Да мэтодолёгіі гісторыі Беларусі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Да мэтодолёгіі гісторыі Беларусі

Сяньня, калі ўсюды на Беларусі маем многа беларускіх па духу школаў, дамоў культуры й іншых культурных устаноў, у якіх вядзеццца ўзгадаваньне нашага маладога пакаленьня й грамадзянства, трэба зьвярнуць увагу на неабходнасьць адналітага выкладаньня беларускае гісторыі. На жаль, мы ня маем добрага, падручніка, каторы мог-бы выкарыстаць настаўнік, лектар, ці вучань, а які ў даступны спосаб падаўбы ім асноўныя выснавы, да якіх дайшла беларуская гістарычная навука. З гэтага гледзішча вага такіх падручнікаў, як Ластоўскага, Ігнатоўскага, Пічэты й інш. малая, бо гэтыя дасьледчыкі слаба арыентаваліся ў сутнасьці беларускае гісторыі, або былі сьведама змушаны да праводжаньня варожых беларускаму народу тэндэнцыяў. А тым часам адналіты падход да сваёй гісторыі ёсьць для нас пякучай патрэбай. Нельга ні на хвіліну забывацца, што асновай нацыянальнага беларускага сьветагляду будуць студыі собскай гісторыі. Вось-жа, які гэта будзе сьветагляд, калі кожны настаўнік, лектар, будзе праводзіць набытую ў чужой школе, або скампанаваную на собскі спосаб, тэндэнцыю? Ня будзе сумлеву, што ў гэтым прыпадку мы самі сябе адсунем ад таго жарала духовае сілы, якую нам дае наша гісторыя. A гэта было-б вялікім мінусам у нашай сучаснай нацыянальнай працы.

Заданьнем гэтага артыкулу ёсьць прадставіць асноўныя вехі і факты нашага гістарычнага разьвіцьця ў сьвятле беларускіх гістарычных досьледаў. Гэтых тэзаў трэба трымацца, фактычны матарыял можа быць узяты зь першага лепшага падручніка.

1. Паходжаньне беларускага народу

Выясьняючы гэтае пытаньне, трэба ведаць, што паходжаньне беларускага народу ёсьць нячыста славянскае, а мяшанае. Перад прыходам у Беларусь славянскіх беларускіх плямёнаў, яе насялялі ценькай просланьню г. зв. балты, а на поўначы часткава фіны. Гэты субстрат растапіўся ў славянскім беларускім элемэньце, але пакінуў шмат сваіх астачаў так у нашай духовай, як матарыяльнай культуры. Пад напорам беларускіх славянскіх плямёнаў балты часткава падаліся на поўнач, дзе зьмяшаліся зь фінамі й гэткім парадкам паўсталі сяньняшні жмудзкі й латыскі народы. Народу, які мог-бы сяньня ўважаць сябе за прадстаўніка чыстых балтаў, няма. Ды культуры й наагул мінуўшчыны балтаў сяньня маюць прэтэнзіі i беларусы, і жмундзіны, i латышы кажны ў сваім засягу. Калі скончыўся працэс поўнага растапленьня балтаў у Беларусі ў славянскім беларускім элемэньце, сказаць трудна. Аўтар уважае, што канцом яго трэба лічыць канец ХIII ст.

Гаворачы аб беларускіх славянскіх плямёнах трэба да ix залічаць нятолькі крывічоў, радзімічаў i дрыгавічоў, але северанаў, вяцічаў i драўлянаў. Што да першых трох — дык справа ясная, што да северанаў i вяцічаў, дык тут маем нятолькі сьвядоцтва летапісца (радзімічы, северане, вяцічы «один обычай имяху»), але і грунтоўную працу праф. Растаргуева; што да драўлянаў — дык апрача іхняе мінуўшчыны іхнюю беларускасьць сьвярджаюць навейшыя досьледы й між імі ўкраінца Ганцова.