб прычыне, выклікаўшай яго працу, праф. Доўнар-Запольскі кажа: «Нярэдка чуюцца як бы няпэўныя і сумліўныя галасы, ці беларуская нацыянальнасьць можа тварыць асобнае самастойнае гаспадарства, або, прынамся, увайсьці як фэдэратыўная частка ў саюз гаспадарстваў. Гэтыя няпэўнасьці i сумлевы апіраюцца на няведаньні роднай гісторыі і на недастаткавай ацэне культурнае трываласьці беларускага народу».
А далей пераходзячы да сынтэзы нашай гісторыі зацемлівае: «Часам наіўна выказваюць сумлеў, што беларускага гаспадарства ня было. Гэта правільна: пад гэткім назовам гаспадарства ня было, як ня было да паўстаньня гаспадарства італьянскага, бэльгійскага і г. д. Але беларуская нацыянальнасьць прадстаўляе сабой моцна збудаванае гаспадарства із плямёнаў Літоўскай Русі, г. з. тэй часткі Русі, каторую абыймала Літоўскае Княства. I Беларусь, як зараз пабачым, адносна нядаўна згубіла азнакі быўшае сваёй гаспадарственнасьці, моцнай, трывалай, якая адрозьнівалася гэткімі асновамі разьвіцьця, якімі мы можам толькі гардзіцца... Асновы гаспадарственнай самастойнасьці глыбака заложаны ў беларускай нацыянальнасьці і апіраюцца на дзейніках гістарычных, этнографічных, лінгвістычных і эканамічных. Гэтыя дзейнікі захварбоўвалі ўсю гісторыю Беларусі».
Далей праф. Доўнар-Запольскі выказвае пагляд, які ўсё больш здабывае прыхільнікаў у навуцы, што: «Беларусы зьяўляюцца амаль адзіным славянскім племенем, за выняткам хіба палякаў, якое здаўна жыве ў сваёй старонцы, ніскуль сюды ня прыходзіла і ня ўбрала ў сябе чужых элемэнтаў. Дзеля гэтага беларусы паводле гістарычных і этнографічных асаблівасьцяў зьяўляюцца найбольш чыстым славянскім племенем».
Гэтым самым праф. Доўнар-Запольскі адкідае пагляд аб прыходзе беларускіх плямёнаў з «агульна-славянскай» або «агульнарускай» прарадзімы. Гаворачы аб асноўнай рысцы ў вадношаньні беларусаў да свае гаспадарственнасьці ў мінуўшчыне, аўтар кажа: «Імкненьне да гаспадарственнай самастойнасьці, уменьне бараніць гэтую самастойнасьць, імкненьне да свабоднага дэмакратычнага ладу, зьяўляюцца аснаўной рыскай гістарычнае мінуўшчыны беларускага народу. I мы ня ведаем другога славянскага племені, у якога-б гэтая рыска натолькі яўна праяўлялася, як у нашых продкаў».
Гэта вельмі важная агульная тэза, да якой праф. Доўнар-Запольскі дайшоў у сваіх студыях. У далейшых разважаньнях праф. Доўнар-Запольскі робіць памылку, калі вылічае Крывічоў, Дрыгавічоў i Радзімічаў, як беларускія плямёны, а не ўспамінае аб Вяцічах i Северанах. Але тады, калі аўтар пісаў разгляданую працу, ня было яшчэ досьледаў праф. Растаргуева i інш., даказаўшых беларускасьць гэтых плямёнаў. Ідучы-ж за навейшымі працамі, беларускія гісторыкі павінны абняць сваім зацікаўленьнем Севершчыну і, зразумела, Пскоўшчыну, як заселеную Крывічамі. З гледзішча гістарычнага разьвіцьця беларускае гаспадарственнасьці праф. Доўнар-Запольскі разрозьнівае пачаткава існаваньне трох самастойных беларускіх гаспадарстваў: Полацкага, Смаленскага, i Турава-Пінскага, падчырківаючы, як характэрную азнаку, існаваньне ў Полацку асобнай ад кіеўскай дынастыі — Рогваладавічаў. Пераходзячы да гэнэзы — Вялікага Княства Белар.-Літоўскага, праф. Доўнар-Запольскі адкідае распаўсюджаную тэорыю аб г. зв. «літоўскіх падбоях», паводле якой Вялікае Княства было збудавана шляхам падбою этнографічна-літоўскім элемэнтам беларускіх гаспадарстваў: «Гэтак гістарычная навука рашуча зьбівае ўсе азнакі заваяваньня беларускіх земляў літоўскім князем».
Працэс злучэньня беларускіх земляў адбываўся дабравольна — шляхам умоваў, або жанімства князёў. Выказаная тут думка нязвычайна характэрная i сьмелая. Але апошнія досьледы ў поўнай ступені яе пацьвярджаюць. Архэолёгічныя раскопкі ў Горадні, ведзеныя польскім архэолёгам Ёдкоўскім (Jodkowskim) пацьвярджаюць, што існавала магутнае беларускае горадзенскае княства над Нёманам, якое было ў сутычньсьці з беларускім Наваградкам. У гэтых княствах паўстаў новы беларускі цэнтр, зь якім злучыліся на аснове шырокае фэдэрацыі іншыя беларускія гаспадарствы, творачы адну дзяржаву.
Праводзячы далейшую сынтэзу, праф. М. Доўнар-Запольскі паклікаецца на цэлы рад аргумэнтаў, якія даказваюць беларускі характар новага гаспадарства. Аргумэнты гэтыя мы абмінаем, бо яны ёсьць агульна ведамыя ўсім, хто хоць павярхоўна знаёмы з нашай гісторыяй.
На прыкладах Казіміра, Аляксандра, Жыгімонта Казіміравіча, Жыгімонта Аўгуста праф. Доўнар-Запольскі апірае сваю тэзу, што i палякі выбіралі нашых гаспадароў сваімі каралямі i што гэта пэрсональная вунія ні ў чым не нарушала сувэрэннасьці Вялікага Княства. Не нарушала гэтай сувэрэннасьці i Люблінская вунія 1569г., бо гэта быў дагавор роўных з роўнымі.
Прычыны заняпаду беларускай гаспадарственнасьці праф. Доўнар-Запольскі бачыць у Берасьцейскай рэлігійнай вуніі 1595 г., якая прынясла ў Беларусь рэлігійную вайну. Гэта вайна нішчыла ўсе сілы народу. Побач з гэтым пачаліся польскія ўплывы на беларускую шляхту i магнатаў. Гандаль і прамысловасьць заняпалі, сялянства, дзякуючы ўзросту шляхоцкіх прывілеяў, трапіла ў поўную залежнасьць ад паноў. Беларуская мова ўступала паступова месца польскай або лацінскай.
Аднак, калі вышэйшыя слаі насельніцтва паддаваліся полёнізацыі, дык сялянства i ў значнай ступені мяшчанства ўпорыста баранілі свайго права на самастойнае рэлігійна-нацыянальнае жыцьцё.
Калі Беларусь трапіла пад Расею, у ёй пачалі ўвадзіцца расейскія парадкі. Расейскі рэжым змагаўся з палітычнымі ўплывамі апалячанай шляхты, палітыкуючым каталіцызмам, аднак, кажа праф. Доўнар-Запольскі: «Гэта барацьба вялася няўдала, груба i несыстэматычна. Расейскі ўрад амаль да 60 гадоў дрэнна разумеў, што ён мае справу з беларускім краем. Ён не дагадваўся, ды па сутнасьці кірунку сваёй палітыкі і ня мог апёрціся на дэмакратычныя элемэнты: на сялянства i мяшчанства. Дзеля гэтага, як ня дзіўна, полёнізацыя i пад Расеяй мела вялізарныя поступы, бо расейскі ўрад пасьпеў адтаўкнуць ад сябе ўсе тыя элемэнты, якія адзначаліся беларускім нацыянальным духам». Гэткая палітыка зьнеахвоціла да сябе беларусаў і таму яны, імкнучыся да вызваленьня ад расейскага рэжыму, прыймалі актыўны ўдзел у паўстаньнях 1831 i 1863 гадох. Характарызуючы асновы гаспадарственнага i сацыяльнага ладу Беларусі, праф. Доўнар-Запольскі піша гэтак «Найдаўнейшы пэрыяд гісторыі Беларусі характарызуецца панаваньнем дэмакратычных ідэяў у сацыяльным і гаспадарственным ладзе. Найвышэйшую ўладу мела веча, якое выбірала князёў. Клясавага падзелу ня было, панавала ідэя роўнасьці».
Гэткі парадак існаваў да пачатку XVI ст., калі дыфэрэнцыяцыя сацыяльных клясаў, ішоўшая з Польшчы i этнографічнай Літвы, падзяліла і беларускае грамадзянства на тры клясы: шляхту, мяшчанства i сялянства. Гаспадарственны лад Беларуска-Літоўскае дзяржавы праф. Доўнар-Запольскі характарызуе, як рэспубліканскі, з выбіраным на ўсё жыцьцё прэзыдэнтам, званым вялікім князем, гаспадаром. Гэты лад вытварыўся шляхам эволюцыі даўнейшага вечавога парадку. На гэтыя дэмакратычныя парадкі Беларусі зьвярнуў вялікую ўвагу расейскі рэжым. У б. расейскай імпэрыі ня было правінцыі, да якой урад аднасіўся-б гэтак варожа, як да Беларусі. Расейскі ўрад зьліквідаваў дасюлешняе школьніцтва i ўзамен фактычна ня даў нічога. Гэткія меры расейскага ўраду спрычыніліся да далейшае полёнізацыі беларускае інтэлігенцыі, бо ўсе выдатнейшыя адзінкі, якія імкнуліся да палітычнае свабоды, далучаліся да польскага руху, скуль чакалі хутчэйшага вызваленьня. Пагардліва адносячыся да сялянства i мяшчанства, расейскі рэжым не даваў магчымасьці да разьвіцьця нашай інтэлігенцыі. Тым, што выходзілі з гэтых чыста беларускіх клясаў, не давалі працы ў краі, а высылалі ў глыбіню Расеі. У Беларусь наплывалі вялікарускія ўрадоўцы. Змагаючыся з беларускай культурай i яе прадстаўнікамі, расейскі ўрад інстынктыўна або i сьведама разумеў самастойнасьць гэтай культуры i баяўся яе.
А запраўды, з культурнага гледзішча беларуская нацыянальнасьць — кажа паважаны аўтар — можа з гордасьцю ўспамінаць сваю мінуўшчыну. Праф. Доўнар Запольскі вылічае вялікіх прадстаўнікоў беларускай культуры, пачынаючы ад XII ст., у галіне асьветы, літаратуры, права, над чым мы ня будзем спыняцца, бо гэтая квэстыя ёсьць ведамай шырэйшаму беларускаму грамадзянству i ня толькі беларускаму. Рэлігійнае змаганьне аслабіла, праўда, разьвіцьцё самабытнай беларускай культуры, але, кажа аўтар: «Важна тое, што беларускі народ перанёс гэту пару змаганьня і ў значнай ступені гарады ды ўсе сялянства асталіся вернымі сваёй нацыянальнасьці. Брацтвы далі вытрывалы прыклад змаганьня за сваю нацыянальнасьць. Яны абаранілі беларускую культуру, літаратуру, асьвету і беражна давялі нацыянальныя традыцыі, пачуцьцё нацыянальнае самабытнасьці да пачатку XIX ст., калі рэлігійная барацьба згубіла свой сэнс». Беларуская культура на працягу навейшай сваёй гісторыі мела шмат стратаў, узбагачваючы польскую i расейскую. Касьцюшка, Сыракомля, Крашэўскі, Адам Міцкевіч (дададзём ад сябе — Дастаеўскі) — гэта па паходжаньню беларусы, якія працавалі на карысьць чужых культур. Ідэя беларускага адраджэньня набрала асаблівага размаху ад 80 гадоў мінулага стагодзьдзя, ня гледзячы на вялізарныя перашкоды з боку ўлады. Адрадзілася беларуская літаратура, ідэя беларускае гаспадарственнасьці. Усё гэта паказвае «на жывучасьць беларускай нацыянальнасьці».
У канцы сваёй працы праф. Доўнар-Запольскі, сумуючы выснавы, кажа, што гісторыя беларускага народу ёсьць бліскучым доказам існаваньня яго гаспадарственнай самастойнасьці, яго вырабленай стагодзьдзямі культуры, літаратуры, этнографічнай i языковай апрычонасьці. Упорыстае-ж змаганьне беларускага народу за сваю нацыянальнасьць сьведчыць аб жывучасьці, пругкасьці i здольнасьці яго да ўсебаковага разьвіцьця.
Гэтак выглядае сынтэза беларускай гісторыі паводле глыбокага яе дасьледчыка праф. М. Доўнар-Запольскага. Апрача ўспомненых вышэй засьцярогаў, да яе нічога ня можна дадаць. З прыемнасьцю трэба толькі адцеміць, што беларускія гісторыкі ў сваіх досьледах пайшлі па шляху паказанаму гэтым вялікім нашым вучоным, якога справядліва можна назваць бацькам беларускае гісторыі, як навукі.
Карыстаючыся з аказіі, падаём, што Мітрафан Доўнар-Запольскі да расейскае рэвалюцыі быў прафэсарам Кіеўскага Унівэрсытэту імя сьв. Ўладзіміра, a калі ў БССР у Менску паўстаў Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт, ён перанёсься сюды. Аднак, калі ў БССР пачалася русыфікацыя, маскоўскія ўлады высялілі яго з Беларусі. У вапошніх гадох Масква загадала перачыркнуць дасюлешнія працы беларускіх гісторыкаў, як шкодныя. Гісторыю Беларусі маюць напісаць маскоўцы, або іхнія найміты, у якой мае быць даказана, што беларускі народ толькі тады пачаў «шчасьліва» разьвівацца, калі трапіў пад Расею. Гэтае «шчасьлівае» разьвіцьцё ён заўдзячвае апецы «старэйшага брата» — вялікага расейскага народу. Аб гэтых новых «асновах» да гісторыі Беларусі шырака піша між іншым «Літаратура i мaстацтва». Гэта новая «гісторыя» Беларусі павінна зьмясьціцца ў рамах агульна-расейскае гісторыі i мае быць доказам адзінасьці імкненьняў народаў СССР, а так жа палітычнае i культурнае перавагі «старэйшага брата»—расейскага народу. Аляксандра Неўскі, цар Іван ІІІ, Петра І маюць быць i героямі Беларусі.
Гэтак мае быць «перароблена» наша гісторыя, каб быць у згодзе з камуністычна-расейскай палітычнай доктрынай. Трэба адзначыць, што нават царскі рэжым не адважваўся на падобны цынізм.