Слова пра Міколу Шкялёнка — гісторыка й палітыка

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Слова пра Міколу Шкялёнка — гісторыка й палітыка

Беларускі юрыст, гісторык, публіцыст, культурны й палітычны дзеяч Мікола Шкялёнак нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Пякоціна (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласьці). Бацька яго Восіп і маці Аляксандра мелі каля трыццаці гектараў зямлі.

У іх сям’і, апрача Міколы, было яшчэ двое сыноў — Пётр (1902-1977) і Павал (1903-1928?). Але добрую адукацыю Восіп і Аляксандра Шкялёнкі змаглі даць толькі старэйшаму сыну Міколу.

У 1932 годзе ён скончыў юрыдычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту па спэцыяльнасьці адвакат. У час вучобы прымаў актыўны ўдзел у беларускім маладзёвым руху. Ён зьяўляўся сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу (БСС), які існаваў пры Віленскім Унівэрсытэце. 26 кастрычніка 1926 г. на агульным сходзе БСС яго выбіраюць старшынёю, а таксама прызначаюць рэдактарам „Студэнцкай думкі” — перыядычнага органу беларускага студэнцкага руху.

На пачатку 1930-ых гадоў Мікола Шкялёнак працуе адвакатам у Вільні, зьяўляецца сябрам Беларускага Навуковага Таварыства (БНТ). А 12 лютага 1939 г. яго выбіраюць сакратаром таварыства. Актыўна выступае з рэфэратамі, прысьвечанымі мінуўшчыне Беларусі. Чытае лекцыі сярод актывістаў беларускага студэнцкага „Таварыства Прыяцеляў Беларусаведы”, зьяўляецца сябрам рэдакцыйнай калегіі часопісу „Калосьсе”. Друкуе свае гістарычныя артыкулы ў „Запісах Беларускага Навуковага Таварыства”, заходнебеларускіх часопісах. У гэты час з-пад пяра таленавітага гісторыка выходзяць яго выдатныя працы: „У трохсотыя ўгодкі сьмерці Вялікага канцлера Льва Сапегі”(1933), „Копныя суды”(1932), „Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды”(1938), „Культурнае рабства”(1939) і іншыя. Тагачасныя беларускія крытыкі даволі станоўча ацэньвалі яго гістарычныя артыкулы й выступленьні. Так, напрыклад, Сяргей Паўловіч у другім нумары часопісу „Беларускі летапіс” за 1938 год пісаў: „Асаблівую ўвагу заслугоўвае артыкул гр. М. Шкялёнка: „Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды”. Дасюль у гісторыі Беларусі адзначалі такіе пэрыёды: полацкі, літоўска-беларускі, польскі й расейскі, ня лічучы апошняга 20-годзьдзя. Гр. Шкялёнак паддае крытыцы гэты падзел і, выходзячы з пагляду, што падставай для падзелу на пэрыёды павінны быць ня вонкавыя „пераломныя” моманты ў палітычнай сувязі ці прыналежнасьці да таго ці іншага гаспадарства, а глыбейшыя перамены ў суцэльнасці палітычнага, соцыяльнага й культурнага жыцьця народу, прапануе падзяліць гісторыю Беларусі на наступныя тры пэрыёды: 1) Пэрыёд асобных гаспадарстваў ад IX да паловы ХIII ст., 2) Пэрыёд суцэльнае гаспадарсьцьвеннасьці ад паловы ХIII да канца ХVII ст. і да апошняга часу. З гэтых, першыя два пэрыёды абыймаюць Беларусь незалежную, з тэй розьніцай, што ў першым пэрыёдзе незалежнасьць беларускага народу існавала пры нястачы суцэльнага гаспадарства.

Такая трактоўка пытаньня зьяўляецца новай і арыгінальнай у беларускай гістарычнай навуцы, і работа гр. Шкялёнка павінна легчы ў выснову далейшых студыяў нашых гісторыкаў...”.

Апрача культурна-асветніцкай дзейнасці, Мікола Шкялёнак актыўна займаўся і палітыкай. Дзесьці ў 30-ых гадах ён служыць у Польскім Войску. Праўда, пра гэта нідзе не згадваецца, хіба што ва ўспамінах Юліяны Вітан-Дубейкаўскай: „У нашай хаце на Падгорнай (маецца на ўвазе ў Вільні — С.Ч.) знайшлі прыпынак і мая сям’я (братавая з дачкой і ўнучкай), і добрыя прыяцелі. Мілым госьцем быў прафесар Вацлаў Іваноўскі, як і праўнік Мікола Шкялёнак, які вярнуўся з польскага войска ў Вільню, але ня мог жыць у сваёй жонкі, бо там яго ўжо шукалі, гэтак ён хаваўся ў нас. Ягоная жонка, зь якой я была ў вялікай прыязьні, яго наведвала. Потым ён уцёк у Нямеччыну”[1].

Але перш чым уцячы ў Нямеччыну, Мікола Шкялёнак у 1936 годзе далучаецца ў Вільні да ксяндза Вінцэся Гадлеўскага й становіцца адным з заснавальнікаў групы „Беларускі Нацыянальны Фронт”. Ён уваходзіць у штат рэдакцыі „Беларускі фронт” (з мая 1936 г. газэта выходзіла адзін раз у месяц, а з 1939 года — два разы ў месяц).

Сябры групы „Беларускі Нацыянальны Фронт” (БНФ) стаялі на аснове незалежнасьці Беларусі, выступалі супраць антыбеларускай дзейнасьці камуністаў, зьяўляліся ініцыятарамі стварэньня шырокага незалежніцкага фронту. Але адчуваючы, што хутка бальшавікі забяруць Вільню, ксёндз Вінцэсь Гадлеўскі прапануе сябрам незалежніцкай групы плян адыходу ў Варшаву, каб там стварыць новы незалежніцкі цэнтр. 15 чэрвеня 1940 году Вінцэсь Гадлеўскі й Мікола Шкялёнак нелегальна пераходзяць мяжу ў розных месцах. Праз пэўны час яны сустракаюца ў Варшаве. Праўда, некаторыя прадстаўнікі БНФ засталіся ў Заходняй Беларусі, каб ва ўмовах савецкай акупацыі арганізоўваць і пашыраць вызваленча-незалежны рух.

У Варшаве сябры групы „БНФ” адразу ўзяліся за працу, за арганізацыю новага цэнтра, каб ахапіць сваёй дзейнасьцю некаторыя краіны Эўропы. Мікола Шкялёнак накіроўваецца ў Бэрлін. Прыехаўшы ў гэты горад, ён пачынае актыўную палітычную дзейнасьць. Найперш працуе ў беларускай газэце „Раніца”, а з сакавіка 1942 году яго выбіраюць галоўным рэдактарам гэтай газэты. У „Раніцы” Мікола Шкялёнак друкуе свае гістарычныя артыкулы „Да метадалогіі гісторыі Беларусі”, „Тэрыторыя і дагістарычныя насельнікі Беларусі”, „Перыядызацыя гісторыі Беларусі”, „Беларусь — Літва — Крыўя” і іншыя. Дарэчы, у “Раніцы” ён надрукаваў і першыя вершы Ларысы Геніюш.

Жывучы ў Бэрліне Мікола Шкялёнак арганізоўвае Беларускі Камітэт Самапомачы ў Нямеччыне, становіцца яго першым старшынёй.

У лютым 1943 году Мікола Шкялёнак прыязджае ў Менск, дзе рэдагуе бюлетэнь „Беларуская карэспандэнцыя”. А пасьля забойства галоўнага рэдактара „Беларускай газэты” Уладыслава Казлоўскага, становіцца яе рэдактарам. Аб гэтым добра ўспамінае Натальля Арсеньнева ў сваім „Аўтабіяграфічным нарысе”: „Прыйшоўшы дахаты, я сказала аб гэтым (аб забойстве Уладыслава Казлоўскага — С.Ч.) Шкялёнку (ён пэўны час тады жыў у сям’і Натальлі Арсеньневай і Францішка Кушаля — С.Ч.), які таксама ў гэты дзень раней вярнуўся з працы, і папрасіла яго дапамагчы мне выдаць наступны нумар, тым болей, што шмат матэрыялаў я мела ў сябе, а пераклады можна было заўсёды зрабіць зь нямецкіх газэтаў, якія таксама былі ў хаце. Шкялёнак, вылаяўшыся па адрасам некаторых нашых мужчынаў з рэдакцыі, прызнаў мне рацыю, і, павячэраўшы, мы селі за працу. Працавалі мы да трэцяй гадзіны ночы, але газэту зрабілі.

Назаўтра ўвесь матар’ял быў перабіты на машынцы, і сын мой, які таксама працаваў у нашай рэдакцыі, завёз яго ў друкарню на Камароўку. У сераду газэта выйшла, як заўсёды. Трэці паверх нашае рэдакцыі быў замкнёны. Працавала толькі адміністрацыя і экспедыцыя ўнізе. Я й Шкялёнак перанесьліся ў Камісарыят, дзе было бясьпечна й можна было спакойна працаваць. І так неяк само склалася ад гэтага часу, што рэдактарам газэты стаўся Шкялёнак, а „падрэдактарам” — я”.

Але Мікола Шкялёнак больш за ўсё быў заняты не рэдагаваньнем „Беларускай газэты”, а палітычнымі справамі. У створанай у Менску Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), ён займеў пасаду першага віцэ-прэзыдэнта. “Як толькі была аформлена БЦР, — успамінае Яўхім Кіпель у сваёй кнізе „Эпізоды” (Нью-Ёрк, 1998), — прыкладна ў студзені 1944 году, я, памятаю, гутарыў са Шкялёнкам.

— Мікола, што ж будзем рабіць далей? Рада назначаная, але нашае становішча невыразнае, нешта трэба рыхтаваць далей.

На гэта Шкялёнак адказаў прыблізна так:

— Трэба склікаць Народны Сход, трэба выстаўляць прынцып незалежнасьці.

Праз пару тыдняў мы зноў сабраліся, гэтым разам да нас далучыліся Ю. Сабалеўскі ды Ф. Кушаль. Сабалеўскі сказаў, што і Астроўскі думае пра сход, а Кушаль проста гаварыў: мы павінны мець зусім незалежнае ад немцаў камандаваньне, бо яны стрымліваюць нашу працу. Прыблізна да канца студзеня 1944 году ідэя Другога Ўсебеларускага Кангрэсу (менавіта так мы вырашылі назваць сход), абнародаваньня БЦР у вузкім коле беларускіх актывістаў Менску была сфармуляваная. Праўда, Астроўскі мне й Шкялёнку неяк зазначыў: трэба быць асьцярожнымі, бо немцам на нас паступілі даносы, што мы ў змове. Ясна, гэта былі правакацыі, але ў тым часе немцы, церпячы паразы на фронце, былі вельмі насьцярожаныя і пастраляць змоўцаў ім нічога ня значыла. Дзеля гэтага мы пачалі весьці абмеркаванне нашых планаў толькі ў прыватных памяшканьнях”[2]. .

Другі Ўсебеларускі Кангрэс адбыўся ў Менску 27 чэрвеня 1944 году. З асноўным дакладам, які называўся „Аб прызнаньні за няважныя пастановы ўраду СССР і былой Польшчы, якія датычацца Беларусі, яе тэрыторыі і народу” выступіў Мікола Шкялёнак. Ён, у прыватнасьці, сказаў, што „усе пастановы й трактаты ўрадаў СССР і былой Польскай дзяржавы адносна Беларусі й ейнага народу рабіліся бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу й былі накіданыя Беларусі гвалтам чужынцаў. Беларускі народ ніколі не ўважаў іх за акты права, але за акты чужацкага паняволеньня. У сучаснасьці вайна зьмяла з Беларусі ранейшыя польскія і бальшавіцкія дзяржаўныя парадкі і дала магчымасьць стварэньня новага ладу, пры якім беларускі народ хоча быць суб’ектам права. Аднак як урад СССР, так і польскі эміграцыйны ўрад у Лёндане імкнуцца зьвярнуць сваё ранейшае панаваньне на Беларусі, паклікаючыся на свае ранейшыя дагаворы. Таму Другі Ўсебеларускі Кангрэс павінен на ўвесь сьвет заявіць аб сапраўдных жаданьнях і волі беларускага народу.

Крыніцамі расейска-польскіх прэтэнзіяў да Беларусі ёсьць звычайнае захопніцтва і гвалты. А вынікам іхняга панаваньня на Беларусі зьяўляюцца нязьлічоныя шкоды для беларускага народу ў палітычнай, культурнай і гаспадарчай галінах. Разгром Беларускай Народнай Рэспублікі, падзел Беларусі паміж Савецкай Расеяй і Польшчай трактатам у Рызе 1921 годзе былі актамі супольнага гвалту расейскіх пралетараў й польскіх паноў. Такім самым гвалтам была акупацыя Заходняй Беларусі савецкімі арміямі ў 1939 годзе. Цынічнае санкцыянаваньне гэтага гвалту праз галасаваньне бязвольнага Народнага Сабраньня ў Беластоку ня можа зьмяніць сутнасці насільля. Мы адкідаем назаўсёды усе ланцугі чужацкай няволі і адмаўляем ім у праве дзеіць ад імя беларускага народу…”[3]. Скасаваньне савецкіх і польскіх трактатаў адносна Беларусі — такая была галоўная думка выступленьня Міколы Шкялёнка на Кангрэсе.

Праз некалкі дзён пасьля Кангрэсу беларускі палітык пакідае Менск і вяртаецца ў Бэрлін. Ён па-ранейшаму ўваходзіць у палітычнае кіраўніцтва БЦР, ажыцьцяўляе сувязі з прадстаўнікамі Беларускай Незалежніцкай Партыі, найперш з маладым Усеваладам Родзькам і яго сябрамі.

У Бэрліне Мікола Шкялёнак плянуе перайсьці на бок англя-амэрыканскіх войск, але перадумаўшы, вясною 1945 году, ён зь невялікаю групаю перабіраецца на тэрыторыю Польшчы, каб адтуль пасьля вярнуцца ў Беларусь. Але плянам яго збыцца, на вялікі жаль, не ўдалося. Па ўказцы аднаго з правакатараў, Міколу Шкялёнка высачылі органы НКВД і арыштавалі. Пасьля арышту яго прывезьлі ў Менск, дзе ў 1946 годзе прыгаварылі да вышэйшай меры пакараньня...

Гэта няпоўны жыцьцяпіс славутага беларускага гісторыка ды палітыка Міколы Шкялёнка. Многія факты з яго біяграфіі і творы знаходзяцца яшчэ за „сямю пячацямі”. Тым не менш, сабраная па крупінцы першая згадка пра яго і вязанка лепшых гістарычных артыкулаў і выступленьняў, няхай будзе данінай светлай памяці гэтаму чалавеку, якога ніхто і ніколі не зможа выкрасьліць зь гісторыі нашай Бацькаўшчыны, якую ён адкрываў дзеля сваіх нашчадкаў, ды за волю якой змагаўся і аддаў сваё жыцьцё.

Сяргей Чыгрын